Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незвычайная прэм''ера ў Опэрным тэатры


Юлія Шарова, Менск Сёньня опэрны тэатар выпускае прэм’еру. У адзін вечар артысты пакажуць два аднаактавыя спэктаклі – “Рыту” Гаэтана Даніцэці й “Зацемкі вар’ята” Вячаслава Кузьняцова. Клясычная італьянская й сучасная беларуская опэры няблага ўжываюцца ў межах аднаго паказу, нягледзячы на іхнюю рознастылёвасьць. Напярэдадні прэм’еры наша карэспандэнтка наведала рэпэтыцыю опэрнай трупы, якая цяпер працуе на сцэне Дому афіцэраў.

Сюжэт опэры “Рыта, альбо Пірацкі трохкутнік”, створанай слынным майстрам бэль-канто Гаэтано Даніцэці, такі: гаспадыня гатэлю Рыта калісьці была замужам за піратам Гаспаро, потым Гаспаро патануў, а Рыта зноў пабралася – зь ціхім і памяркоўным Бэпо. Характар у Рыты няпросты: яна лупцуе мужа за кожную дробную правіннасьць. Раптам зьяўляецца нібыта загінулы Гаспаро й Бэпо спрабуе збыць сваю сужэнку брутальнаму карсару. Карсар пра сямейнае шчасьце з Рытай таксама ня марыць. Але заканчваецца ўсё шчасьліва.

Выканаўца галоўнай партыі, салістка беларускай опэры Тацяна Трацяк кажа, што граць ролю гэтакай сьцервы не было складана. Дый наагул наўрад ці Рыта сьцерва: яна папросту занадта актыўна адстойвае свае правы.

(Трацяк:) Так здарылася: ёй трапіўся першы муж, які яе біў, яна засвоіла ягоны досьвед і выкарыстала яго з другім мужам. У канцы опэры яна разумее, што шчасьце, як выяўляецца, побач, што другі ейны муж зусім цудоўны чалавек, які кахае яе й можа ацаніць па-сапраўднаму.

У другой частцы паказу гледачам прапануюць опэру сучаснага беларускага кампазытара Вячаслава Кузьняцова “Зацемкі вар’ята” – там за аснову ўзяты твор Мікалая Гогаля. Опэра была напісаная яшчэ сямнаццаць год таму, але толькі цяпер убачыла сцэну. Гогалеўскі гратэск і сатыра тут адыходзяць на другі плян – галоўнай робіцца трагедыя чалавека ў занадта прагматычным і жорсткім сьвеце. Глыбей праводзіцца лірычная лінія – каханьне героя.

Са словаў дырыжора-пастаноўшчыка Льва Ляха, кампазытар здолеў дасягнуць глыбокага псыхалягізму ў перадачы характараў. А сьпевакам тут спатрэбіліся ня толькі выдатныя вакальныя дадзеныя, але й майстэрства драматычных актораў. Спадар Лях лічыць, што беларуская опэрная трупа ўжо дасьпела да таго, каб асвойваць ня толькі традыцыйную клясыку, але й складаныя опэрныя творы дваццатага стагодзьдзя.

(Лях:) Цягам колькіх год мы марылі, пачынаючы з маіх старэйшых калегаў, з Каламійцавай Тацьцяяны Міхайлаўны, паставіць “Воцэк” Бэрга. Але ў той час пры вялікай колькасьці прыўкрасных галасоў, акторскі тэатар, напэўна, ня змог бы гэта адужаць. Гэтая праца паказала, што артысты вельмі выразныя, плястычныя, яны маглі б адужаць такі опус.

Аднак пакуль ставіць такія творчыя пляны не выпадае: будынак опэрнага тэатру зачынены на рэканструкцыю, трупа працуе ў Доме афіцэраў. Тут няма дастаткова добрых акустычных і ўвогуле тэхнічных умоваў, каб брацца за новую вялікую працу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG