Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Сяргеенка ішоў у суд, гатовы да турмы


На 10 сутак арыштавалі грамадзкага актывіста Мікалая Сяргеенку, які браў удзел у падрыхтоўцы мітынгу прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы.


Судзьдзя Ленінскага суду Юлія Шумская палічыла віну актывіста даказанай — ён нібыта абражаў міліцыянтаў нецэнзурнай лаянкай. Для гэтага судзьдзі хапіла сьведчаньняў міліцыянтаў Германа і Лапшынскага. Абодва сьцьвярджалі, што Мікалай Сяргеенка абражаў іх ужо ў міліцэйскім аўтамабілі. “Там нікога іншага не было, таму яны і кажуць што заўгодна. Ніхто ж гэтую хлусьню ня можа абвергнуць”,– пракамэнтаваў Мікалай словы міліцыянтаў.

Нагадаю, 6 сьнежня міліцыянты ўварваліся ў офіс Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Там ішла падрыхтоўка да мітынгу прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы, заплянаванага на 10 сьнежня. Усіх, хто знаходзіўся ў офісе, павезьлі дзеля высьвятленьня асобаў у Ленінскі райаддзел міліцыі. Мікалай Сяргеенка паказваў міліцыянтам свой пашпарт, але і яго забралі. У райаддзеле склалі пратакол, паводле якога Мікалай нібыта “нецэнзурна выказваўся”.

Там заўсёды хочацца чыстай вады, бо з крану ідзе вада з хлёркай...
Мікалай Сяргеенка сказаў, што не чакаў апраўданьня, бо лічыць, што ўлада вырашыла запалохаць усіх, хто мае дачыненьне да мітынгу прадпрымальнікаў, каб зьбіць хвалю пратэсту. Да адбыцьця пакараньня ў турме на Акрэсьціна актывіст добра падрыхтаваўся: узяў цёплыя рэчы, прадметы гігіены і нават пітную ваду.

“Там заўсёды хочацца чыстай вады, бо з крану ідзе вада з хлёркай. Я ня першы раз там буду, таму ведаю, што браць”.

У 2006 годзе Мікалай Сяргеенка адбываў арышт за ўдзел у пікеце ў абарону Аляксандра Казуліна.

6 сьнежня разам з Мікалаем Сяргеенкам у прафсаюзным офісе быў затрыманы адзін зь лідэраў прадпрымальнікаў Аляксандар Макаеў. На Макаева таксама склалі пратакол нібыта за “нецэнзурную лаянку”. Разбор гэтай справы будзе весьці тая ж судзьдзя Юлія Шумская.

“Не выключаю, што гэта адбудзецца ў другой палове дня 17 сьнежня”, — мяркуе адвакат Аляксандар Галіеў.

З 10 сьнежня Аляксандар Макаеў ужо адбывае 7 сутак арышту за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў. На волю прадпрымальнік мае выйсьці каля 16 гадзіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG