Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Наша Ніва" таксама выдаленая з падпіснога каталёгу


Любоў Лунёва, Менск Чытачы газэты “Наша Ніва” ня змогуць падпісацца на дастаўку яе ў 2006 годзе поштай. Рэдакцыя высьветліла, што ў падпісным каталёгу няма іхнага выданьня. Як высьвятляецца, у ім няма і шэрагу недзяржаўных рэгіянальных газэтаў. Афіцыйных лістоў ад "Белпошты" аб скасаваньні дамовы на распаўсюд газэтаў рэдактары не атрымлівалі.

Рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько даведаўся, што на газэту нельга падпісацца, ад чытачоў. На пошце насамрэч высьветлілася, што яе няма ў каталёгу. Апроч “Нашай Нівы”, зь яго зьніклі рэгіянальныя недзяржаўныя выданьні “Газэта Слонімская”, “Вольнае Глыбокае”, “Витебский курьер”, “Брестский курьер” і баранавіцкая газэта “IntexPress”.

Раней з каталёгу “Белпошты” зьніклі “Народная Воля” і маладэчанская “Рэгіянальная газэта”.

Рэдакцыя “Нашай Нівы” не атрымала афіцыйнага папярэджаньня ад “Белпошты” пра скасаваньне дамовы на распаўсюд газэты.

Галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько лічыць, што, калі газэты не будуць распаўсюджвацца праз “Белпошту”, то гэта будзе злачынствам супраць беларускай культуры.

(Дынько: ) "Гэта сьведчыць аб тым, што ў краіне няма больш ніякіх правілаў і аб тым, што ў Беларусі больш ня можа быць свабодных выбараў. Таму, на маю думку, стратэгічна гэта моцна аслабляе сам рэжым. Што ж датычыць “Нашай Нівы”, рэгіянальных газэтаў, то гэта яшчэ й культурнае злачынства. Беларуская прэса, беларускамоўныя выданьні, складаюць 10% ад усіх выданьняў, але яны складаюць 70% ад усіх забароненых выданьняў. Гэта вынішчэньне беларускай культуры".

Газэта “Наша Ніва” мае інтэрнэт-старонку. Рэдакцыя не выключае, што наступным крокам улады паспрабуюць заблякаваць сайт газэты.

Зьнешнія спасылкі: • nn.by – афіцыйны сайт "Нашай Нівы"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG