Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армэнія: афіцыйныя вынікі – 93 % за зьмену канстытуцыі


Юрась Бушлякоў, Прага Згодна з папярэднімі вынікамі праведзенага ў нядзелю ў Армэніі рэфэрэндуму, абсалютная большасьць яго ўдзельнікаў падтрымала канстытуцыйную рэформу. Армянская апазыцыя рэзка крытыкуе афіцыйныя вынікі галасаваньня, цьвердзячы, што яны былі сфальсыфікаваныя.

Паводле Цэнтравыбаркаму, у галасаваньні ўзялі ўдзел каля 65% выбарнікаў, 93% зь іх падтрымалі прапанаваныя ўладамі зьмены ў канстытуцыі. Апазыцыя катэгарычна не пагаджаецца з такімі лічбамі, заяўляючы, што ў атмасфэры грамадзкай апатыі ў рэфэрэндуме ўдзельнічалі ня больш за 16% зь ліку тых, хто мае права голасу.

Вазген Манукян, лідэр апазыцыйнага Нацыянальнага дэмакратычнага зьвязу, ахарактарызаваў рэфэрэндум як чарговы этап выбарчых маніпуляцыяў у Армэніі:

(Манукян: ) “Два беспрэцэдэнтныя здарэньні мелі месца ў Армэніі ў нядзелю. Абодвух можна было чакаць, але абодва – беспрэцэдэнтныя. Ніколі раней выбарчыя ўчасткі не былі такія пустыя... Улады таксама прадэманстравалі бессаромны цынізм, фальсыфікуючы вынікі галасаваньня. У мінулыя гады ў нас ніколі не было такога жахлівага цынізму. На маю думку, гэта нацыянальная, дзяржаўная здрада”.

Апазыцыя байкатавала рэфэрэндум, матывуючы свае дзеяньні нелегітымнасьцю армянскага ўраду. Апазыцыйныя лідэры заяўляюць, што апошнія як прэзыдэнцкія, так і парлямэнцкія выбары ў краіне былі сфальсыфікаваныя.

Наколькі важкімі аказаліся парушэньні ў ходзе нядзельнага рэфэрэндуму? Назіральнікі ад Рады Эўропы паставілі пад сумнеў зьвесткі армянскага ЦВК пра колькасьць удзельнікаў галасаваньня, а таксама адзначылі няроўныя ўмовы, у якіх знаходзіліся прадстаўнікі ўлады й апазыцыі ў ходзе перадрэфэрэндумнай кампаніі.

Рэзкая апазыцыйная крытыка рэфэрэндуму і яго арганізатараў кантрастуе з прыхільным стаўленьнем да зьменаў у армянскай канстытуцыі з боку аўтарытэтных міжнародных арганізацыяў. Увогуле, зьмены, вынесеныя на ўчорашні рэфэрэндум, вынікаюць з абавязаньняў, узятых Армэніяй пасьля ўступленьня ў Раду Эўропы. У выніку канстытуцыйнай рэформы мае павялічыцца роля парлямэнту і кабінэту міністраў за кошт зьмяншэньня паўнамоцтваў прэзыдэнта, больш незалежнай ад выканаўчай улады павінна стаць судовая сыстэма краіны. Зьмены ў канстытуцыі ўводзяць таксама інстытут падвойнага грамадзянства, што дазволіць стаць грамадзянамі Армэніі мільёнам армянаў дыяспары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG