Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Нямцоў: "Лукашызацыя Расеі"


Госьць ранішняй праграмы Радыё Свабода – расейскі палітык Барыс Нямцоў.

Карэспандэнт: "Першае пытаньне – ацэнка вынікаў выбараў у Дзяржаўную Думу Расейскай Фэдэрацыі".

Нямцоў: "Ну, я так вам скажу - гэта былі самыя нячэсныя, самыя цынічныя і самыя несправядлівыя выбары ў новай Расеі. Гэтыя выбары не прызналі ані ПАРЭ, ані АБСЭ. Паводле стандартаў, яны вельмі блізкія да таго, што арганізоўвалася Лукашэнкам у Беларусі. І Пуцін у гэтым сэнсе мала чым адрозьніваецца ад Лукашэнкі. У часе выбараў былі выкарыстаныя ўсе спэцслужбы, якія ёсьць у Расеі. Былі арыштаваныя сотні нашых актывістаў па ўсёй краіне. Арышт Нікіты Бялых бачыў увесь сьвет. І Беларусь бачыла.

Апрача таго спэцслужбы пуцінскія і МУС арыштавалі мільёны газэт і ўсе агітацыйныя матэрыялы. Пуцін выкарыстаў абсалютна гнюсныя і чорныя піяртэхналёгіі. Былі выкарыстаныя подлыя тэхналёгіі, калі кожную ноч званілі масквічам і ня толькі і патрабавалі ўстаць і імгненна галасаваць за СПС. Ды само галасаваньне было арганізаванае ў абсалютна фальсыфікаваным выглядзе. Я вам магу сказаць, што яўка ў некаторых рэгіёнах як у Паўночнай Карэі. У Інгушэтыі 98 і так далей...

Карэспандэнт: "У Чачэніі больш за 99 працэнтаў..."

Расея - гэта карумпаваная дыктатура на чале з Пуціным
Нямцоў: "99 з паловай працэнтаў. У Інгушэтыі - 98 і так далей... Такі паўночнакарэйскі варыянт. Былі зафіксаваныя шматлікія парушэньні. Яны нават былі зафіксаваныя відэакамэрай. Гэта "піравая" перамога Пуціна. У прынцыпе, ён нічым ад Лукашэнкі ня розьніцца. Гэта ганьба, зразумела. Ніякі ён не нацыянальны лідэр. Таму што ведаеце... на ілжы і цынізьме стаць нацыянальным лідэрам немагчыма”.

Карэспандэнт: "Пракамэнтуйце наагул ідэю "нацыянальнага лідэра" ў фэдэратыўнай краіне"...

Нямцоў: "Гэта ўзьнікла ня ў нас. Гэта ў 33-м годзе ў Нямеччыне ўзьнікла. Слова "фюрэр" узьнікла там у той час. Таксама быў рэфэрэндум адносна паўнамоцтваў для бундэсканцлера. Насамрэч гэта з 30-х гадоў Нямеччыны. Расея - гэта карумпаваная дыктатура на чале з Пуціным".

Карэспандэнт: "Як будзе разьвівацца Расея пасьля гэтых выбараў?"

Нямцоў: "На жаль, абраны такі беларускі сцэнар. Адбываецца "лукашызацыя" краіны. Я думаю, што будуць памацняцца рэпрэсіі, цэнзура будзе больш глыбокая і больш сур'ёзная. Дарэчы, ужо цяпер яна распаўсюджваецца на інтэрнэт. У прыватнасьці, буйныя парталы расейскага інтэрнэту ўжо захопленыя адміністрацыяй прэзыдэнта. Я думаю, што будзе ціск на незалежныя СМІ, будзе перасьлед апазыцыі. Насамрэч - чыстая Беларусь. Беларусь. Паколькі таварыш Пуцін ці... спадар... ужо ня ведаю як правільна казаць... – стаў на шлях фальсыфікацыі і цынізму. Дык ён асуджаны. Ён – асуджаны".

Карэспандэнт: "На пачатку размовы вы сказалі "спэцслужбы" – у множным ліку..."

Нямцоў
: "ФСБ, МУС...Усе яны былі выкарыстаныя супраць нас. Гэта была спэцапэрацыя, а ня выбары. Спэцапэрацыя спэцслужбаў. Прычым яна вялася паводле законаў вайны. Арыштоўваліся актывісты, спэцыяльна гнюсная прапагандысцка-чэкісцкая інфармацыйная вайна на тэлевізіі. "Дерьмомёт!". Вось такі "говномёт" - яны з экранаў усё гэта запускалі".

Карэспандэнт
: "Скажыце, а чаму менавіта на СПС такая атака?"

Пуцін будуе краіну на жорсткасьці, хлусьні і цынізьме
Нямцоў: "Я магу патлумачыць. Мы адзіныя, хто гаварылі, што плян Пуціна - гэта карупцыя, мы адзіныя, хто гаварыў, што плян Пуціна - гэта цэнзура, мы адзіныя, хто гаварыў, што плян Пуціна - гэта крызыс пэнсійнай сыстэмы і жабракі - 38 мільёнаў расейскіх пэнсіянэраў. Мы адзіныя, хто гаварыў, што плян Пуціна - гэта зьнішчэньне незалежнай судовай сыстэмы, мы супраць гэтага пляна і гэтага курсу. Бо гэта курс у трэці сьвет.

У яго пачалася гістэрыка. Ён пачаў хлусіць. Ён сказаў, што ў 90-я ён змагаўся з алігархамі. Гэта - хлусьня. Ён сябраваў - з Абрамовічам, сябраваў зь Беразоўскім. Менавіта дзякуючы сяброўству зь Беразоўскім яго пазнаёмілі з сваякамі Ельцына і зрабілі пераемнікам. Ён пачаў хлусіць. Гэтая гістэрыка вылілася ў прапагандысцкую кампанію".

Карэспандэнт: "Мэдыі шмат пісалі аб праекце "калектыўны Пуцін". Пуцін - паводле вас - палітык ці сыстэма?"

Нямцоў: "Зь гледзішча карупцыйнага кантэксту - гэта клян. Групоўка, якая села на вялікія шляхі нафтадаляраў, экспарт сыравіны і гэтак далей. Захопліваюцца прадпрыемствы і гэтак далей. Гэта бандыцкі канглямэрат, які легітымізаваны тым, што яго ачольвае прэзыдэнт. Гэта праўда. Што тычыцца палітычных рашэньняў, то ня варта з Пуціна рабіць нямоглага. Усе рашэньні прымае ён асабіста. У яго ёсьць выканаўцы, але ўсе рашэньні ён прымае асабіста. Ня варта з Пуціна ці Лукашэнкі рабіць марыянэтак. Яны самі - блізьняты. Самі прымаюць рашэньні ва ўсіх пытаньнях. Далей - у іх камандзе працуюць залежныя ад іх людзі - матэрыяльна залежныя, усяляк залежныя, якія проста выконваюць іх каманды. Калі не выконваюць - іх звальняюць. Пуцін - ня Брэжнеў. І ня позьні Ленін. Ён фізычна здаровы чалавек".

Карэспандэнт: "Як вы ацэньваеце рэакцыю заходніх лідэраў на зьяўленьне Пуціна?"

Нямцоў: "Яшчэ былы канцлер ФРГ Шродэр казаў, што Пуцін - стопрацэнтны дэмакрат. Такая ацэнка падобная да стопрацэнтнага ідыятызму”.

Карэспандэнт: "Пуцін казаў, што ён эўрапейскі дэмакрат...."

Нямцоў: "Я не магу абмяркоўваць усялякія ідыёцкія заявы. Напоўненыя хлусьнёй. Ён такі ж крыштальны дэмакрат, як Лукашэнка.

Яны абсалютна аднолькавыя дэмакраты. Крыштальна дэмакратычна шчырыя людзі... Што адзін, што другі..."

Карэспандэнт: "Лідэр БНФ Зянон Пазьняк казаў, што Беларусь - гэта пляцдарм, дзе апрацоўваецца тое, што будзе адбывацца ў Беларусі. Як, на вашую думку, будуць праходзіць працэсы ў Расеі? Дысыдэнты застануцца...?"

Нямцоў: "Ну, вы не дачакаецеся, што ад'едзем. Будзем тут змагацца. Будзем удзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі. Што да дынамікі і тэндэнцыяў - адназначна - лукашызацыя краіны. Мы ўжо мала чым адрозьніваемся ад Беларусі. На вялікі жаль. Пуцін будуе краіну на жорсткасьці, хлусьні і цынізьме. На гнілым фундамэнце. Відавочна, што пабудаваць вялікую краіну на гэтым ня ўдасца. А яго справа - хлусьлівая - правальная. Таму трэба змагацца".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG