Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Зьміцер Дзядзенка


Зьміцер Дзядзенка, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя запісы мінулага тыдня прадстаўляе Зьміцер Дзядзенка — журналіст тыднёвіка “Наша Ніва”, літаратар, аўтар і выканаўца песьняў, дасьледнік гісторыі Аршаншчыны.

Субота, 19 лістапада

Учора спрабаваў прарвацца на так званы “Ўстаноўчы зьезд Саюзу пісьменьнікаў Беларусі”. Удалося толькі патаптацца ў дзьвярах. Увечары па выніках падзеі ўзяў інтэрвію ў старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алеся Пашкевіча ды яго першага намесьніка Барыса Пятровіча. Сёньня трэба зьняць з дыктафона тэкст. Прыгадваю ўчорашнія падзеі.

Міліцыянтаў каля Белсаўпрафу, дзе адбываўся зьезд, было болей, чым звычайна. Натуральна, тусаваліся і “ціхары”. У пераходзе мэтро нават дзяжурыў адзін амонавец. Але вялікай міліцэйскай аховы ўсё ж не было. На ўваходзе ў Белсаўпраф стаялі маладзенькія хлопчыкі (навучэнцы паліграфічнай вучэльні) — гадоў 16—18. Запатрабавалі ў мяне запрашальнік. Давялося сувора запытацца, хто яны такія, чаму ня маюць бэджыкаў і гэ дэ. Забалбатаў я хлопцаў, прапусьцілі мяне. І не спыталіся нічога. Можа, спалохаліся майго тону, падумаў я. І дарма...

Далей прарвацца мне не ўдалося. У наступных дзьвярах стаялі мардавароты з бэджыкам “аргкамітэт”, якія таксама запатрабавалі мой запрашальнік. Там ужо не дапамагло нават журналісцкае пасьведчаньне. Морда з уваходу пайшла папытаць каго-небудзь з аргкамітэту: ці можна пусьціць журналіста, якога няма ў папярэдніх акрэдытацыйных сьпісах? У сьпісах тых былі “Советская Белоруссия”, АТН, БелТА, “ЛіМ” і іншая трасца. Празь некалькі хвілінаў адсутнасьці морда вярнулася: “У аргкамітэце цяпер занятыя, падысьці ня могуць, але сказалі не пускаць нікога, каго няма ў сьпісе”.

Давялося пайсьці з залі. І не пачуў я аркестру Міністэрства абароны, які стаяў на гаўбцы (што ён граў? няўжо гімн?). І не паглядзеў шыкоўных альбомных выданьняў, выстаўленых у холе (да мастацкай літаратуры тыя выданьні, што праўда, ня мелі някага дачыненьня, “але неістотна гэта”, як сказаў малады паэтычны геній Андрэй Адамовіч).

Выйшаўшы на Кастрычніцкую плошчу, затэлефанаваў Алесю Пашкевічу: “Расчаруй мяне — скажы, што вы ўнутры”. Пашкевіч адказаў: “Мы ўнутры, але нас цяпер адсюль выганяюць”. Старшыня Саюзу з двума намесьнікамі — Барысом Пятровічам і Эдуардам Акуліным — прайшлі па сяброўскіх білетах Саюзу пісьменьнікаў. Ім нават паказалі, як патрапіць у гардэроб, выдалі праект статуту... Але ў залі іх пабачыў Георгі Марчук (колішні дырэктар “Мастацкай літаратуры”, які лічыў найлепшым і найпапулярнейшым пісьменьнікам Беларусі сябе. Выдавецтва, якое сталася закладнікам гэтага меркаваньня, патрапіла ў істотныя фінансавыя праблемы...). Марчук разам з Анатолем Аўруціным ды аховай і вывелі з залі кіраўніцтва легітымнага СП. Пятровіч яшчэ намагаўся даведацца ў мардаваротаў з бэджыкамі “аргкамітэт”, што ж тыя пішуць — прозу, паэзію, драматургію. Наіўны! Яны пішуць хіба што справаздачы ў органы.

Стаім на прыступках Белсаўпрафу з кіраўнікамі СП, глядзім. Пісьменьнікі распавядаюць: выганяючы, ім казалі, што трэба было падаць заяву на ўдзел у мерапрыемстве аж за два тыдні да яго. Цікава, а ня трэба было з сваёй кішэні яшчэ аплаціць паслугі міліцыі, пажарнікаў і “хуткай дапамогі”? Ну, на ўсялякі выпадак...

Міма прайшлі холдынгавыя кіраўнікі, кіраўніцтва “Мастацкай літаратуры”. Гніламёдаў зрабіў вялікія вочы: “Як гэта вас не пусьцілі? Ня можа таго быць!” Ага, усе зрабілі выгляд, што паверылі ў шчырасьць гэтых словаў... Зрэшты, многія з прысутных на тым ганебным зборы казалі кіраўнікам СП, каб тыя зьвярнуліся да Чаргінца: маўляў, можа быць, ён і дазволіць ім папрысутнічаць. Вядома, на такую зьнявагу ніхто не пайшоў!

Панядзелак, 21 лістапада

Здаецца, гэты тыдзень мае прайсьці суцэльна пад знакам літаратуры. На жаль, ня так самой Літаратуры (зь вялікай літары), як таго, што спадарожнічае ёй. Падзеі вакол Саюзу пісьменьнікаў — самая актуальная з актуаліяў.

Старшыня Саюзу Алесь Пашкевіч лічыць знакавым, што на зьезд самазванцаў не пайшлі народныя паэты і пісьменьнікі, не пайшлі вэтэраны вайны. А здаецца, больш важна, што на той зьезд ня здолелі прыцягнуць моладзь: менскіх творцаў нават не запрашалі. Калі й былі маладыя — дык толькі тыя, хто пасьпеў верш у раёнцы надрукаваць. Нават сэрвільнасьць мае свае межы: можна друкавацца ў холдынгавых выданьнях, можна нават там працаваць, але не станавіцца канчаткова падлюкам — хаця б ва ўласных вачах.

Адзін з маладых творцаў, якія друкуюцца ў холдынгу, тлумачыў мне ў сваё апраўданьне: “Разумееце, я ж паэт. Я ж хачу друкавацца. А дзе мне цяпер друкавацца?” На заўвагу, што можна пісаць у стол, як гэта рабілі ў савецкі час, ён хуценька знайшоў адгаворку: “Ведаеце, як выглядала нашая літаратура пасьля 1920-х? Гэта ж была белая пляма. Я не хачу, каб гэта паўтарылася”. Зручная адгаворка для ўласнае маральнае слабасьці.

...Позна ўвечары сыходжу з працы. Менск засыпаны сьнегам. Белы сьнег, чысты, як аркуш паперы. Рэдкія мінакі пішуць на ім вершы сваімі сьлядамі. Аўтамабілі старанна запісваюць свае песьні з рэфрэнам на паваротах...

Аўторак, 22 сьнежня

Сьнег, які выпаў учора, зранку пачаў таяць. На вуліцы слотна. Удзень заплянаваная прэс-канфэрэнцыя ў Саюзе беларускіх пасьменьнікаў... Сабраліся “нячэсныя” журналісты ды самі пісьменьнікі: што ні імя — то гук звона. Анатоль Кудравец, Віктар Казько, Валянцін Тарас, Сяргей Законьнікаў, Анатоль Вярцінскі, Генадзь Бураўкін... Старшыня Саюзу Алесь Пашкевіч прывітаў тых, хто прыйшоў, “не зважаючы на халепу на вуліцы”. Запрашалі й дзяржаўных журналістаў. Але яны, відаць, у непагадзь на прэс-канфэрэнцыі ня ходзяць: берагуць здароўе, абутак і вопратку.

Усё ж пісьменьнікі — вельмі эмацыйныя людзі. Здавалася б, маеш магчымасьць усе свае думкі й эмоцыі перанесьці на паперу, выказаць людзям. Але ж — не! У іх яшчэ хапае энэргіі крычаць ледзь не на ўвесь голас. Эмоцыі на прэс-канфэрэнцыі захліствалі й перахліствалі. Часам адчуваў сябе нібы на караблі ў буру: залівае з галавой... Асабліва адчувалася гэта на старэйшых пісьменьніках. Больш спакойныя былі ў сваіх выказваньнях Арлоў, Някляеў і Скобла.

Парадаваў мяне на гэтым сходзе Алесь Масарэнка, што займаецца літаб’яднаньнем “Літаратар”: зь ягоных маладых гадаванцаў, кажа, на той ганебны зьезд не пайшоў ніхто. Усё ж такі нічога не атрымаецца ў Чаргінцовага саюзу! Няма за ім будучыні.

Уладзімер Арлоў зачытвае на сходзе вершы аблашчанага сёньняшняй уладай “нібыта паэта” Браніслава Спрынчана ў “Беларускай думцы”, колішнім “Коммунисте Белоруссии”. Вершы ня тое што слабыя ці графаманскія… Калі б гэта надрукавала газэта “Навінкі”, усё было б на сваім месцы. А тут друкуе ўладны орган. З прэс-канфэрэнцыі сыходзім з Арловым: яму таксама трэба ў рэдакцыю “Нашай Нівы”. Па дарозе працягваем абмеркаваньне сытуацыі. Арлоў зазначае, што вырашае цяпер для сябе пэўную маральную дылему: як абыходзіцца з тымі знаёмымі, што пайшлі на гэты сход? Зусім не прывітацца — выглядае ня надта прыстойна. Не прывітацца, напрыклад, з Раісай Баравіковай — яшчэ і нявыхавана: яна, як-ніяк, жанчына. “Але ж давядзецца ёй сказаць, што я не хачу зь ёй ні пра што гаварыць”, — разважае пісьменьнік.

Вечар сканчаецца рэдактарскай фразай пра тое, што цяпер добра было б да матэрыялу пра пісьменьніцкія справы прыдумаць геніяльны загаловак. Такі, што мог бы пайсьці ў народ, як калісьці славутым стаў выраз пра “чэсных” і “нячэсных” журналістаў. Але на гэта ўжо няма ніякае моцы. Можа быць, будзе ў каго-небудзь яшчэ ідэя: газэта — заўжды твор супольны і калектыўны.

Серада, 23 лістапада

Найбольшае ўражаньне з матэрыялаў, якія ўвойдуць у сьвежы нумар “Нашае Нівы”, не зь вялікіх артыкулаў, не з сур’ёзнае аналітыкі. Самае шалёнае ўражаньне пакінуў нэкралёг па акадэміку Падлужным. Нэкралёг напісаны Вінцуком Вячоркам. Вінцук вырашыў пісаць згодна з выслоўем “пра мёртвых — альбо добра, альбо нічога”. Нечакана, што “НН” кажа па акадэміку Падлужным добрае слова. Але... Калі зрабіў штосьці добрае — чаму б не адзначыць? Пагатоў, Падлужны быў фігурай калярытнай і запамінальнай.

Чацьвер, 24 лістапада

Каторы тыдзень бачу сьвет навокал сябе ў абсалютна Караткевіцкім антуражы: усё навокал у тумане. Нібы абсалютна нечакана для сябе давялося патрапіць зь Менску ў Балотныя Яліны. Зьвярнуў на гэта ўвагу яшчэ два тыдні таму, калі акурат прыяжджаў у Воршу да бацькоў.

Сьвет наўкола падаецца размытым, няпэўным, рамантычным. Нерэалістычным. Чакаеш, што вось-вось з гэтага туману выляціць і паплыве над зямлёй Дзікае паляваньне. Ажно не — толькі аўтобус ці тралейбус.

Таксама сюжэт для сучаснага рымэйку ці іранічнае фэнтэзі: “Дзікае паляваньне на асфальце”. А калі ў Дзікім паляваньні задзейнічаць крымінальнікаў... Хаця тут для таго, каб не атрымаўся звычайны чарнушны раман з шэрагу тых покет-букаў, якімі сёньня забітыя паліцы кнігарняў і кніжных развалаў, трэба не абы-які талент...

А пасьля ўсіх сваіх р-р-рамантычных разваг і асацыяцыяў пачуў ад сяброўкі зусім іншую фразу наконт гэтых восеньскіх туманоў. “Туманны Бульбіён”! Што ж, таксама вобраз, які мог бы нарадзіцца з-пад пяра Караткевіча...

Самая вялікая радасьць апошніх дзён — тэлефанаваньні чытачоў. Вядома, радасьць амбівалентная, бо нагода для гэтых тэлефанаваньняў — ня самая лепшая. Пасьля таго, як “Нашу Ніву” выкінулі з падпіснога каталёгу “Белпошты”, паўстала праблема: як не спыніць сувязі з чытачамі пасьля Новага году? Многія чытачы “Нашай Нівы” разьмясьцілі зварот у падтрымку газэты ў сваіх інтэрнэт-дзёньніках (блогах) на папулярным рэсурсе LiveJournal.com: за першыя ж суткі абвестка была прадубляваная каля дзясятка разоў.

Цяпер чытачы тэлефануюць штодня ў рэдакцыю, цікавяцца, як атрымаць газэту. Сёньня тэлефанаваў чытач з вуліцы Глебкі ў Менску, які сказаў, што чытае выданьне тры гады. Выказаў зьдзіўленьне тым, як абышлася “Белпошта” з газэтай, і папрасіў улічваць яго пры складаньні базы падпісчыкаў. Некалькі дзён таму з такой падпісной просьбай адбыўся даволі камічны выпадак. Тэлефанавалі з амэрыканскай амбасады, папрасілі ўлічыць, што яны таксама хацелі б атрымліваць газэту пасьля Новага году. Перад разьвітаньнем абаяльны жаночы голас пацікавіўся ў мяне, ці не праводзім мы таксама падпіску і на “Народную Волю”. Давялося расчараваць дзяўчыну: ёй трэба будзе тэлефанаваць у некалькі рэдакцыяў, каб атрымліваць розныя недзяржаўныя выданьні.

Пятніца, 25 лістапада

Зранку за кавай дачытваю “караткевіцкія” артыкулы ў “НН”. Якраз там, у Караткевічавых творах, жыве праўдзівая літаратура. Тая, што будзе прывабліваць яшчэ не адно пакаленьне чытачоў. Сваімі загадкамі й таямніцамі. Па-майстэрску закручаным сюжэтам і бліскаўкамі гумару. Там, а зусім не ў саюзах пісьменьнікаў. Для чытача літаратурны твор важнейшы, чым аўтар.

Наперадзе выходныя, і гэта радуе — змагу болей часу выдаткаваць на чытаньне. Аблізваюся ў прадчуваньні насалоды: чытаю кнігу польскага дасьледніка Куховіча пра пабытовыя звычаі й лад жыцьця ў Рэчы Паспалітай XVII—XVIII стагодзьдзяў. Кніжка для гурманаў — аматараў жыцьцёвых падрабязнасьцяў: што елі, як апраналіся, чым хварэлі й лекаваліся, у якія гульні гулялі ды якія песьні слухалі... Дарма што кніга польская, але нас яна закранае ня менш, чым палякаў: усё ж такі адна дзяржава была. Па-добраму зайздрошчу палякам: у іх падобнай мастацка-папулярнай літаратуры на добрым навуковым грунце безьліч. А па-беларуску такіх кніг, калі не лічыць дасьледаваньня мэмуарыстыкі, зробленага Мальдзісам яшчэ ў савецкі час і перавыдадзенага колькі гадоў таму, і не было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG