Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Няўжо беларусам усё роўна, у якой краіне жыць?....”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 19 сьнежня 2007 году


Як толькі ў дачыненьнях паміж Масквой і Менскам аднаўляецца палітычная актыўнасьць, дык адразу вяртаюцца і старыя трывогі наконт небясьпекі, якая пагражае беларускай незалежнасьці. На гэтую акалічнасьць зьвяртае ў сваіх лістах увагу шмат хто са слухачоў Свабоды.

“Няўжо людзям усё роўна, у якой краіне жыць? Няўжо незалежнасьць для нас — не каштоўнасьць?” — піша нам Кацярына Саўчук зь Пінскага раёну. — “А калі каштоўнасьць, дык чаму так мала людзей выйшла пратэставаць супраць візыту Пуціна?”

Так, гэтым разам абышлося: Беларусь пакуль не купілі. Але ж маглі купіць! Столькі размоў было напярэдадні пра тое, што Пуцін прылятае, каб падпісаць Канстытуцыйны акт і ў выніку — стаць прэзыдэнтам аб’яднанай дзяржавы, а Лукашэнку прапанаваць пасаду сьпікера.

“Горка і крыўдна на душы. Усё ідзе да таго, што паступова нас цалкам русыфікуюць, і тады не застанецца ніякіх перашкодаў, каб далучыць Беларусь да Расеі ў выглядзе шасьці новых губэрняў”,—

— напісала ў сваім лісьце на Свабоду Кацярына Саўчук з Пінскага раёну.

Чуткі пра тое, што візыт Уладзіміра Пуціна ў Менск можа скончыцца нейкімі фатальнымі для беларускай незалежнасьці наступствамі, былі афіцыйна абвергнуты яшчэ да пачатку гэтага візыту. Верагодна, таму і не было надта яўнай трывогі з гэтай нагоды сярод большасьці беларускага грамадзтва.

Увогуле, на працягу апошніх трынаццаці гадоў у Беларусі столькі разоў уздымалі трывогу з нагоды той ці іншай пагрозы нацыянальнай незалежнасьці, што грамадзкая думка ўжо прызвычаілася да гэтых воклічаў і часта не ўспрымае іх як нешта сур’ёзнае і рэальнае.

Пра апошнія палітычныя падзеі ў Расеі, пра шляхі, якія могуць чакаць расейскае і беларускае грамадзтвы, разважае ў сваім лісьце на Свабоду наш даўні аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў. Ён піша:
“Пуцінізм — гэта пэўная рынкавая форма брэжнявізму, калі абываталь пераймае многія заходнія элемэнты паводзінаў


“Пуцінізм — гэта пэўная рынкавая форма брэжнявізму, калі абываталь пераймае многія заходнія элемэнты паводзінаў: апалітычнасьць, сыход у асабістае жыцьцё, у заўзятыя спартыўныя зацікаўленьні, у здабываньне сродкаў дзеля дабрабыту... Менавіта ў такі даўгі пэрыяд уступае і беларускае грамадзтва, якое стамілася, так і не дачакаўшыся ў прэзыдэнтах Шушкевіча, Пазьняка, Вячоркі, Мілінкевіча ды іншых...

Адрозна ад брэжнеўскага СССР і пуцінскай Расеі, невялікая краіна Беларусь цалкам здольная забясьпечыць абываталю спажывецкі стандарт, нават ня маючы ўласнай нафты зь ейнымі высокімі цэнамі. Насуперак думцы апазыцыі, беларускаму масаваму абыватальству зусім не патрэбныя заходнія стандарты і нормы палітычнага і грамадзкага жыцьця. Абываталю камфортна ў сваім прыватным маленькім сьвеце, і ён зусім не гатовы апантана ісьці ў бой за нейкі свой “Біль аб правах”.

Іншая справа, што Лукашэнка — ня вечны. Пасьля яго стабільнасьць у Беларусі здольная забясьпечыць толькі багатая алігархічная эліта, якая чуйна рэагуе на ўласны інтарэс. У эўразійскім сьвеце яшчэ доўга (гадоў 20—30) сярэдняга клясу заходняга тыпу ня будзе. Ягоную ролю будуць выконваць 10—15 працэнтаў верхняй багатай часткі насельніцтва”.

Напрыканцы свайго ліста Алесь Марціновіч робіць наступную выснову:

“Пачатак новага палітычнага цыклю ў нашай частцы Эўропы можа настаць гадоў праз 40 (самы мінімум — праз 20). І глыбока памыляюцца дэмакраты ў тым, што ідэалягічна Беларусь нібыта можа быць свабоднай ад працэсаў, якія адбываюцца ў суседняй гіганцкай Расеі”, —

— гэтак лічыць Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Вельмі мала хто ў апазыцыі адмаўляе істотны (а часам і вырашальны) уплыў Расеі на беларускія падзеі, спадар Марціновіч. Сёньняшні адносны дабрабыт сярэдняга беларуса, той спажывецкі бум, пра які Вы пішаце, у многім абумоўлены якраз эканамічнай сытуацыяй у Расеі. Расейскі рынак, напампаваны мільярдамі нафта- і газадаляраў, лёгка паглынае ўсё больш беларускай прадукцыі, нягледзячы на рост яе цаны і ня надта высокую якасьць.

Ці патрапіць цяперашняя ўлада захаваць такі ж спажывецкі стандарт для насельніцтва, калі кан’юнктура на паліўным рынку раптам зьменіцца і кошты на газ і нафту пойдуць уніз? І ці застанецца грамадзтва такім жа апалітычным, засяроджаным на сваіх маленькіх спажывецкіх радасьцях, калі заробкі, адрозна ад цэнаў, перастануць расьці, калі зьявіцца сур’ёзная напружанасьць на рынку працы? Наўрад ці давядзецца чакаць сорак гадоў, каб гэта адбылося.

З пачатку гэтага тыдня ў Беларусі адменены сацыяльныя льготы, якімі карысталіся многія пэнсіянэры, інваліды і навучэнцы. Цяпер за праезд у грамадзкім транспарце, камунальныя паслугі і лекі ўсім давядзецца плаціць аднолькава, поўны кошт.

У аглядах лістоў і тэлефанаваньняў апошнім часам ня раз гучалі галасы людзей, абураных гэтым рашэньнем уладаў. А вось у нашага слухача Віктара Макарэвіча зь вёскі Няровы Валожынскага раёну сваё стаўленьне да такой рэакцыі на адмену льготаў. Ён піша:

“Якія ўсё ж эгаістычныя нашы людзі. Калі зьнікалі апазыцыйныя палітыкі, калі здаровых людзей кідалі ў “псіхушку” — усім было напляваць, іх гэта не датычыла. А калі закранулі льготы — адразу шквал абурэньня, ляманту. Як быццам гэта адзінае няправільнае рашэньне ўлады.

Калі б усе ў нас былі згуртаваныя, адзіныя — не было б такіх абуральных парушэньняў закону. Але ўсе наўкол маўчаць — абы асабіста іх гэта не зачапіла. Нешта падобнае, напэўна, было і ў гады сталінізму.

Бедны наш Васіль Быкаў! Колькі ён заклікаў народ быць беларусамі, а ня быдлам. Але заклікі засталіся не пачутымі. І ў шматлікія цэрквы, якія ў нас паадчыняліся, многія ходзяць з д’яблам у душы.
Апазыцыя ў нас практычна задушана, хоць у любой прававой дзяржаве апазыцыянэры свабодна дзейнічаюць”, —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Віктар Макарэвіч зь вёскі Няровы Валожынскага раёну.

Асаблівых пратэстаў, спадар Макарэвіч, у Беларусі не было і з нагоды адмены сацыяльных льготаў. Памятаеце, на пачатку лістапада прафсаюзы і камуністы заклікалі менчукоў на Сацыяльны марш — якраз пад лёзунгамі захаваньня льготаў. Людзей сабралася тысячы паўтары-дзьве: значна менш, чым на Эўрапейскі марш, які адбыўся за тыдзень да таго.

Наш сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў працягвае згадваць кур’ёзныя выпадкі зь нядаўняга мінулага, сьведкам якіх былі ён сам альбо ягоныя знаёмыя. Гэтым разам — гісторыя пра так званую “радыёкропку” — правадное радыёвяшчаньне, зь якім у Беларусі адзін час хацелі разьвітацца. Кастусь Сырэль піша:

“Пачалася гэтая гісторыя яшчэ да Лукашэнкі, а скончылася ўжо пры ім. Паступіў на раённыя вузлы сувязі зьверху загад: замест “радыёкропак” усім вясковым жыхарам паставіць ультракароткахвалевыя радыёпрыймачы. Слупы з дратамі — далоў, гэта несучасна, ненадзейна, нявыгадна і гэтак далей. Але дзе тыя прыймачы браць, ды за якія грошы, ды яшчэ ў такой колькасьці?

Усё кіраўніцтва вузла сувязі замітусілася, начальнік куды толькі ня езьдзіў — і ў Брэст, і ў Магілёў, і ў Менск: усюды нявыкрутка. Абяцаюць тыя прыймачы, але няхутка. А між тым настае час “адчытацца і далажыць аб іспалненіі”. А тут “адчытвацца” няма за што! Ну, начальніку — вымову, ды прэміяльныя на сто працэнтаў далоў. Добра яшчэ, што з працы не папёрлі.

Але тут прыйшоў на пасаду прэзыдэнта Аляксандар Рыгоравіч. І празь некаторы час занэрваваўся, занепакоіўся: “Як гэта так, яны ж будуць праз радыёпрыймачы не мяне, любімага, слухаць, а розныя бугі-вугі? Не пайдзёт так, нада васстанавіць правадное радыёвяшчаньне”.

Ну і пачалася новая “кампанія”. А ў тых раёнах, дзе пасьпяшаліся і прэміі за ліквідацыю слупоў ды дратоў паатрымлівалі, ні дроту таго ўжо няма, ні слупоў — выкапалі, сьпісалі дый пусьцілі на розныя прыватныя патрэбы. Паспрабуй аднаві ўсё гэта! Ну і паляцелі былым перадавікам вымовы разам з пазбаўленьнем прэміяльных, толькі трэск стаяў.

А ў нас тыя слупы з дратамі не пасьпелі прыбраць. Так што наш тагачасны начальнік вузла сувязі празь нядоўгі час “далажыў аб іспалненіі” новага загаду — і з адстаючых зьнянацку трапіў у перадавікі. Дужа яго вышэйшае начальства хваліла, у прыклад усім ставіла. Але адабраную прэмію чамусьці не вярнула”, —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Кастусь Сырэль з Вушачаў.

А правадное радыё, нягледзячы на суровыя дырэктывы, вярнулася тады, ў сярэдзіне 90-х, ня ўсюды. Яшчэ і дагэтуль у дальніх вёсачках можна ўбачыць пахілыя драўляныя слупы з абарванымі дратамі — своеасаблівы помнік савецкай прапагандзе, за якую людзі мусілі яшчэ і плаціць — абанэмэнт каштаваў 40 савецкіх капеек за месяц.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG