Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марына Багдановіч: “Выбары ў Казахстане ў дзесяць разоў больш дэмакратычныя, чым у Беларусі”


Уладзімер Глод, Менск Такую ацэнку ў размове з карэспандэнтам нашага радыё дала кіраўніца місіі назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах у Казахстане ад Аўтаномнай некамэрцыйнай арганізацыі ў назіраньні за выбарамі ў краінах СНД, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Марына Багдановіч. І гэта нягледзячы на тое, што казахстанскія ўлады пазбавілі місію акрэдытацыі за крытычныя высновы ў ацэнцы перадвыбарчай кампаніі, а саму спадарыню Багдановіч тыдзень таму дэпартавалі з краіны.

Паводле Марыны Багдановіч, улады Казахстану прыслухаліся да рэкамэндацыяў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ і тэрмінова ўнесьлі ў выбарчае заканадаўства шмат паправак, якія зрабілі працэс абраньня прэзыдэнта больш празрыстым. Улады апэратыўна рэагавалі і на парады незалежных назіральнікаў. Прынамсі, спадарыня Багдановіч згадвае такі прыклад:

(Багдановіч: ) “Гэты было вельмі дзіўна для нас. Але пасьля таго, як мы пачалі працу і зрабілі першую справаздачу, дзе паказалі некалькі парушэньняў, дык Цэнтральная выбарчая камісія пачала адразу ж рэагаваць. У прыватнасьці, у сьпісах сябраў выбарчых камісіяў адсутнічалі іх прыналежнасьць да партыі і месца працы. Літаральна на наступны дзень у “Казахстанской правде”, самай буйной газэце краіны, выходзіць вялікі артыкул ад імя Цэнтральнай выбарчай камісіі, дзе ўсё гэта дакладна прапісваецца”.

Я спытаўся ў Марыны Багдановіч, які ж, у такім разе, быў сэнс пазбаўляць місію акрэдытацыі? Мая суразмоўца лічыць, што місія ды іншыя незалежныя назіральнікі не дазволілі б казахстанскім уладам сьцьвярджаць пра больш як 90% падтрымкі Нурсултана Назарбаева:

(Багдановіч: ) “90% выклікаюць зьдзіўленьне, мякка кажучы, які б добры ня быў гэты кандыдат. Ну, а мы якраз і зачапілі ўлады за самае балючае месца. У трэцяй справаздачы мы прывялі наступныя лічбы: першапачаткова ў Астане было 280 тысяч выбаршчыкаў, а празь месяц засталося чамусьці 220 тысяч. І, зразумела, вынік 90% не атрымаўся б, калі б выбаршчыкаў было больш. Апошні тыдзень мы вельмі шчыльна працавалі ў інтэрнатах, выселеных дамах, новабудоўлях, дзе можна было канкрэтна даказаць, што штучна павялічваецца працэнт тых, што прагаласавалі за галоўнага кандыдата. Як толькі мы гэта паказалі, нас адразу і прыкрылі”.

Спадарыня Багдановіч лічыць, што выбары ў Казахстане (пры ўсіх недахопах) непараўнальна больш дэмакратычныя, чым у Беларусі:

(Багдановіч: ) “Калі даваць адзнакі, дык у нас я паставіла б 1 бал, а ў іх — 10. У дзесяць разоў у іх, безумоўна, больш дэмакратычна. У іх на тэлебачаньні сустрэчы іншых кандыдатаў (не Назарбаева) з выбаршчыкамі асьвятляліся нэгатыўна, не зусім так, як было насамрэч. Але ўсё ж асьвятляліся”.

Цэнтральную выбарчую камісію Беларусі на прэзыдэнцкіх выбарах у Казахстане прадстаўляла яе старшыня Лідзія Ярмошына, а Нацыянальны сход — Віктар Жыгар (Савет Рэспублікі) і Мікалай Чурсін (Палата прадстаўнікоў). Усе яны вяртаюцца ў Менск 6 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG