Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія габрэі абураныя кнігай Э.Скобелева “Запавет Сталіна”


Ганна Соусь, Менск Кіраўнікі саюзу беларускіх габрэйскіх аб’яднаньняў і грамадаў абураныя зьместам выдадзенай сёлета кнігі Эдуарда Скобелева “Запавет Сталіна”. Яны не выключаюць, што зьвернуцца з пазовам у суд аб абароне гонару і годнасьці, бо ў дадатку да раману быў надрукаваны зварот шэрагу кіраўнікоў габрэйскіх арганізацыяў Беларусі да Аляксандра Лукашэнкі пад загалоўкам “Данос сіяністаў прэзыдэнту Беларусі”. Сам Эдуард Скобелеў запэўнівае “Свабоду”, што не даваў расейскаму выдавецтву дазволу на друкаваньне раману і згаданага ліста.

Раман Эдуарда Скобелева “Запавет Сталіна” прадаецца на кніжнай выставе ў Палацы мастацтваў.

(Гандлярка: ) “Цікавяцца гэтай кнігай людзі на нашай выставе. Рэгулярна купляюць”.

(Карэспандэнтка: ) “А колькі асобнікаў ужо прадалі?”

(Гандлярка: ) “Асобнікаў дзесяць-дванаццаць. Яна ў нас зьявілася ня так даўно”.

(Карэспандэнтка: ) “А якія кнігі пра Сталіна яшчэ ёсьць на выставе?”

(Гандлярка: ) “Гавораць сталінскія наркамы”, “Чэкісты Сталіна”, “Вялікія таямніцы Сталіна”, “100 сталінскіх сокалаў”, “Блізкае кола Сталіна” ды іншыя”.

На тытуле “Запавету Сталіна” пазначана: выдавецтва “Русская правда” Менск—Масква. Наклад раману 3 тысячы асобнікаў. У кнізе ў якасьці дадатку пад загалоўкам “Данос сіяністаў прэзыдэнту Беларусі” надрукаваны адкрыты ліст, які ў 2003 годзе накіравалі Аляксандру Лукашэнку кіраўнікі габрэйскіх арганізацыяў Беларусі, у тым ліку старшыня Зьвязу беларускіх габрэйскіх аб’яднаньняў і грамадаў Леанід Левін, ягоныя намесьнікі, старшыня аб’яднаньня былых вязьняў гета і канцлягераў Міхаіл Трэйстэр і старшыня зьвязу габрэяў-вэтэранаў вайны Аляксандар Бубніцкі. Яны прасілі Аляксандра Лукашэнку гарантаваць абарону габрэяў ад небясьпекі з боку нэанацыстаў, і падставай для гэтага ліста стала чарговае апаганьваньне мэмарыялу “Яма”. Гаворыць намесьнік старшыні Зьвязу беларускіх габрэйскіх аб’яднаньняў і грамадаў Якаў Басін:

(Басін: ) “Назваць нас усіх даносчыкамі — гэта, безумоўна, абраза. Даносчыкі прынесьлі ў сталінскі час незлічоныя беды, незьлічоныя ахвяры бязьвінных людзей”.

Паводле Якава Басіна, яшчэ не прынятае канчатковае рашэньне аб звароце ў суд з пазовам аб абароне гонару і годнасьці.

(Басін: ) “Скобелеў — чалавек дзяржаўны, адна з набліжаных да прэзыдэнта асобаў. Я думаю, што распачынаць супраць яго судовы працэс — гэта часткова выступаць і супраць прэзыдэнта, тым больш напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Мы б не хацелі ніякіх канфліктаў, але мы б і не хацелі, каб нас абражалі”.

Сам Эдуард Скобелеў патлумачыў “Свабодзе”, што расейскае выдавецтва надрукавала ягоны раман, а таксама перадрукавала зварот лідэраў габрэйскіх арганізацыяў Беларусі безь ягонай згоды.

(Скобелеў: ) “Гэта ня я рабіў, усё выраблялася пірацкім чынам у Маскве. Я дамовы ні з кім не падпісваў”.

(Карэспандэнтка: ) “Але ж вы напісалі гэты раман?”

(Скобелеў: ) “Безумоўна”.

(Карэспандэнтка: ) “Атрымліваецца, і ганарару не атрымаеце?”

(Скобелеў: ) “Канечне, не. Я ведаю, што гэтую кнігу прадаюць за 190 расейскіх рублёў, і яна карыстаецца ў Маскве вялікім попытам. У рамане ёсьць некалькі герояў-габрэяў. Я з абурэньнем напісаў ліст гэтаму выдаўцу і прыгразіў судовым перасьледам”.

Выбраныя разьдзелы з раману Эдуарда Скобелева “Запавет Сталіна” былі надрукаваныя ў 2003 годзе ў беларускім часопісе “Нёман”. Аўтар раману — гадоўны рэдактар “Інфармацыйнага весьніка адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі”. У прадмове да кнігі выдавецтва паведамляе, што гэта раман “для чытачоў-патрыётаў Вялікай Расеі“ і што “аўтар праз мастацкія формы раману аб найвялікшым Лідэры 20 стагодзьдзя даносіць да чытачоў найважнейшыя праблемы сучаснага чалавецтва”. У сьпісе твораў, выдадзеных апошнім часам выдавецтвам “Русская правда” — “Пратаколы сіёнскіх мудрацоў”, “Дэсіянізацыя”, “Габрэйская пазыцыя і азіяцкі способ вытворчасьці” ды іншыя кнігі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG