Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Улада кваліфікуе падзеі ў Курапатах як пашкоджаньне маёмасьці”


Алег Грузьдзіловіч, Менск У міліцыі Менскага раёну завялі справу па фактах вандалізму ў Курапатах. Справа заведзеная паводле артыкулу, які тычыцца “апаганьваньня пабудоваў і пашкоджаньні маёмасьці”. Між тым, некаторыя правазнаўцы і грамадзкія актывісты лічаць, што гэтае здарэньне вартае больш сур’ёзнага артыкулу.

У міліцыі Менскага раёну, на тэрыторыі якога знаходзяцца Курапаты, завялі крымінальную справу па фактах вандалізму на гэтым месцы, дзе ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя расстралялі дзясяткі тысяч людзей. Паводле прадстаўніка Менскага райаддзелу міліцыі Сяргея Чэрапа, справа заведзеная паводле артыкулу 341 Крымінальнага кодэксу, які тычыцца “апаганьваньня пабудоваў і пашкоджаньні маёмасьці”.

Міліцыянт мяркуе, што пакуль няма падставаў разглядаць тое, што адбылося ў Курапатах, як распальваньне міжнацыянальнай варожасьці альбо як наўмыснае зьнішчэньне помнікаў гісторыі і культуры:

(Чэрап: ) “Лічу, гэта адзін склад, адна злачыннасьць. Хаця, магчыма, расьсьледаваньне пакажа нешта іншае. Але мяркую, якая тут нацыянальная варожасьць? У горадзе шмат дзе такія знакі і надпісы напісаныя, але трэба падыходзіць да абстаноўкі рэальна, не мудрыць”.

Нагадаю, напачатку сьнежня ў Курапатах невядомымі былі паламаныя крыжы, апаганеныя мэмарыяльныя знакі, абраз і камень у памяць аб рэпрэсаваных. У тым ліку была пашкоджаная мэмарыяльная лава Клінтана, якую прэзыдэнт ЗША адкрыў у Курапатах у 1994 годзе. Таксама шмат дзе ў Курапатах была намаляваная свастыка, зьявіліся надпісы фашыстоўскага зьместу. Прадстаўнікі грамадзкасьці Беларусі адразу заявілі, што разглядаюць гэтыя факты як палітычныя, а не як праявы звычайнага хуліганства.

“Гэта красамоўны паказьнік — тое, што ўлада кваліфікуе падзеі ў Курапатах усяго як “пашкоджаньне маёмасьці”, — лічыць навуковы кіраўнік гістарычнага мэмарыялу “Курапаты” Мая Кляшторная. Яна мяркуе, што ўлады нясуць адказнасьць за гэтыя падзеі, паколькі насуперак шматлікім патрабаваньням гэтак і не забясьпечылі надзейнай аховы Курапатаў.

(Кляшторная: ) “З Кургану Славы не здымаюць ахову, і ля стэлы на Машэрава, я там часта праходжу, таксама ахова заўсёды ёсьць. Таму гэтак і адбываецца. Я на гэта гляджу зусім проста: ўлада, здымаючы ахову хоць на нейкі час, проста дазваляе гэта, альбо не разумее, у якім грамадзтве яна ёсьць уладай і ў які час мы жывем. А заводзячы крымінальную справу, перш за ўсё трэба разабрацца, чаму не ахоўвалі Курапаты стала”.

У міліцыі Менскага раёну мне паведамілі, што ўжо больш за чатыры гады Курапаты рэгулярна наведваюць нарады міліцыі, якія нясуць дзяжурства ў раёне.

Варта зазначыць, што за гэты час у Курапатах некалькі разоў адбываліся акты вандалізму, за якія ніхто ня быў пакараны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG