Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Фёдараў: "Прарасейская арыентацыя часткі беларусаў -- затухаючы працэс"


Сяргей Абламейка, Прага Удзельнік нашага сёньняшняга ранішняга эфіру – Анатоль Фёдараў, былы кіраўнік Магілёўскай абласной філіі БНФ і намесьнік старшыні Фронту, а цяпер палітычны дарадца у штабе Аляксандра Вайтовіча

(Абламейка: ) "Як вы ацэньваеце пэрспэктывы збору подпісаў за Аляксандра Вайтовіча і на якіх рэгіёнах зьбіраецеся канцэнтравацца?"

(Фёдараў: ) “Пэрспэктывы ў Вайтовіча мяркую ня горшыя за іншых кандыдатаў. Ён буйны навукоўца, грамадзкі дзеяч, аўтарытэтны для многіх чалавек. Шмат хто здольны дапамагаць яму добраахвотна. Кампанія 2004 году (парлямэнцкія выбары і рэфэрэндум) выразна зацьвердзілі здольнасьць Вайтовіча і ягонай каманды. Быў выкрыты мэханізм фальсыфікацыяў, абвешчаныя альтэрнатыўныя вынікі паводле апытаньняў на выхадзе з выбарчых участках.. Подпісы будзем зьбіраць найперш у гарадах, дзе жывуць сацыяльна актыўныя людзі”.

(Абламейка: ) “28 сьнежня Аляксандар Вайтовіч разам з Валерыем Фраловым зрабілі заяву, зь якой вынікае, што яны ўжо гатовыя адмовіцца ад удзелу ў выбарах, бо некаторыя іх умовы, фактычна, ня могуць быць выкананыя. У гэтай сувязі пытаньне – што азначае гэтая заява: жаданьне сапраўды палепшыць умовы правядзеньня выбарчай кампаніі ці гэта такі прыгожы выхад з прэзыдэнцкай гонкі?”

(Фёдараў: ) “Зразумела, зьмяніць умовы кампаніі не ўдасца. Але хтосьці павінен мець мужнасьць сказаць праўду, а не дапамагаць ствараць уражаньне, нібыта тут праходзяць выбары. У адрозьненьні ад многіх Вайтовіч не кіруецца толькі асабістымі і вузкагрупавымі інтарэсамі, і ў гэтым ягоная адметнасьць”.

(Абламейка: ) “Анатоль, дайце, калі ласка, самы аптымістычны і самы пэсымістычны прагноз разьвіцьця Беларусі на наступныя 5 гадоў?”

(Фёдараў: ) “Мой аптымізм грунтуецца не на пэрспэктывах апазыцыі, а на пэрспэктывах беларускай дзяржавы. І тут я ня бачу вялікіх праблемаў. І грамадзтва і эліта ўсьвядомілі каштоўнасьць дзяржаўнасьці, на дзяржаўныя інтарэсы ўсё больш абапіраецца і рэжым Лукашэнкі. Мяркую, праз 5 гадоў дзяржаўнасьці ня бузе нішто пагражаць. У чым пэсімістычны сцэнар? Магчыма, праз 5 гадоў беларускі народ даб’ецца свабоды, але не даб’ецца для сябе справядлівасьці. Для гэтага патрэбны куды большы час”

(Абламейка: ) “У гэтым месяцы абедзьве палаты Нацыянальнага Сходу Беларусі прынялі, а кіраўнік дзяржавы падпісаў папраўкі ў Крымінальны кодэкс “аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь і органаў дзяржаўнай улады”. Як, на Вашую думку, павінна захоўвацца палітычная эліта ў часе выбарчай кампаніі ў сувязі з папраўкамі?”

(Фёдараў: ) “Усе папраўкі, якія ўнесеныя ў законы апошнім часам, накіраваны толькі на ўмацаваньне існуючага палітычнага рэжыму. Па-іншаму быць ня можа, пакуль грамадзтва ня здольнае сабе бараніць. Што рабіць? Вучыць грамадзтва бараніцца”.

(Абламейка: ) “Нядаўна скончыўся саміт Эўразьвязу, на якім быў зацьверджаны бюджэт Зьвязу на 2008-2013 гады. Шмат каго ўразілі сумы, якія атрымліваюць новыя краіны Зьвязу на разьвіцьця рэгіёнаў. Польшча, напрыклад, атрымае каля 84 мільярдаў даляраў – і гэта не крэдыты, а бязвыплатная дапамога. Для параўнаньня скажу, што гадавы бюджэт Беларусі складае недзе каля 10 мільярдаў даляраў. У гэтай сувязі пытаньне – якім, на вашую думку, павінен быць вэктар разьвіцьця Беларусі – іншымі словамі, вы за інтэграцыю ў Эўразьвяз, за нэўтралітэт або за інтэграцыю на постсавецкай прасторы?”

(Фёдараў: ) “Цывілізацыйна, культурна і эканамічна мы цягнемся да Эўропы, іншага вэктару няма. Калі казаць пра прарасейскую арыентацыю часткі беларускага грамадзтва і рэжыму – дык гэта затухаючы працэс”.

(Абламейка: ) “Як Вы ацэньваеце стан і пэрспэктывы беларускай мовы і беларускай культуры ў тых рэальных умовах, у якіх яны сёньня існуюць?”

(Фёдараў: ) “Многія зьвязваюць пэрспэктывы беларускай мовы і культуры з магчымасьцю зьмены рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Думаю, гэта павярхоўны погляд. Адначасна вельмі шкодным ёсьць супрацьпастаўленьне ўсяго беларускага існуючай уладзе. Гэта не спрыяе кансалідацыі нашага грамадзтва. Мову і культуру нельга рабіць служанкай палітыкі. У цэлым пэрспэктывы беларускай культуры я бачу аптымістычна”.

(Абламейка: ) “Дзякуй Анатоль за ўдзел у нашай праграме. Нагадаю слухачам, госьцем ранішняга эфіру Радыё Свабода быў палітычны дарадца штабу Аляксандра Вайтовіч Анатоль Фёдараў. У сераду, 4 студзеня, а 13-й гадзіне на вэб-сайце Радыё Свабода, адбудзецца он-лайн-канфэрэнцыя з былым старшынём Савету рэспублікі, акадэмікам Аляксандрам Вайтовічам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG