Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская прэса за 1 сьнежня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Заря Запада”, 1925 год. Селькар 59 піша:

“Сёлета дэпутацкія сходы канчаткова прабудзілі жанчыну-сялянку да грамадзкай працы. Раней у нас сялянку на сход нельга было й на вяроўцы зацягнуць, а цяпер яны самі ідуць і ладзяць свае сходы, вырашаюць хвалюючыя іх пытаньні. На апошнім сходзе яны нават вынесьлі пастанову прасіць, каб да іх штодватыдні прыяжджаў доктар, аграном і дакладчыкі… Дрэнна, што мужы не заўсёды ідуць насустрач, а часта тармозяць іх працу. Мужчыны, памятайце, што без жанчын не збудуеш лепшай будучыні”.

“Беларуская крыніца”, 1935 год:

“Крытыка — старая гэта хвароба нашай беларускай студэнцкай сям’і. І дзеля таго, што яна старая, дык так укаранілася паміж сяброў, што ня толькі дахторскія лекі, але і знахорскія чары ня змогуць яе абсіліць. Бяз ніякіх крытэрыяў, — крытыкуюць калегі і калежанкі. Крытыкуюць рэфэраты, аксыяматы, праўду і фальш, калі трэба і ня трэба. Крытыкуюць усіх — ніколі сябе. Некаторыя сябры так захапіліся крытыкай, што стварылі сабе нават крытычнае жыцьцё, крытычны спорт, сон і каханьне!..”

“Рэспубліка”, 1995 год:

“У сувязі з публікацыяй у шэрагу расейскіх і беларускіх газэтаў артыкулаў, якія скажаюць сэнс выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі аб гісторыі Нямеччыны 30-х гадоў, прэс-служба Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь выступіла з заявай. У інтэрвію газэце “Гандэльсблат”, гаворыцца ў ёй, Прэзыдэнт Беларусі не выказваў і ня мог выказваць якіх-небудзь сымпатыяў Гітлеру, які ўвайшоў у гісторыю чалавецтва як лідэр крывавага фашыстоўскага рэжыму, які разьвязаў другую сусьветную вайну. Мэтанакіраванае скажэньне сутнасьці сказаных Аляксандрам Лукашэнкам словаў зьяўляецца сплянаванай палітычнай акцыяй, скіраванай на дыскрэдытацыю ўлады напярэдадні паўторных выбараў у Вярхоўны Савет рэспублікі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG