Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэтым разам абышлося?


Ух, абышлося. Ці – дакладней сказаць – “гэтым разам абышлося?”

Магчыма, менавіта так можна абазначыць рэакцыю многіх беларусаў на вынікі візыту ў Менск Уладзімера Пуціна. Прэзыдэнт Расеі паляцеў назад, і мы не прачнуліся ў іншай дзяржаве, ня страцілі незалежнасьць, не апынуліся ў роспачы і адчаі.

Зразумела, “добра інфармаваны аптыміст” можа сказаць – мы ж ня ведаем, што засталося “за кадрам”, пра што чатыры гадзіны гаварылі паміж сабой такія “шчырыя сябры”, як Пуцін і Лукашэнка. Я, канешне, разумею – “раскоша чалавечых зносінаў” і ўсё такое... Сэрца аматара горных лыжаў Пуціна было растопленае наведваньнем гарналыжнага курорту “Сілічы”, што вырас на раўніннай беларускай зямлі. Можа, з-за гэтага, гаворачы старой савецкай мовай, перамовы прайшлі ў “цёплай, дружалюбнай атмасфэры”?...

... Неяк у 2002 годзе давялося быць на саміце СНД у Кішынэве. Прыехаў я туды на некалькі дзён раней і за гэты час з дапамогай калегаў захапіўся мясцовымі праблемамі (зразумела, у той ступені, у якой гэта магчыма для “турыста”). Уразіла, якімі аб’ёмамі і зь якой зацятасьцю малдоўскія СМІ разважалі пра тое, што скажа Пуцін наконт тады яшчэ вельмі гарачага прыднястроўскага канфлікту. Падрабязна разглядаліся ўсе аспэкты асабістых дачыненьняў Пуціна і малдоўскага прэзыдэнта Вароніна, выкладалася, якія меркаваньні пра малдоўскі канфлікт маюць іншыя кіраўнікі Расеі – карацей, складалася поўнае ўражаньне, што менавіта сонечны Кішынэў – гэта пуп Зямлі, а ў Крамлі сну ня ведаюць, думаючы не пра ЗША, Кітай ці Францыю, а – пра Малдову.

У глыбіні душы я быў глыбока абураны. Бо я ж ведаў, што сапраўдны пуп Зямлі – гэта Беларусь і што крамлёўскія жыхары дрэнна сьпяць выключна з-за штодзённых думаў пра нашу сінявокую. Ці то вызваліць яе мараць, ці захапіць... Ну а калі бяз жартаў, то пасьля той кішынэўскай навукі я стаў больш абачліва ставіцца да нашай “беларусацэнтрычнасьці”, калі нам здаецца, што ўсе замежныя палітыкі, пакінуўшы астатнія справы, жывуць толькі нашымі сьціплымі ў сусьветным маштабе праблемамі.

Колькі можна жыць у падвешаным стане, у адчуваньні, што прыезд крамлёўскага госьця можа кардынальна зьмяніць лёс тваёй дзяржавы?
Тым ня менш прызнаюся, што напярэдадні візыту Пуціна я разам з тысячамі беларусаў адчуваў нейкую няўцямную занепакоенасьць. Халодны аналіз падказваў, што няма ніякіх лягічных палітычных падставаў для хваляваньня, што абодвум лідэрам цяпер ніякага аб’яднаньня ня трэба, што абодва бакі даўно паставілі свае чырвоныя сьцяжкі па ўсіх межах праекту “саюзная дзяржава”, што анэкдатычная актыўнасьць Паўла Барадзіна ўяўляе інтарэс хутчэй для гумарыстаў, чым для палітыкаў. Разумееш, што ўсе гэтыя “ўцечкі інфармацыі”, паводле якіх “Пуцін стане прэзыдэнтам “саюзнай дзяржавы”, а Лукашэнка – сьпікерам парлямэнту”, адлюстроўваюць хутчэй не палітычную рэальнасьць, а неадэкватнасьць расейскага разуменьня Беларусі і канкрэтна асобы А.Р. Лукашэнкі.

Усё гэта праўда, але з падсьвядомасьці не зьнікала – “а раптам”? І гэта брыдкае “А раптам?” разьядала ўсе мудрыя і правільныя высновы.

А тут яшчэ лямант вечных касандраў, пазыцыя якіх, заўважу, псыхалягічна заўсёды выйгрышная. Калі сапраўды здарыцца нешта кепскае, яны скажуць – “мы ж казалі!”, а калі не, то – “нічога ня здарылася дзякуючы таму, што гэта мы прадухілілі”.

І самае крыўднае, што для гэтага дурацкага і нелягічнага “а раптам?” былі свае, ня менш рацыянальныя падставы. У нашым ранішнім эфіры, у перадачы “Бліц-аналіз” вельмі слушна сказаў пра гэта Андрэй Дынько: “Прадказаць пагрозы дзяржаўнасьці ў краіне, дзе няма прадказальных дзяржаўных інстытуцыяў, вельмі цяжка. Найбольшая пагроза ідзе ад таго, што беларуская дзяржаўнасьць падмацаваная не інстытуцыямі, не культурай, не грамадзянскай супольнасьцю, а ўсяго толькі рэжымам, завязаным на аднаго чалавека. Пакуль усе нітачкі вядуць да аднаго чалавека, то ясна, да каго зьвяртацца тым, хто хоча гэтую незалежнасьць адабраць”.

І гэтая жорсткая канстатацыя і ёсьць самае крыўднае. Крыўдна, што за 17 гадоў незалежнасьці грамадзтва ўсё яшчэ адчувае яе нетрываласьць, дапускаючы (нават у думках) магчымасьць страты дзяржаўнасьці. Колькі яшчэ гадоў мы будзем уздрыгваць пры кожным паведамленьні пра беларуска-расейскія сустрэчы на вышэйшым узроўні, рассаджвацца ля тэлевізара і лавіць кожную сэкунду рэпартажаў з сустрэчы прэзыдэнтаў? Колькі можна жыць у падвешаным стане, у адчуваньні, што прыезд крамлёўскага госьця можа кардынальна зьмяніць лёс тваёй дзяржавы? Мне гэта надакучыла! А вам?

Многія філязофскія тэорыі кажуць, што думка – матэрыяльная, сьвет – гэта тое, што мы пра яго ўяўляем. “Думай пра добрае!” – ня толькі словы зь песенькі, гэта прынцыповы жыцьцёвы падыход. Згадзіцеся, перш чым чалавек нешта гатовы зрабіць, ён “пракруціць”, “дазволіць” гэта ў сваёй галаве. Дык давайце ня будзем засьмечваць сваю галаву пустымі і нэгатыўнымі думкамі..
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG