Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Шарах: “Вучыцца ня позна ніколі”


Аляксандар Уліцёнак гутарыць з грамадзкім рэдактарам тыдня Міколам Шарахам пра яго завочнае навучаньне ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце.

Шарах: “Прапанавалі вучыцца на завочным, і я пагадзіўся. Тое ў першую чаргу, можа, і ня мне было патрэбна – менавіта прафсаюзу нашаму. Вучыцца цікава, хоць узрост у мяне ня надта й студэнцкі”.

Уліцёнак: “А ці можна даведацца які менавіта?”

Шарах: “Разьмяняў 49. У Эўрапейскім унівэрсытэце я самы старэйшы завочнік… Але адносіны з моладзьдзю застаюцца ў мяне на студэнцкім узроўні”.
Уліцёнак: “Хто вашыя новыя знаёмцы?”
Шарах: “Хапае хлопцаў з прафсаюзных суполак – і полацкі Віктар Стукаў, які пярвічку “Шкловалакна” ўзначальвае, і з Наваполацку, Магілёва, іншых гарадоў”.
Уліцёнак: “А ці была магчымасьць пазнаёміцца падчас вучобы зь літоўскімі калегамі, зь іхным досьведам?”
Шарах: “Пакуль не, але ўжо знайшлі кантакты і будзем найбліжэйшым часам сустракацца. Разумееце, вучоба займае задужа шмат часу”.
Уліцёнак: “Адкрыйце тады “вялікую навучальную тайну”: як здаюцца сэсіі, што ў вас у залікоўцы?”
Шарах: “Найбольш складана з замежнымі мовамі: адразу з нуля вывучаю і ангельскую, і літоўскую”.
Уліцёнак: “Ці няма сярод вашых траіх дзяцей студэнтаў?”
Шарах: “Сярэдні – Генадзь – вучыўся ў Полацкім дзяржунівэрсытэце, але быў адлічаны як сябра “Маладога фронту” і цяпер працягвае навучаньне ў Польшчы па праграме Каліноўскага”.
Уліцёнак: “У каго лепш з вучобай атрымліваецца – у бацькі ці ў сына?”
Шарах: “Зь ім больш складана. Лепш атрымліваецца з малодшым сынам – ён пяціклясьнік, дык разам вучым ангельскую, што падабаецца абодвум”.
Уліцёнак: “Тады засталося высьветліць адносіны да вашага навучаньня з боку жонкі…”
Шарах: “Добра ставіцца. Хоць бы таму, што Вільня – эўрапейскі горад, і ёсьць магчымасьць атрымліваць адтуль нейкія вартыя ўвагі падарункі…”

Мікола Шарах – намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу беларускага, працуе памочнікам майстра ў акцыянэрным таварыстве “Полацак-Шкловалакно”. З адукацыі – інжынэр-мэханік хімічнай вытворчасьці. Вывучае завочна ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце міжнароднае права.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG