Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Шарах: “Рок-музыкі зрабілі правільны крок”


Аляксандар Уліцёнак гутарыць з грамадзкім рэдактарам тыдня Міколам Шарахам з Полацку – намесьнікам старшыні Свабоднага прафсаюзу беларускага.

Уліцёнак: “Хто для вас узор у літаратуры?”
Шарах: “Васіль Быкаў і Ўладзімер Караткевіч. Яны разбудзілі беларускі народ, прывялі да разуменьня таго, што трэба мець сваю дзяржаву”.
Уліцёнак: “Любімыя літаратурныя героі...”
Шарах: “Марцін Ідэн Джэка Лондана. Зь дзяцінства хварэў на мора, аднак, здаецца, пашчасьціла, што ня стаў мараком”.
Уліцёнак: “А ў рэальным жыцьці бачыце некага на п’едэстале?”
Шарах: “Адзін з такіх людзей – Валеры Алексяйчук. Зь яго пачалося будаўніцтва і царквы ў Полацку, і нашай грэка-каталіцкай парафіі”.
Уліцёнак: “Вы жывяце ў інтэрнэце. Таму – вэрсія найлепшага сайту...”
Шарах: “Свабода”, “Праца”, “Салідарнасць”, “Хартыя”, “Партызан” (хоць ён апошнім часам стаў менш цікавы), bulletinonline.org, дзе я друкуюся, і, нарэшце, самы галоўны – гэта сайт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, на які я заходжу штодня, бо завочна навучаюся”.
Уліцёнак: “Песьня, якую вы з задавальненьнем слухаеце...”
Шарах: “І народныя, і беларускія ў выкананьні сучасных аўтараў. Толькі што адгучаў скандал вакол рок-музыкаў. Мушу заўважыць: я на іхным баку, бо беларускую музыку павінна слухаць беларуская моладзь, беларуская песьня мае патрэбу ў разьвіцьці. Я не асуджаю музыкаў за зроблены імі крок”.
Уліцёнак: “Ваш ідэал палітыка...”
Шарах: “Зянон Пазьняк”.
Уліцёнак: “Ці спрабавалі вы адгарадзіць ад палітыкі сваю сям’ю?”
Шарах: “Сям’я падзяляе мае палітычныя погляды. Напрыклад, жонка – расейка па нацыянальнасьці, але выдатна валодае беларускай мовай. І калі тут адмянілі ў пашпарце графу “нацыянальнасьць”, яна сказала: цяпер я буду называць сябе беларускай”.
Уліцёнак: “І нарэшце апошняе, традыцыйнае: у што вы верыце?”
Шарах: “У тое, што любая справа нясе свой плён. Трэба, каб у нас было менш размоваў і больш справаў. Тады мы будзем больш мець. Нават незалежна ад таго, якая будзе ўлада”.

Мікола Шарах – намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу беларускага, працуе памочнікам майстра ў акцыянэрным таварыстве “Полацак-Шкловалакно”. Паводле першага дыплёма – інжынэр-мэханік хімічнай вытворчасьці, цяпер завочна навучаецца ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG