Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія студэнты ў ЗША – дзьве гісторыі


Ганна Сурмач, Прага (29.11.2005) Новая перадача сэрыі “Беларусы за мяжой”. Былыя навучэнцы Беларускага ліцэю імя Якуба Коласа і ЭГУ шукаюць новыя магчымасьці на эміграцыі. Удзельнічаюць Юля Сасноўская (Чыкага, Ілінойс, ЗША) і Натальля Купрэева (Масачусэтс, ЗША).

Часам выглядае, што сучасныя беларускія ўлады зрабілі ўсё магчымае, каб зьнішчыць тое, што было зроблена ў справе нацыянальнай адукацыі ў першыя гады існаваньня незалежнай Беларусі. Зьліквідаваны Беларускі ліцэй імя Якуба Коласа, зачынены Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Ня стала тых установаў, якія рыхтавалі, можна сказаць, нацыянальную эліту краіны. Моладзь, якая вучылася там, расьсеялася па сьвеце ў пошуках новых магчымасьцяў для вучобы, бо навучацца ў сучасных беларускіх ВНУ для іх азначала б вяртаньне назад, у савецкую сыстэму адукацыі.

(Сурмач: ) “Нашы сёньняшнія госьці – беларускія дзяўчаты, якія цяпер вучацца ў Амэрыцы.

Юля Сасноўская – выпускніца Беларускага ліцэя імя Якуба Коласа. Яна кажа, што трапіць ў ліцэй для яе было некалі вялікай мараю, бо яна хацела вучыцца толькі на роднай мове. Урэшце ёй пашанцавала, і яна цяпер захоўвае найлепшыя ўспаміны пра той час, калі там вучылася і пазнаёмілася з адрознай ад былой савецкай школы сыстэмай навучаньня.

Калі пасьля заканчэньня паступіла на вучобу ў Менскі лінгвістычны ўнівэрсытэт, адчула, што сыстэма адукацыі там не зусім ёй падыходзіць.

Цяпер Юля жыве ў Чыкага. У Амэрыку яна прыехала два з паловай гады таму”.

(Сасноўская: ) “Напачатку я жыла ў Лос-Анджэлесе, а потым пераехала ў Чыкага. Мне тут прапанавалі працу мае амэрыканскія знаёмыя.

Адразу пачала працаваць ў рэклямнай кампаніі. Напачатку я працавала як сакратарка, і цяпер я зь імі супрацоўнічаю. Потым я знайшла яшчэ адну працу ў рэстарацыі. Калі я пайшла вучыцца ў каледж, я знайшла яшчэ працу ў фітнэс-кампаніі. Там я ўжо працую па спэцыяльнасьці – займаюся PR-ам і маркетынгам”.

(Сурмач: ) “Вы сказалі па спэцыяльнасьці, а якую спэцыяльнасьць вывучаеце?”

(Сасноўская: ) “Я паступіла вучыцца ў каледж, вывучаю маркетынг, пачала вучыцца ў гэтым годзе вясной. Гэта мастацкі каледж, але ў ім ёсьць вельмі добрая праграма ў галіне камунікацыі і маркетынгу. Гэта якраз тое, што я вывучаю – маркетынг і PR. Праграма разьлічаная на 4 гады, гэта вышэйшая адукацыя. Наш каледж, Columbia college, лічыцца адным з найлепшых мастацкіх каледжаў у Амэрыцы, ён знаходзіцца ў цэнтры Чыкага. Я тут першая студэнтка зь Беларусі, больш нікога няма. Вучоба ў мяне ідзе вельмі добра, адзнакі пераважна выдатныя”.

(Сурмач: ) “Ці плаціце за адукацыю?”

(Сасноўская: ) “Так, я плачу за вучобу сама, але я падала формы-заявы на некалькі стыпэндыяў і спадзяюся, што атрымаю, бо ў мяне добрыя ацэнкі”.

(Сурмач: ) “Вы казалі, што ўжо працуеце па спэцыяльнасьці, што гэта за праца?”

(Сасноўская: ) “Гэта ня сталая праца. Яны мяне ўзялі, як студэнтку, на практыку. Шмат амэрыканскіх студэнтаў выкарыстоўваюць такія магчымасьці. Ім звычайна не плацяць за працу, хаця некаторыя фірмы могуць і заплаціць, але галоўная мэта ў тым, каб набрацца вопыту. Я працую ў фітнэс-кампаніі, яна знаходзіцца ў цэнтры гораду, гэта вельмі добрая кампанія і я ўжо займаюся маркетынгам і PR-ам для іх. Мы працуем над рознымі праектамі, і гэта вельмі цікава.

У мяне ўвесь час ідзе на працу і на вучобу, гэта тое, што мне зараз патрэбна рабіць – вучыцца і вучыцца”.

(Сурмач: ) “У параўнаньні зь Беларусьсю, якая розьніца ў арганізацыі навучаньня?”

(Сасноўская: ) “Я не магу нават параўнаць гэта. Вучыцца складаней, вельмі шмат розных праектаў. Хатняя праца – гэта ня проста прачытаць падручнік і пераказаць, а шмат праектаў і ўсяго іншага трэба рабіць. У аўдыторыі абсалютна іншая атмасфэра.

Мне падабаецца вучыцца, мне падабаецца адказваць выкладчыку. Яны стымулююць студэнтаў, каб яны вучылі новыя рэчы, каб яны цікавіліся нечым новым. У Беларусі, там, дзе я вучылася, не было такой зацікаўленасьці ў студэнтаў. Тут я кожны дзень з захапленьнем іду ў свой каледж”.

(Сурмач: ) “Значыць, вы знайшлі тое, што Вам па душы?”

(Сасноўская: ) “Так, так, я знайшла тое, што мне сапраўды падабаецца. А калі б я была дома, то невядома, што было б са мной. Я б ужо скончыла ўнівэрсытэт, але што далей... Паслалі б мяне ў якую-небудзь глухую чарнобыльскую вёску працаваць настаўніцай”.

(Сурмач: ) “А ў Амэрыцы на што Вы спадзяецеся, якую зможаце мець там працу?”

(Сасноўская: ) “Піяр (PR – Public Relations) – гэта сувязі з грамадзкасьцю, любой кампаніі патрэбен піяр, каб ствараць добры імідж. І гэта вось будзе мая задача – ствараць імідж, рэклямаваць новы прадукт. Гэта вельмі вялікі спэктар працы, што я павінна буду рабіць. Мне гэта вельмі цікава. У Амэрыцы, фактычна, кожная кампанія мае свой PR– аддзел таму, спадзяюся, без працы не застануся”.

(Сурмач: ) “Вы кажаце, Юля, што ўвесь Ваш час займае толькі праца і вучоба, але для маладой дзяўчыны, пэўна, гэтага недастаткова. Як наконт асабістага жыцьця?”

(Сасноўская: ) “Так, я пачала сустракацца з хлопцам. Ён амэрыканец, навучаецца ў суседнім унівэрсытэце”.

(Сурмач: ) “Як, дарэчы, ужываецеся ў амэрыканскае грамадзтва, падабаецца Вам там?”

(Сасноўская: ) “Тут усё залежыць ад таго, як ты настроены ўспрымаць краіну. Ёсьць такія, што кажуць, што ім тут нічога не падабаецца, і яны хочуць дадому. У кожнай краіне ёсьць і добрае і дрэннае. У Амэрыцы таксама ёсьць свае мінусы, але тут усё зроблена для таго, каб чалавеку жылося добра.

Адрозьненьне ад нас вельмі вялікае. Я чытаю цяпер пра тое, што ў нас у Беларусі адбываецца. Пятнаццаць гадоў прайшло пасьля развалу СССР, а ў нас усё яшчэ немагчыма сказаць, што думаюць людзі, не могуць пісаць пра гэта ў друку, на радыё.

А тут людзі могуць выказваць усё, што яны хочуць і не баяцца, што пасьля будуць нейкія наступствы для іх. Узровень жыцьця тут вышэйшы. Студэнты маюць магчымасьць працаваць, зарабляць на сябе, могуць займацца тым, чым хочуць. У Беларусі няма такіх магчымасьцяў, тут я спрабую шмат новых рэчаў, новых праектаў у каледжы. Я спрабавала адзін, другі і я знайшла тое, што мне падабаецца рабіць. Я цяпер ведаю дакладна, чым я хачу займацца, я мела магчымасьць выбару. Гэта вельмі важна”.

(Сурмач: ) “Адна справа ведаць, што хочаце, але, галоўнае, на маю думку, што маеце магчымасьць займацца гэтым”.

(Сасноўская: ) “Так, гэта самае галоўнае, што ты можаш сябе рэалізаваць у гэтай краіне. Але мне тут даводзіцца працаваць у два разы больш за амэрыканцаў, усё ж такі я не нарадзілася тут, у мяне яшчэ не зусім добрая мова. І я працую, мне трэба даказаць сабе, што я гэта здолею”.

(Сурмач: ) “Як студэнты ў Вашым каледжы ўспрымаюць Вас, як беларуску, ведаюць нешта пра Беларусь?”

(Сасноўская: ) “Пра Беларусь у каледжы ўвогуле ніхто ня чуў. Я заўсёды распавядаю пра нашу краіну, часам раблю даклады пра Беларусь. І ўсім вельмі цікава, а я вельмі ганаруся тым, што магу распавядаць пра сваю культуру, пра свой народ іншым людзям”.

(Сурмач: ) “А самой Вам дадому, у Беларусь, хочацца?”

(Сасноўская: ) “Хочацца, канечне, ёсьць настальгія. Калі падступае, я пачынаю слухаць музыку нашу, вось мне сястра перадала дыск “NRM”, слухаю і сьпяваю разам зь імі. “NRM” – гэта быў першы беларускі гурт, на чый канцэрт я пайшла, калі мне было 13 гадоў. Трэба трымацца за свае карані”.

***

(Сурмач: ) “Натальля Купрэева таксама зараз вучыцца ў Амэрыцы, там яна ўжо 4 гады. Жыве каля Бостану ў штаце Масачусэтс.

Натальля, па якой спэцыяльнасьці Вы вучыцеся ва ўнівэрсытэце?”

(Купрэева: ) “Вучуся на псыхалёгіі. У Беларусі я вучылася два гады ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, а потым ад''ехала на вучобу ў ЗША па адной з праграмаў Фонду Сораса, а цяпер наш унівэрсытэт зачынілі”.

(Сурмач: ) “Ваша спэцыялізацыя ў Беларусі таксама была ў галіне псыхалёгіі?”

(Купрэева: ) “Так, у псыхалёгіі”.

(Сурмач: ) “Вы вывучалі яе ў Беларусі, а цяпер ў ЗША, ці існуе розьніца ў падыходах?”

(Купрэева: ) “Сёлета ўлетку я была ў Беларусі і паглядзела свае канспэкты па псыхалёгіі. Так, розьніца вялікая, мы там больш вывучалі маскоўскую, санкт-пецярбурскую школы псыхалёгіі. А тут, зразумела, амэрыканскую. Тут на псыхалёгію глядзяць як на навуку: павінны быць экспэрымэнты, доказы, тэорыі. А ў нас у Беларусі псыхалёгія – гэта больш філязофія.

У выкладаньні розьніца страшэнная. Тут мы павінны абавязкова хадзіць на ўсе заняткі, нельга прапускаць. як гэта часам у нас было. Калі прапусьціш два ці тры заняткі, то аўтаматычна правальваеш курс, прысутнасьць на занятках – гэта частка адзнакі па гэтаму курсу.

Само выкладаньне мне тут падаецца больш якасным. Тут задзейнічаюць усе тэхнічныя сродкі ў навучальным працэсе – інтэрнэт, тэлебачаньне, відэа. Напрыклад, нам задаюць рэфэраты, якія можна напісаць толькі тады, калі ты выкарыстоўваеш інтэрнэт. Электронная пошта тут вельмі важна ня толькі, як сродак сувязі, але праз Email нам нават дасылаюць выкладчыкі працу на дом”.

(Сурмач: ) “Скончыце вучобу, дзе можна будзе працаваць?”

(Купрэева: ) “Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту, я думаю, хутчэй за ўсё можа буду даваць кансультацыі ў нейкай кампаніі. Але, увогуле, я хацела б пайсьці вучыцца далей, у асьпірантуру, там ужо можна будзе атрымаць стыпэндыю”.

(Сурмач: ) “У Амэрыцы галіна псыхалёгія, пэўна, вельмі папулярная – людзі часта наведваюць псыхолягаў...”

(Купрэева: ) “Так, але, каб да гэтага ўзроўню дайсьці, трэба мець доктарскую. Я, напэўна, буду больш у акадэмічнай сфэры працаваць, займацца экспэрымэнтальнай псыхалёгіяй”.

(Сурмач: ) “Ці ёсьць ў вашым унівэрсытэце яшчэ нехта зь Беларусі?”

(Купрэева: ) “Не, ва ўнівэрсытэце няма нікога. Я сустрэла некалькі чалавек, калі зь Беларусі прыяжджаў Тэатар імя Якуба Коласа і калі быў сымпозіюм у Гарвардзкім унівэрсытэце на тэму пра мастацтва, нацыянальную ідэнтычнасьць і палітыку ў Беларусі”.

(Сурмач: ) “Выглядае, што вяртацца на Бацькаўшчыну пакуль не плянуеце?”

(Купрэева: ) “Напэўна, не, у мяне тут хлопец – амэрыканец, мы ўжо тры з паловаю гады сустракаемся. Я паказваю яму беларускую культуру, а ён мне амэрыканскую”.

(Сурмач: ) “Абедзьве нашы сёньняшнія суразмоўцы свой далейшы лёс зьвязваюць з Амэрыкай. Але, выехалі яны туды, як мы пачулі, найперш у пошуках адукацыі і далейшых магчымасьцяў для самаразьвіцьця. Зьмены, якія адбыліся на іх радзіме, пазбавілі дзяўчат надзеі рэалізаваць там іхныя жыцьцёвыя пляны, а сама Беларусь так паступова страчвае свой інтэлектуальны патэнцыял”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG