“Голас Расеі” гучаў замест “Эўрапейскага Радыё”
Прадстаўнікі камісіі кажуць, што радыёстанцыя парушыла ўмовы ліцэнзіі. “Балтыйскія хвалі” называюць рашэньне камісіі праявай цэнзуры.
Дырэктар адміністрацыйнай камісіі па радыё і тэлебачаньні Літвы Нэрыюс Малюкавічус паведаміў у інтэрвію нашаму радыё , што “Балтыйскія хвалі” паводле ліцэнзіі зьбіраліся рэтрансьляваць перадачы “Эўрапейскага радыё для Беларусі”, а замест гэтага пачалі рэтрансьляцыю “Голасу Расеі”. За гэта станцыя і атрымала папярэджаньне.
Спадар Малюкавічус падкрэсьліў, што “Балтыйскія хвалі” маюць дазвол на рэтрансьляцыю “Голасу Расеі” на сярэдніх хвалях і бесьперашкодна гэта робяць. Так што праблема, паводле чыноўніка, тычыцца выключна дыяпазону УКХ, на якім рэтрансьляцыя расейскай станцыі для “Балтыйскіх хваляў” не прадугледжаная.
Радыё Кітая трансьляваць можна, “Голас Расеі” – не
Дырэктар “Балтыйскіх хваляў” Рымантас Плейкіс трактуе сытуацыю крыху інакш:
"Гэта пытаньне спрэчнае, бо мы, як рэдакцыя сродку масавай інфармацыі, самі выбіраем, якія праграмы трансьляваць, а якія – не.
Была ідэя трансьляваць перадачы "Эўрапейскага радыё для Беларусі" . Але па тэхнічных прычынах гэтую трансьляцыю арганізаваць не атрымалася, і мы вырашылі ўключыць праз ультракароткахвалевыя перадатчыкі праграму "Голасу Расеі". Камісія палічыла гэта парушэньнем ліцэнзіі, за што вынесьлі нашаму радыё папярэджаньне.
Але праблемы пачаліся пасьля гэтага. Атрымаўшы папярэджаньне, мы зьвярнуліся ў камісію з просьбай дазволіць рэтрансьляцыю перадачаў "Голасу Расеі" і атрымалі ў гэтым адмову.
У нас тры гады існуе дамова з "Голасам Расеі", і мы 8 гадзін у суткі трансьлюем іх перадачы на сярэдніх хвалях. Праблема атрымалася з ультракароткімі хвалямі.
Падчас абмеркаваньня гучалі словы, што гэта расейская прапаганда, што можа быць зроблены кепскі ўплыў на літоўскіх слухачоў. Мы лічым, што ў адносінах да нашай кампаніі быў зьдзейсьнены акт палітычнай цэнзуры.
Шмат фірмаў у Літве трансьлююць расейскія праграмы. Тое, што забаранілі нам – гэта дыскрымінацыя. А другое – можна трансьляваць беларускія праграмы "Радыё Свабода" і "Эўрапейскага радыё для Беларусі", польскага радыё, радыё Кітая мы трансьлюем, а "Голас Расеі" чамусьці нельга”.
Рымантас Плейкіс бачыць палітычную подбіўку ў рашэньні камісіі па вяшчаньні, ён кажа пра падзеі, якія папярэднічалі галасаваньню.
Плейкіс: “5 сьнежня было абмеркаваньне гэтага пытаньня, і падчас яго гучалі словы, што гэта расейская прапаганда, што можа быць зьдзейсьнены кепскі ўплыў на літоўскіх слухачоў. Мы лічым, што ў адносінах да нашай кампаніі быў зроблены акт палітычнай цэнзуры эфіру”.
Камітэт свабоднага друку падтрымаў “Балтыйскія хвалі”
У абарону пазыцыі радыёстанцыі выступіла міжнародная арганізацыя Камітэт свабоднага друку. У адкрытым лісьце, падпісаным выканаўчым дырэктарам камітэту Маркхэмам Бэгчам, гаворыцца, што ў Літве, якая моцна пацярпела ад аўтарытарных мэтадаў кіраваньня, няма безумоўнага разуменьня вальтэраўскага падыходу: “Я ня згодны з вамі, але буда да сьмерці адстойваць ваша права гэтак гаварыць”.
“Калі мы чакаем свабоднага абмену думкамі ў посттаталітарным сьвеце, мы павінны пагадзіцца са свабодай іншых казаць тое, што можа быць непрыемна слухаць”, – гаворыцца ў лісьце Камітэту свабоднага друку.