Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Якая выніковасьць дзеяньняў апазыцыі?”


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 20-га сьнежня.


Гэты год быў багаты на апазыцыйныя акцыі. Паводле якіх крытэрыяў можна вызначыць эфэктыўнасьць дзеяньняў беларускай апазыцыі? Як ацэньваць вынікі яе працы ў 2007 годзе?

Удзельнікі: старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч.

Крытэрыі эфэктыўнасьці

Валер Карбалевіч: “Зьезд Партыі БНФ, які прайшоў нядаўна, актуалізаваў пытаньне, даўно прысутнае на парадку дня палітычнага жыцьця краіны: паводле якіх крытэрыяў вызначаць эфэктыўнасьць дзеяньняў апазыцыі. У дэмакратычных краінах з гэтым пытаньнем усё ясна. Там за такі крытэрый служаць вынікі выбараў, якія вызначаюць узровень грамадзкай падтрымкі. У той партыі, якая прайграла выбары, кіраўнік ідзе ў адстаўку.

У краінах з аўтарытарным рэжымам, як у Беларусі, такія крытэрыі ня дзейнічаюць. І гэта стварае сытуацыю, калі ацэнкі дзейнасьці апазыцыйных структур і іх кіраўнікоў аказаліся размытымі. Гэта дае падставу, з аднаго боку, дэмакратычнай грамадзкасьці моцна крытыкаваць апазыцыйныя партыі і іх лідэраў, нават патрабаваць іх адстаўкі. Напрыклад, Аляксандар Фядута лічыць, што ўсе лідэры партый павінны сыйсьці ў адстаўку, бо на іх вісяць усе паразы мінулых гадоў. Былі патрабаваньні таксама адстаўкі Мілінкевіча на падставе ягонай паразы на прэзыдэнцкіх выбарах.

А зь іншага боку, такая сытуацыя дае падставу некаторым дзеячам, спасылаючыся на дыктатуру, імітаваць змаганьне і добра сябе пачуваць. Дык па якіх крытэрыях можна ацэньваць эфэктыўнасьць дзеяньняў беларускай апазыцыі?

Анатоль Лябедзька: “Думаю, у нашых умовах гэта маглі б быць незалежныя сацыялягічныя апытаньні, зь якіх можна даведацца пра ўзровень падтрымкі дэмакратычных палітычных сілаў.

Акрамя таго, кожная палітычная структура мае сваю стратэгію, свой плян дзеяньняў, сваю дэмакратычную працэдуру ацэнкі іх выкананьня”.

Уладзімер Мацкевіч: “Ня згодзен з вамі, сп. Карбалевіч, што ёсьць прынцыповае адрозьненьне паміж крытэрыямі эфэктыўнасьці дзейнасьці палітычных арганізацый у дэмакратычных і недэмакратычных краінах. І там, і там галоўны крытэрый — уплыў палітычных структураў на грамадзка-палітычнае становішча краіны.

У сёньняшніх беларускіх умовах палітычны працэс – гэта не партыйная ці парлямэнцкая дзейнасьць. Таму што для гэтага няма магчымасьцей. У дыктатарскіх рэжымах супраціў набывае характар праваабарончай дзейнасьці. А вось, так бы мовіць, мышыная валтузьня вакол таго, хто галоўны ў той ці іншай неўплывовай партыі, ня мае ніякага сэнсу”.

Лябедзька: “У дзейнасьці апазыцыі былі плюсы і мінусы”.

Карбалевіч: “2007 год быў багаты на палітычныя падзеі. У зьвязку са зьменаю вонкавых абставін у краіне зьявілася новая палітычная сытуацыя. Апазыцыя ладзіла адносна масавыя вулічныя акцыі ўвесну і ўвосень, правяла Кангрэс дэмакратычных сілаў, пісала лісты да ўладаў, рабіла эфэктныя на пагляд замежныя ваяжы. А якая выніковасьць гэтых дзеяньняў?”

Лябедзька: “Выніковасьць будзем вызначаць наступным годам падчас выбарчай кампаніі. Для мяне было галоўным выкарыстаць гэты год для падрыхтоўкі да выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2008 годзе. У дзейнасьці апазыцыі былі плюсы і мінусы.

Плюсам я лічу Кангрэс дэмакратычных сілаў, які зьяўляецца найбольш легітымнай пляцоўкай прыхільнікаў пераменаў. Бо там прымаюцца рашэньні, якія, нягледзячы на дыскусіі, зьяўляюцца абавязковымі для яго ўдзельнікаў.

Пасьля прэзыдэнцкай кампаніі мы стаялі ў тупіку і рабілі выгляд, што едзем. Бо абавязкі, якія былі ўскладзены палітычнымі суб’ектамі на сябе, закончыліся пасьля прэзыдэнцкай кампаніі. А кангрэс разьвязаў гэтыя праблемы.

У выніку працы кангрэсу можна казаць, што пабудаваныя рэйкі, па якіх можа рухацца працэс. Для гэтага мы стварылі палітычныя і прававыя рамкі. І цяпер можам больш-менш грунтоўна рыхтавацца да выбарчай кампаніі

Прынялі пагадненьне аб падрыхтоўцы да выбараў. Ставіцца амбіцыйная задача выйсьці на адзіны сьпіс кандыдатаў у дэпутаты, адзінае пасланьне выбаршчыкам. Упершыню маем плян дзеяньняў, які прадугледжвае ня толькі асобныя акцыі, а цэлыя кампаніі: эўрапейскую, сацыяльную, за справядлівыя выбары.

Ёсьць плюсы і ў міжнароднай дзейнасьці. Самае галоўнае, нам удалося ўтрымаць беларускае пытаньне на міжнародным парадку дня.

Важным дасягненьнем зьяўляецца таксама тое, што ўдалося захаваць аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, нягледзячы на ўсе праблемы, якія існуюць у гэтым пляне. А гэта значыць, што захоўваюцца пэрспэктывы на вылучэньне адзінага сьпісу апазыцыйных кандыдатаў на выбары 2008 году і – адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары.

Што тычыцца хібаў, то я адзначыў бы ня вельмі ўдалы ўдзел апазыцыі ў мясцовых выбарах. Хоць у асобных рэгіёнах (Гародня, Жлобін, Жодзіна) гэтая кампанія прайшла пасьпяхова.

Мацкевіч: “Апазыцыйнага палітычнага суб’екту няма”.

Мацкевіч: “Няма ніякіх рэек, кангрэс нічога не стварыў. У Беларусі няма выбараў. Таму ня могуць мець эфэктыўнасьць апазыцыйныя выбарчыя кампаніі. Толькі калі апазыцыя дамовіцца з цэнтральнымі ўладамі, яна можа набыць права голасу ў працэсе выбараў.

Дэмакратычныя сілы знаходзяцца і ў трэцім сэктары, і рэлігійных суполках, і сярод тых, хто вядзе дысыдэнцкі лад жыцьця. Разважаньні і самаапраўданьні наконт значнай дзейнасьці апазыцыі гэтым годам ня маюць ніякага сэнсу.

У 2006 годзе дыктатура цалкам умацавалася ў краіне, і сёньня ў яе няма ўнутраных ворагаў, няма той суб’ектнасьці, зь якой рэжым вымушаны быў бы лічыцца. Ёсьць нязгодныя, дысыдэнты, андэграўндная культура. А апазыцыйнага палітычнага суб’екта няма.

У 1996 годзе ў Лукашэнкі быў рэальны вораг, зь якім ён змагаўся. У 2001 годзе ў Лукашэнкі былі рэальныя канкурэнты, зь якімі давялося змагацца. Пад 2006 год у выніку “зачыстак” зьніклі суб’екты супрацьстаяньня дыктатуры. Адбываецца працэс “кубінізацыі” палітычнае прасторы. Гэта значыць, ёсьць шмат нязгодных, але няма палітычнай структуры, якая б іх прадстаўляла”.

Лябедзька: “Я нязгодны з тым, што апазыцыя не зьяўляецца суб’ектам палітыкі. Зьвернемся да фактаў. Вось экс-кандыдат у прэзыдэнты Казулін адпраўлены за краты на пяць з паловаю гадоў. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі і пасьля яе 1200 апазыцыянэраў былі арыштаваныя. Гэта што, проста так? Рэпрэсіі ўладаў — прызнаньне сілы, уплывовасьці апазыцыі як суб’екта палітыкі. І ў той час, калі ідзе наша перадача, за кратамі знаходзяцца актывісты апазыцыі.

На міжнароднай арэне пазыцыя дэмакратычных сілаў таксама ўлічвалася падчас перамоваў, якія вялі Эўразьвяз і ЗША з афіцыйным Менскам. У выніку на нейкі час палітыка рэпрэсій зьмякчылася.

Мы можам казаць, што дэмакратычныя сілы яшчэ недастаткова моцныя, у нас не хапае сілаў, каб прымусіць уладу лічыць галасы на выбарах. Але і лічыць, што нічога няма ў апазыцыі, таксама беспадстаўна”.

Мацкевіч: “Факты і лічбы пра колькасьць людзей, якія ўдзельнічаюць у апазыцыйных акцыях, паказваюць зьніжэньне аўтарытэту апазыцыі. І не кажыце пра апазыцыю ад імя партыйнай апазыцыі.

Сапраўдная апазыцыя – гэта шырокі слой грамадзтва, які супрацьстаіць рэжыму пакуль маўкліва. І няма суб’екту, які б мог мабілізаваць гэтых людзей. Колькасьць тых, хто супраць дыктатуры, за гэты час не паменшылася. А паменшылася здольнасьць партыйных лідэраў мабілізаваць гэтых людзей. За ўплыў на гэтых людзей і трэба змагацца”.

Лябедзька: “У сакавіку 2006 году каля 30 тысяч людзей выйшлі на Плошчу, нягледзячы на застрашваньне сьмяротным пакараньнем. Вось гэта і была мабілізацыя. Я супраць таго, каб усё бачыць у чорным колеры. Насамрэч сытуацыя чорна-белая”.

Мацкевіч: “Я не казаў, што ў нас няма супраціву рэжыму. Толькі ня трэба партыям манапалізаваць гэты супраціў. Ужо ёсьць афарызм, зь якім вы, сп. Лябедзька, увайшлі ў гісторыю: “Я павінен быць аптымістам!” Вашая пасада патрабуе ад вас бачыць сытуацыю ў сьветлых колерах”.

Лябедзька: “Калі ўжо вы цытуеце, то рабіце гэта дакладна. А дакладная цытата такая: “Я лічу сябе прадстаўніком палітычных аптымістаў. Хоць рэалісты, мажліва, больш правільна апісваюць беларускую сытуацыю. Але перамены Беларусі прынясуць усё ж такі аптымісты, а не пэсымістычныя рэалісты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG