Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат польскага Сойму Філіп Лібіцкі: папраўкі ў Крымінальны кодэкс Беларусі накіраваныя на абмежаваньне магчымасьцяў адзінага кандыдата


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы палітыкі, грамадзкія дзеячы і праваабаронцы працягваюць камэнтаваць зьмены ў крымінальнае заканадаўства Беларусі, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасьць за “дэскрэдытацыю краіны”.

Дэпутат польскага Сойму з буйнейшай парлямэнцкай фракцыі кіруючай цяпер у Польшчы партыі “Закон і справядлівасьць” Філіп Лібіцкі – яго, дарэчы, беларускія памежнікі не пусьцілі ў Беларусь на Кангрэс дэмакратычных сілаў – кажа, што папраўкі – гэта рэакцыя ўладаў на абраньне адзінага кандыдата ад беларускай апазыцыі.

(Лібіцкі: ) “У кантэксьце таго, што апошнім часам робяць беларускія ўлады, мяне гэта не зьдзіўляе. Зразумела, што ў Беларусі набліжаюцца выбары. Апазыцыя абрала адзінага кандыдата, якога Лукашэнка ўспрымае як рэальную пагрозу менавіта таму, што гэта адзіны кандыдат. Беларускі кіраўнік напэўна добра ведае, чым скончыліся маніпуляцыі над скрынкамі для галасаваньня ва Украіне, дзе апазыцыя была добра зарганізаванай. Такім чынам, на маю думку, гэта зроблена, з аднаго боку, для таго, каб абмежаваць магчымасьці адзінага кандыдата, а з другога боку, каб не дазволіць беларускай апазыцыі арганізавацца так, як гэта зрабілі ўкраінцы”.

Мірэла Панэк з польскай філіі праваабарончай арганізацыі “Міжнародная амністыя” кажа, што зьмены ў беларусккім заканадаўстве чарговы раз пацьвердзілі, што для Аляксандра Лукашэнкі “правы чалавека” – гэта пусты гук.

(Панэк: ) “Гэта чарговы крок у кірунку ліквідацыі апазыцыі і парушэньня асноўных правоў чалавека. Цьмяныя фармулёўкі гэтых паправак даюць магчымасьць па-рознаму іх тлумачыць, але, напэўна, не на карысьць апазыцыі. Гэта будзе мець вельмі дрэнныя наступствы”

Між тым Міхась Андрасюк – старшыня Беларускага форуму самакіраваньня, што ў Гайнаўцы, які актыўна супрацоўнічае з прадстаўнікамі мясцовага самакіраваньня зь Беларусі, не выключае, што папраўкі могуць адмоўна паўплываць на гэтае супрацоўніцтва.

(Андрасюк: ) “Гэтыя папраўкі пакуль не працуюць, мы ня ведаем, як жорстка яны будуць выконвацца. Мы працуем на ўзроўні самакіраваньня і ў гэтым быццам бы няма вялікай палітыкі, але часам, шчыра абмяркоўваючы тыя ці іншыя праблемы, трэба пакрытыкаваць сваю ўладу – ці то польскую, ці беларускую. У такой сытуацыі, я ня ведаю, як павядуць сябе нашыя беларускія госьці”.

Сказаў Радыё Свабода Міхась Андрасюк.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG