Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэатар сьмерці: як нашы шляхецкія продкі рыхтаваліся да апошняга шляху


Вячаслаў Ракіцкі, Прага (Эфір 24 лістапада 2005 году) Новая перадача сэрыі "Беларуская Атлянтыда". Удзельнічае гісторык культуры Вацлаў Арэшка.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Што за мяжой сьмерці? Гэтая невядомасьць тысячагодзьдзямі непакоіць чалавецтва. Як гарантаваць бясьпеку і “дабрабыт” там, адкуль няма звароту? Ад пачатку існаваньня цывілізацыі людзі будуюць сабе выгодныя “дарогі” ў вечнасьць, рыхтуюць усё неабходнае для падарожжа і дбайна абсталёўваюць выправу ў іншы сьвет. А нашы шляхецкія продкі, як яны ставіліся да гэтага апошняга шляху?”

(Вацлаў Арэшка: ) “Чалавек добрай веры і правільных паводзін у прынцыпе ведаў, што яго чакае пасьля сьмерці. Ён павінен трапіць на нябёсы, у “райскія кушчы”, сустрэцца там з Ісусам Хрыстом, Маткай Боскай, сьвятымі пакутнікамі і сваімі памерлымі сваякамі. Каб гэтая праграма была выкананая без перашкод трэба было выконваць вядомыя ўсім правілы: быць пачцівым хрысьціянінам, дапамагаць касьцёлу і убогім, спаўняць свой абавязак перад сям’ёй і айчынаю. Калі існавалі сумненьні ва ўласнай дасканаласьці, неабходна было ўзмацніць дапамогу сьвятому касьцёлу і бедным. Таму – найперш зь імкненьня забясьпечыць сабе месца ў раі, фундаваліся шматлікія касьцёлы й кляштары, засноўваліся шпіталі й прытулкі для ўбогіх.”

(Ракіцкі: ) “ Значыць, многія помнікі нашай культуры паўсталі менавіта дзеля лепшага загробнага жыцьця беларускай шляхты й магнатэрыі?”

(Арэшка: ) “Менавіта так. Але дабрабыт нябожчыка забясьпечвалі яшчэ шматлікія імшы, якія ладзіліся ня толькі ў каталіцкіх касьцёлах, але й праваслаўных ці ўніяцкіх цэрквах. А памінальныя імшы замаўляліся часам на дзесяцігодзьдзі наперад.”

(Ракіцкі: ) “Імшы былі часткай пэўнай цырымоніі. А шляхецкія пахавальныя цырымоніі згадваюцца цяпер нават у падручніках па гісторыі нацыянальнага тэатру, як “паратэатральныя”, гэта значыць, па-за тэатральныя відовішчы. Чаму менавіта з тэатрам параўноўваюць пахаваньне ў Рэчы Паспалітай?”

(Арэшка: ) “Мадэль сусьвету эпохі барока будавалася паводле прынцыпу грандыёзнага тэатру – “тэатру сусьвету”, дзе ўсё адбываецца згодна адпаведнага сцэнару, дзе кожны ўдзельнік мае сваю ролю, якую мусіць сумленна выканаць, і за ўсё адказвае адзіны аўтар і пастаноўшчык – Госпад Бог. Жыцьцё асобнага чалавека было часткай гэтай ўсеагульнай пастаноўкі, але таксама складала і як бы асобны спэктакль. Усе сваё жыцьцё чалавек барока праводзіў на сцэне – апранаў касьцюмы, прымаў адпаведныя позы, адказваў на рэплікі. Сьмерць была важнай, але не самай апошняй часткай гэтай драмы. Увогуле, я параўнаў бы і саму сьмерць чалавека з цэлым спэктаклем, які можна падзяліць на некалькі пасьлядоўных дзеяў.”

(Ракіцкі: ) “І першы акт – гэта, напэўна, сама сьмерць?”

(Арэшка: ) “У нашым выпадку – гэта “добрая сьмерць” шляхціца. Яна адбывалася ў прысутнасьці шматлікіх гледачоў і партнэраў… Затым, дзея дзялілася на два накірункі – нябесныя прыгоды душы й зямныя прыгоды тленнага цела.”

(Ракіцкі: ) “Сканцэнтруемся на апошнім сюжэце.”

(Арэшка: ) “Другі акт быў прысьвечаны падрыхтоўцы цела да пахаваньня, якое адбывалася празь некалькі тыдняў, а часам і месяцаў пасьля скону. Гэта тлумачылася тым, што неабходна было вырабіць пышную труну й аздабленьне для цырымоніі, запрасіць усіх магчымых гасьцей.

Часам сытуацыя ўскладнялася тым, што чалавек паміраў далёка ад меркаванага месца пахаваньня – а магнатэрыя павінна была спачываць у родавых склепах, як, напрыклад, у вядомым радзівілаўскім склепе нясьвіскага касьцёла Божага Цела. Зрэшты бывала, што паховіны адкладаліся з-за таго, што ў нашчадкаў не хапала сродкаў на годнае пахаваньне, ці перашкаджалі зьнешнія абставіны, напрыклад, вайна. Бывала так, што нябожчык ня быў адпаведна пахаваны на працягу дзесяцігодзьдзяў ці ўвогуле – назаўжды.

Так, Міхал Казімер Радзівіл у сваім “Дыярыюшу” згадвае, што разам з паховінамі сваёй маці пахаваў у 1747 годзе і свайго сваяка, наваградзкага ваяводу Яна Радзівіла, які чакаў належнага абраду з 1729 году, бо сын ягоны, Марцін, не паклапаціўся пра свой абавязак.”

(Ракіцкі: ) “Як жа ў такім разе перахоўваліся гэты непахаваныя парэшткі? Ці, як у старажытным Эгіпце, у Беларусі існавала традыцыя прыгатаваньня мумій?”

(Арэшка: ) “Вядома. Муміфікацыяй звычайна займаліся прыдворныя лекары, а часам, нават і цырульнікі. Увогуле, у часы сарматызму да сэкцыі парэшткаў ставіліся як да неабходнай рэчы. Многія мэмуарысты апісваюць выгляд і стан вантробаў сваіх знаёмых ці сямейнікаў. Той жа Міхал Казімер Радзівіл згадвае, пішучы пра сьмерць свайго цесьця Януша Вішнявецкага, між іншым: “Сёньня князя, айца нашага несьмяротнай памяцi, экзэнтэравана i вялiкiя каменьнi знойдзена ў жоўцi.» Да пахаваньня цела звычайна захоўвалася ў касьцёле, адкуль яго, калі надыходзіў час, выпраўлялі на акт трэці – кульмінацыйны.

(Ракіцкі: ) “Зноў зьвернемся да нашага сьведкі – князя Радзівіла:

Ішлі ад самай Рудаўкі да Нясьвіскага фарнага касьцёлу грамады й мужы ўсяго княства Нясьвіскага й грабства Мірскага парамі, кожны ў руцэ несучы сьвечку. Потым цэхі й месты ўсе, у тым жа ваяводзтве Наваградзкім быўшыя, адпаведным ішлі парадкам, цэхі са стрэльбамі, а месты са сьвечкамі; пасьля іх ішоў пешы рэгімэнт ягамосьць пана Пацея, вялікага гетмана. За ім петыгорыя і гусарыя йшлі. За імі йшлі брацтвы ў капах, потым айцы бэрнардыны, дамінікане, айцы езуіты; клірыкі дыяцэзыяў Луцкай ды Віленскай; за імі йшлі інфулаты й чатыры біскупы; за імі воз шасьціконны, на якім цела стаяла, коні й людзі ў кармазынавых аксамітных капах, з залатым галёнам і цалун такі ж самы; дваццаць чатыры пакаёвых з паходнямі, таксама ў капах вакол возу йшлі. За цалун, за возам ідучы, трымаліся мы самыя: сьпярша радзіна – браты й сёстры, потым князь Мікалай Радзівіл, мечнік Вялікага Княства Літоўскага з Барбараю Завішанкаю, жонкаю сваёй, ягамосьць пан Дэнгаф, польны гетман, пан Заранх, стараста Жмудзкі й сіла іншых сэнатараў, дыгнітараў і ураднікаў Вялікага Княства Літоўскага конна, і так.

З гэткаю фунэбральнаю помпаю прайшлі мы празь места. Перад брамаю прамову меў ксёндз Дэ Лятур, прымаючы цела да места; як сталі на цьвінтары, ксёндз Антоні Вайніловіч, казнадзей Нясьвіскі, пасля ягонай прамовы айцы езуіты труну з возу зьнялі й самі занесьлі да касьцёлу ды паставілі на катафалк, які разам з касьцёлам каштоўна й вельмі пекна быў ілюмінаваны. Пры гэтым рэгімэнты пешыя й драгонія тры разы выдалі сальвы, тое ж і цэхі ўчынілі, пры гучным біцьці ў замку з гарматаў.”

(Арэшка: ) “Гэтую канчатковую цырымонію называлі на лаціне рompa funebris – пахавальная ўрачыстасьць. Важную ролю ў гэтай дзеі адыгрываў часта сам нябожчык, дакладней, ягоны двайнік, які, апрануты ў строй памерлага ехаў за труною, а потым выслухваў у касьцёле пахавальныя прамовы, якія цягнуліся некалькі гадзінаў. Перад тым, як труну зь целам апускалі ў лёхі касьцёлу гэты архімім (так, па тэатральнаму яго й называлі тады) зьяўляўся перад труною на кані і з грукатам падаў зь сядла на падлогу, сымбалізуючы сьмерць галоўнага героя спэктаклю. Калі нябожчык меў вайсковыя і грамадзянскія пасады, іншыя акторы таксама конна перад труною зьнішчалі сымбалі ягонай зямной улады. Міхал Казімер Радзівіл піша пра пахаваньне Яна Радзівіла:

«Паколькi князь меў сваю петыгорскую харугву, дык кiдаў шаблю пан Касажэўскi, таварыш харугвы князя, старасты Рэчыцкага, капьё крушыў пан Пратасевiч, таварыш мой петыгорскi, харугву кiдаў ь пан Копец, харунжы петыгорскi князя крайчага, буздыган кiдаў пан Карнiцкi, паручнiк петыгорскi, потым цела князя ўнесьлi да склепу, а рэгiмэнт мой пешы з шасьцi гарматаў агня па трыкроць даваў.»

Труна да гэтага моманту стаяла ў цэнтры касьцёлу на пышна ўпрыгожаным катафалку. Адным з абавязковых элемэнтаў труны быў гэтак званы трумэнны партрэт – дакладная выява памерлага, дапасаваная да тарца труны ў нагах. Такім чынам, вочы нябожчыка, паказанага часта ў росквіце жыцьця, неадступна сачылі за тым, што адбывалася. Потым гэты партрэт звычайна выстаўляўся ў касьцёле “на вякі”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, у месцы пахаваньня складалася галерэя продкаў, накшталт тых, што аздаблялі залі замкаў і палацаў?”

(Арэшка: ) “Так, памерлы займаў сваё месца сярод прадстаўнікоў свайго роду. Нашчадкі жылі, адчуваючы пільны нагляд продкаў. Продкі былі сумленьнем роду, яны давалі прыклады годнасьці, а часам і подласьці, на якіх вучыліся нашчадкі. З роду ніхто не павінны быў зьнікнуць. Фізычная наяўнасьць продкаў – у партрэтах, у надмагільных дошках, у скульптурах, у трунах, якія рэгулярна наведвалі ў сямейным склепе, павінна была нагадваць пра абавязкі, пра мінулае і абавязкова – пра будучыню, якая чакала кожнага. Так адным з найважнейшых чыньнікаў шляхецкай культуры і шляхецкай маральнасьці станавілася пачуцьцё пераемнасьці роду, родавая памяць.”

(Ракіцкі: ) “Здаецца мне, гэта тое, што ўсё больш губляецца ў сучасным грамадзтве. Але ці былі наступныя дзеі ў пахавальным спэктаклі часоў залатой вольнасьці?”

(Арэшка: ) “Чацьвертай дзеяй звычайна быў шчодры пачастунак для гасьцей і духоўных асобаў, якія бралі ўдзел у цырымоніі. За сталы часам усаджвалі па некалькі сотняў чалавек. Частаваліся на багатых пахаваньнях па некалькі дзён, і жалобны банкет раз-пораз ператвараўся ў шумную папойку з рознымі забавамі – фэервэркамі і паляваньнем.”

(Ракіцкі: ) “А ці абавязковаю была гэткая пышнасьць, якая, згадзіцеся межавала з марнатраўствам? Ці ўсе ў тыя часы так рабілі?”

(Арэшка: ) “Здаралася, што ня сьмерць кармільца, а менавіта раскошныя паховіны пакідалі ягоных дзяцей бяз гроша, бо шмат для каго лепшым здавалася ўлезьці ў пазыкі, але як належыць праводзіць роднага чалавека, чым выклікаць пагалоскі сярод суседзяў пра сваю няўдзячнасьць продкам і скупасьць. Многія ў сваіх тастамэнтах загадвалі пахаваць іх сьціпла, “без помпы”, але нашчадкі знаходзілі спосабы, каб абысьці апошнюю волю нябожчыка. Напрыклад, ладзілі спачатку сьціплыя паховіны, а празь дзень – іншыя, “праўдзівыя”, як трэба. Адразу заўважу, што мы гаворым пераважна пра традыцыі, якія існавалі ў асяродзьдзі заможнай шляхты й магнатэрыі, але й драбнейшая шляхта імкнулася адпавядаць, наколькі было магчыма, узорам “моцных гэтага сьвету”. Напрыклад, аўтар вядомых мэмуараў 18-га стагодзьдзя, беларускі шляхціц “сярэдняй рукі” Марцін Матушэвіч ганарліва прыгадваў, што ў пахаваньні ягонага бацькі ўдзельнічалі 324 каталіцкіх ксяндзы і 150 уніяцкіх.”

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, можна сказаць, што тэатар сьмерці заканчваўся ў буфэце. Але гэта таксама традыцыя, уласьцівая ці ня ўсім часам і народам. Жыцьцё працягвалася для тых, хто заставаўся на зямлі, і, як верылі, адбывалася нараджэньне – пачыналася новае жыцьцё для тых, хто пераходзіў у сьвет іншы.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG