Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцук Вячорка: “Зімоўскі вярнуўся пад фанфары сталінскіх аркестраў”


Вячаслаў Кулік, Менск У Менску працягваецца рэфармаваньне ідэалягічнай вэртыкалі. Учора ўвечары адбыліся чарговыя кадравыя перастаноўкі. Былы старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай кампаніі Уладзімер Мацьвяйчук прызначаны міністрам культуры. Яго месца заступіў Аляксандр Зімоўскі, які дагэтуль узначальваў Сталічнае тэлебачаньне. Цяпер ім будзе кіраваць Юры Казіятка. Амаль поўнасьцю спрацаваў сцэнар, які ў апошнія некалькі дзён прагназавалі незалежныя экспэрты. Хіба толькі Генадзь Курбека замест высокай пасады ў АНТ, ачоліў сталічную ідэалягічную ўправу.

Хто такі Генадзь Курбека? Інтэрнэт - пошук дае мінімальныя зьвесткі. Вось, напрыклад, радок у беларускай газэце “Наша ніва” за 2001 год, цытую: “Зорка тэлеэкрану Генадзь Курбека заўважаны на акцыі ў парку імя Горкага ў кампаніі маладзёнаў у скуранках”. Тэлефаную аўтарцы Тацьцяне Сьнітко.

(Сьнітко: ) “Я прыгадваю такі момант. Рэч у тым, што журналісты дзяржаўных мэдыяў, калі прыходзяць на акцыі апазыцыі, то пабойваюцца. Прымошчваюцца дзесьці ў кутку, шукаюць знаёмыя твары. А тады я заўважыла, што Генадзь Курбека даволі сьмела пачуваўся сярод прадстаўнікоў апазыцыі і журналістаў недзяржаўных газэт. Я падумала: чаму? І пабачыла, што побач зь ім былі гэтыя маладзёны ў скуранках. Яны сапраўды нагадвалі тых, каго называюць “ціхарамі”.

Паводле Тацьцяны Сьнітко, былы супрацоўнік Беларускага тэлебачаньня Курбека працаваў у газэце “Советская Белоруссия», а пасьля – у адміністрацыі прэзыдэнта. Першае інтэрвію Генадзя Курбекі ў якасьці кіраўніка ідэалягічнай вэртыкалі Менску магло прагучаць на Радыё Свабода. Але ён загадаў спыніць запіс”.

(Курбека: ) “Вы мяне зараз ня пішаце на магнітафонную стужку?

(Карэспандэнт: ) “Пішу”.

(Курбека: ) “Адразу выключайце!”

У гутарцы не для запісу суразмоўца паведаміў, што яму патрэбны час, каб увайсьці ў курс спраў, пазнаёміцца зь падначаленымі і гэтак далей. На тым і разьвіталіся. І ўжо цягам дня стала вядома пра перастаноўкі кіраўнікоў на каналах тэлебачаньня. Пракамэнтаваць падзею я папрасіў Генадзя Бураўкіна.

(Бураўкін: ) “За гэтымі перастаноўкамі відавочна тое, што на вельмі адказныя інфармацыйныя і ідэалягічныя пасады прызначаюцца правераныя служэньнем адпаведным інстытутам улады. Ну і ў пэўным сэнсе людзі дасьведчаныя. У якіх ёсьць досьвед менавіта ў гэтай галіне. Таму што прызначэньне папярэдняга кіраўніка БТ было дзіўным і непрафэсійным. А цяпер прыходзяць людзі, якія ўсё-такі ведаюць тэлевізійнае вяшчаньне, як працуе гэтая сыстэма. Іншая справа, што гэта бясспрэчнае, я так лічу, умацаваньне патрэбных уладзе пазыцый”.

І яшчэ адно меркаваньне паводле таго, што на галоўны канал беларускага тэлебачаньня вярнуўся Аляксандр Зімоўскі. Гаворыць Вінцук Вячорка.

(Вячорка: ) “Зімоўскі паказаў сябе як арганізатар адпаведных кампаніяў, адпаведнага паху. І зараз ён зноўку спатрэбіўся. На гэты раз як кіраўнік так званага першага каналу. Усё лягічна. Зімоўскі вярнуўся пад фанфары сталінскіх аркестраў, пад фільм, які на БТ ухваляе Сталіна. Усё абсалютна заканамерна. Але лічыць, што дзякуючы гэтаму беларускае тэлебачаньне набудзе новае дыханьне, я мяркую, абсалютна наіўна. Бальшыня беларусаў , ставяць касьмічныя талеркі на дахі. Для таго, каб гэта ня глядзець”.

Гэта быў Вінцук Вячорка. У сваю чаргу Палітоляг Аляксандр Дабравольскі разглядае кадравую мітусьню, як відавочную слабасьць цяперашняй улады”.

(Дабравольскі: ) “Улада засьведчыла, што ўжо ня здольная кіраваць краінай нармальнымі сродкамі. Маю на увазе шэраг падзеяў, як, напрыклад такіх, як прыняцьце паправак у Крымінальны кодэкс. Людзям забараняюць гаварыць тое, што яны думаюць. Гэта і ўзмацненьне так званай ідэалягічнай вэртыкалі, якая адлюстроўвае страх перад грамадзтвам зь боку ўлады. Улада, наагул, баіцца, што людзі могуць ня тое штосьці сказаць і хоча насадзіць страху. Але гэта нас ня спыніць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG