Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Бгута ўвасабляла памкненьні грамадзтва Пакістану"


Пахаваньне Бэназір Бхута
Пахаваньне Бэназір Бхута

Сёньня ў Пакістане пахавалі былога прэм’ер-міністра Бэназір Бгута, забітую ў чацьвер падчас мітынгу ў Равалпіндзі. 54-гадовая Бгута памерла ад цяжкіх раненьняў у лякарні. Усяго ў выніку выбуху на мітынгу яе прыхільнікаў загінулі каля 20 чалавек, многія паранены.


Старшыня сталай камісіі Савета рэспублікі ў міжнародных справах Мікалай Чаргінец адзначыў, што Бгута была лідэрам моцнай палітычнай групоўкі і мела шанцы прыйсьці да ўлады. З 1984 па 1987 год спадар Чаргінец служыў у Аўганістане.

“Бгута — гэта вядомы палітык, паходзіць зь вядомай сям’і палітыкаў у Пакістане, якая вельмі многа рабіла для краіны. І, канечне, ёй давялося многа перажыць. І я быў зьдзіўлены, што яна вярнулася ў такую сытуацыю ў Пакістан са спадзяваньнем удзельнічаць у гэтых выбарах.

Тое, што адбылося, — гэта адлюстраваньне агульнай сытуацыі ў Пакістане. Неспакойнай і непрадказальнай, дзе цяжка ўтрымаць у рамках законнасьці дзейнасьць усіх — грамадзтва ў цэлым і розных плыняў гэтага грамадзтва. Спасылаюцца на "Аль-Каіду". Я не гатовы пацьвердзіць, што гэта справа рук "Аль-Каіды", ведаючы добра гэты рэгіён. У Пакістане нямала сілаў, якія могуць учыніць такі акт, а сьпісаць на "Аль-Каіду".

Я ведаю, што афіцыйныя ўлады Пакістану змагаліся з "Аль-Каідай", хоць на словах, а іншы раз і справай. А Бгута ўсё ж была апанэнтам улады. І яна ніколі не выказвала свайго стаўленьня непасрэдна да "Аль-Каіды". Таму тут яшчэ трэба разьбірацца.

Вінаваты ў любым выпадку ўрад, які не захаваў бясьпеку грамадзяніна сваёй краіны. І тая сытуацыя, якая склалася ў Пакістане.

Я думаю, наперадзе яшчэ новая інфармацыя, якая дазволіць ацаніць, што насамрэч адбылося. Хоць не выключаю, што гэта можа застацца тайнай за сямю замкамі — калі да гэтага будуць мець дачыненьне нейкія магутныя палітычныя сілы гэтай краіны”.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка выказаў спачуваньне ўсім, каго закранула гэта трагедыя:

“Гэтая пакістанская трагедыя паказвае, што далёка ня ўвесь сьвет жыве паводле дэмакратычных правілаў і паводле маральных каштоўнасьцяў, якія мы называем эўрапейскімі альбо эўраатлянтычнымі.

Сярод гэтых каштоўнасьцяў у першую чаргу — павага да чалавечага жыцьця, свабоды выказваць свае думкі. І ў гэтым сэнсе пакістанская трагедыя паказвае, што гэтая краіна не належыць да эўраатлянтычнага сьвету.

Перад Беларусьсю ёсьць выбар. Альбо мы будзем належаць да эўраатлянтычнага сьвету і будзе шанавацца чалавечае жыцьцё, свабода, ня будуць забіваць ці выкрадаць апанэнтаў дзейнай улады. І тады мы будзем належаць да таго залатога мільярду, які жыве заможна. Бо там, дзе ёсьць свабода, ёсьць заможнасьць. Альбо мы ператворымся ў Пакістан.

Маё вялікае спачуваньне ўсім тым, каго закранула гэтая трагедыя. Я разумею, што Бэназір Бгута ўвасабляла памкненьні пакістанскага грамадзтва стаць грамадзтвам сучасным і дэмакратычным”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG