Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераможца Канскага фэстывалю і "Оскару" Анджэй Вайда – на "Свабодзе"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Госьць Свабоды – выбітны польскі тэатральны і кінарэжысэр Анджэй Вайда, атрымальнік найважнейшых у сьвеце фільму ўзнагародаў, у тым ліку “Оскара” і “Пальмавай галіны” ў Канах, палітык і грамадзкі дзеяч, кавалер найвышэйшых дзяржаўных узнагародаў шэрагу краінаў – Польшчы, Японіі, Баўгарыі, Францыі, чалец францускай кінаакадэміі, якога абралі на месца памерлага Фэдэрыка Фэліні. Вайду цяпер 79 гадоў, ён зьняў каля 40 фільмаў, некаторыя зь якіх сталі клясыкай усясьветнага кіно. З Анджэем Вайдам размаўляе наш варшаўскі карэспандэнт.

“Добры пан Бог даў кінарэжысэру два вокі, каб адным глядзеў у камэру, а другім пільна назіраў за ўсім, што адбываецца вакол яго”, – гэтак Анджэй Вайда кажа пра сваю прафэсію.

Вайда нарадзіўся ў 1926 годзе ў Сувалках у сям’і афіцэра польскага войска і настаўніцы. Сам сябе ён называе “інтэлігентам у другім пакаленьні” і ганарыцца тым, што яшчэ ягоны бацька быў сынам селяніна з-пад Кракава. Дарэчы, бацьку ў 1939 годзе забралі ў палон “саветы” і забілі ў Катыні.

Да біяграфіі рэжысэра мы яшчэ вернемся, а цяпер пяройдзем да размовы з Анджэем Вайдам. На інтэрвію з рэжысэрам ня трэба было доўга чакаць – пасьля вяртаньня з Парыжу ён пагадзіўся сустрэцца, папрасіўшы пры гэтым прабачэньня, што ня змог зрабіць гэтага хутчэй.

Нашую размову я пачаў зь ліста шэрагу выбітных польскіх творцаў, палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў у падтрымку дэмакратычных пераменаў у Беларусі, што быў надрукаваны сёлета ў “Газэце выборчай”. Анджэй Вайда апошнім часам ня часта выступае ў палітычных ці грамадзкіх справах і таму я запытаўся, чаму для Беларусі было зробленае выключэньне. Ці значыць гэта, што рэжысэр лічыць важнымі для палякаў беларускія праблемы?

(Вайда: ) “Так, я лічу гэта важным. На маю думку, такія звароты, усё ж не застаюцца незаўважанымі. Акрамя гэтага, ведаеце, гэта ненармальна, калі тыя хто разумее, што адбываецца, маюць свой погляд на тое, што адбываецца і маюць за сабой доўгае жыцьцё, жыцьцёвы вопыт – таксама грамадзкі і палітычны, маўчалі. Для мяне гэта проста абавязак. Канечне, сёньня усё часьцей можна пачуць галасы, якія кажуць, а што там гэтыя інтэлектуалы-маралісты, нам усё дазволена, ніякіх аўтарытэтаў няма. Я не магу з гэтым пагадзіцца, бо гэта няправільна. На маю думку, таксама як настаўнікі вучаць дзяцей, а ў палітыцы і грамадзкім жыцьці выступаюць дасьведчаныя грамадзкія дзеячы ці палітыкі, інтэлектуалы, аўтарытэтныя людзі ў галіне культуры таксама маюць права выказацца, незалежна ад таго, што гэта можа камусьці не падабацца”.

Аказалася, што Анджэй Вайда, які аб’езьдзіў ледзь ня ўвесь сьвет ніколі за свае 79 гадоў ня быў у Беларусі. Як так магло здарыцца?

(Вайда: ) “Не, уявіце сабе, што я ніколі ня быў у Беларусі цягам свайго доўгага жыцьця. Патлумачу чаму. Ведаеце, калі мае фільмы, напрыклад,у савецкія часы і паказвалі ў Савецкім Саюзе, дык гэта былі выключна два месцы – Масква і тагачасны Ленінград. Там, канечне, былі найвялікшыя савецкія кінастудыі. Туды мяне таксама, часам выклікалі, калі былі нейкія арганізацыйныя пытаньні. Ну і там, паўтаруся, у гэтых двух гарадах, часам дэманстравалі мае фільмы. Так што ў Беларусі я ніколі ня быў, ну але гэта не адзінае месца на зямлі дзе я ня быў, так што ёсьць яшчэ куды паехаць”.

У савецкія часы фільмы, зробленыя ў Беларусі, Украіне, ці Літве, называлі аднолькава – “савецкім кіно”. З гледзішча выбітнага творцы, які жыў і працаваў у тыя часы ў Польшчы, ці сапраўды усе фільмы з Савецкага Саюзу былі аднолькавыя, савецкія?

(Вайда: ) “Украінскае кіно мела іншы характар, адрозьнівалася ад іншых савецкіх фільмаў. Рэч у тым, што на ўкраінскае кіно несумненна меў уплыў Даўжэнка – гэта быў чалавек зь вялікім талентам, які цяжка пераацаніць. Калі савецкае кіно толькі паўставала, ён унёс у гэтыя сухія, фармальныя фільмы элемэнты паэзіі прыроды, пачуцьцяў. Ранейшыя савецкія фільмы, зробленыя пад дыктоўку сыстэмы, гэтага ня мелі”.

У часе вайны Анджэй Вайда жыў у Кракаве і цяжка працаваў у майстэрні свайго дзядзькі. Той, дарэчы, хаваў у сваёй хаце габрэяў, так што будучы рэжысэр мог у кожны момант загінуць, калі б пра гэта даведаліся нямецкія акупанты. Вайда кажа, што менавіта тады добра зразумеў, што такое цяжкая фізычная праца і потым, калі здымаў свае знакамітыя фільмы, сярод якіх “Чалавек з мармуру”, прысьвечаны лёсу рабочага, дык добра ведаў, што робіць.

Пасьля сканчэньня Другой усясьветнай вайны Вайда пайшоў вучыцца ў кракаўскую акадэмію мастацтваў ім Яна Матэйкі, бо, маючы здольнасьці да маляваньня, хацеў стаць мастаком.

“Даволі хутка мы зразумелі, што тут ёсьць нейкая супярэчнасьць. Мы малюем акты, кветкі, карціны ў стылі францускага мастацтва, але наш ўласны досьвед, сьвет, быў зусім іншы. Мы бачылі акупацыю, канцлягэры, бачылі ўвесь гэты бруд, некаторыя з нас прыйшлі ў акадэмію адразу з войска. Мы адчувалі, што маем, хочам сказаць нешта іншае але праз гэтае мастацтва не ў стане выказаць таго, што мы хочам сказаць...” – успамінае будучы рэжысэр.

Пасьля трох гадоў навучаньня ў кракаўскай акадэміі мастацтваў Вайда зразумеў, што гэта ня тое, чым ён хацеў займацца і тады, выпадкова пабачыўшы аб’яву аб прыёме студэнтаў у Школу кіно ў Лодзі, вырашыў пайсьці туды...

Перад тым, як задаць наступнае пытаньне, працытую словы зь ліста-рэкамэндацыі выбітнага рэжысэра Сьцівена Сьпілбэрга, які той напісаў чальцам амэрыканскай кінаакадэміі, калі Вайда быў намінаваны на “Оскара”.

“Прыклад Анджэя Вайды нагадвае нам, стваральнікам фільмаў, што часам гісторыя можа спраўдзіць наколькі мы адважныя, змусіць нас здаваць нечаканы і сур''ёзны іспыт, калі гледачы будуць чакаць ад нас падтрымкі іхнага духу, калі мы можам апынуцца перад неабходнасьцю рызыкнуць кар''ерай каб абараніць гонар і свабоду нашых грамадзтваў”.

Сапраўды, у сацыялістычныя часы, людзі мастацтва, у тым ліку і рэжысэры, нярэдка апыналіся перад няпростым выбарам – ісьці на кампраміс і мець усё, ці заставацца бескампрамісным і ня мець нічога.

Ці павінен увогуле творца выказвацца, браць удзел у нейкіх грамадзкіх, палітычных справах, калі ягоны народ, ягоная краіна ў няволі?

(Вайда: ) “Рабіць нешта ў любым выпадку трэба – такую традыцыю мае польскае мастацтва. Творца ня можа маўчаць, калі дрэнна ягонаму народу. Вялікія творы польскай літаратуры нарадзіліся ў эміграцыі, у Парыжы. Міцкевіч, Славацкі, Норвід – нашыя найвялікшыя літаратары былі эмігрантамі. Яны пісалі за мяжой, у тым ліку, і творы грамадзкага характару. Такія творы былі тады патрэбныя.

Краіна, якая больш за стагодзьдзе адсутнічала на мапе Эўропы, захоўвалася ў марах і культурнай сьвядомасьці палякаў, і дзякуючы гэтаму Польшча адрадзілася. У часы ПНР было дзьве дарогі. Першая, і я вельмі паважаў тых, хто абраў гэты шлях, палягала ў тым, каб быць у жорсткай апазыцыі да ўладаў. Я дасканала разумеў і паважаў гэты супраціў. Але гэта азначала, што яны цалкам адсутнічалі ў мастацтве – кіно, літаратуры, тэатры. Быў і іншы шлях – спрабаваць нешта рабіць у тых абмежаваных умовах, якія ёсьць. Цяжка было палагодзіць адно з другім.

Калі я рабіў, напрыклад, такі фільм, як “Чалавек з мармуру”, а гэты фільм быў абсалютна “непрахадны” з пункту гледжаньня тагачаснай цэнзуры, дык калі б я ў тым часе выступаў зь нейкімі заявамі пратэсту ці браў удзел ў акцыях пратэсту, дык гэта была б найлепшая зачэпка, каб забараніць ня тое што пракат, а нават здымкі фільму. Так што трэба было выбіраць.

Я лічу, што мне было і ёсьць што сказаць гэтым фільмам палякам, а перадусім да палякаў я заўсёды зьвяртаўся ў сваёй творчасьці, таму трэба было вырашаць. Калі я хацеў размаўляць з польскім гледачом, з польскім грамадзтвам пры дапамозе сваіх фільмаў, дык я быў вымушаны пазьбягаць пэўных палітычных дэклярацыяў, якія зрабілі б немагчымай ня толькі дэманстрацыю маіх фільмаў, але і напэўна таксама здымкі”.

Фільм Анджэя Вайды “Чалавек з мармуру” быў зьняты ў 1977 годзе і стаў адным з найбольш значных фільмаў у польскай гісторыі. Галоўны герой стужкі – а падзеі адбываюцца ў 1950-я гады – муляр Матэуш Біркут, якога малады кінадакумэнталіст разам з партыйным кіраўніком адной з ударных будоўляў вырашылі выкарыстаць, каб ўсталяваць новы рэкорд у хуткасьці кладкі цэглы. Дакумэнталіст атрымлівае добры матэрыял, а кіраўнік будоўлі – прасоўваецца далей па партыйнай лесьвіцы, абодва – пахвалу партыйнага начальства. Для гэтага абраны менавіта Біркут – разам з памочнікамі ён, натуральна пад наглядам спэцслужбаў, павінен пакласьці 30 тысячаў цаглінаў цягам адной зьмены.

Сам Біркут верыць, што ягоная працоўная ахвяра патрэбная, перадусім, радзіме і адкідае сумненьні свайго сябра, таксама будаўніка, які не без падставаў лічыць, што іх могуць выкарыстаць толькі для таго, каб зрабіць фільм – бо будучых рэкардсмэнаў добра кормяць, дбаюць пра іх.

(Біркут: ) “Ты што, думаеш, што я гэта для фільму раблю! Не! Уяві, калі б так хутка ўсе працавалі, дык дом можна было б пабудаваць за два тыдні, а можа і цягам тыдня! Гэта ж цудоўна, усе мелі б дзе жыць. Ну дык зробім жа гэта!”

Біркут становіцца героем працы, атрымлівае кватэру, але потым, калі ў выніку няшчаснага выпадку на будоўлі ён ужо ня можа быць скарыстаны ў якасьці жывой “агіткі”, улады забываюцца на нядаўняга героя, спэцслужбы арыштоўваюць ягонага найлепшага сябра. У выніку – горкае расчараваньне ў тагачаснай сыстэме і парадках.

Паводле сцэнару, свой дакумэнтальны фільм – дыплёмную працу, пра Матэуша Біркута спрабуе ў Польшчы 1970-х гадоў зьняць маладая рэжысэрка Агнешка, якая ў выніку працы над фільмам і даведваецца пра ягоную трагедыю.

Цяжка ўявіць, каб такі фільм быў зьняты а тым больш паказаны ў 1970-я гады, напрыклад, у Савецкім Саюзе. Як гэта было магчыма ў сацыялістычнай Польшчы? Прычым тут гаворка ня толькі пра “Чалавека з мармуру”, але пра шэраг фільмаў іншых рэжысэраў, якія ўтрымлівалі адкрытыя зьдзекі з сацыялістычнага ладу.

(Вайда: ) “У Польшчы, трэба сказаць, была крыху іншая сытуацыя. Так, была апазыцыя, але з другога боку барыкадаў таксама былі людзі, якія хацелі нешта зрабіць для польскай культуры. Вось вам прыклад – міністар культуры ПНР Юзэф Тэйхма, ад якога цалкам залежала, зьявіцца ці ня зьявіцца фільм “Чалавек з мармуру” на экранах, ці будзе ўвогуле зьняты, дапамог, але наступствы для яго былі значна больш сур''ёзныя, чым для мяне, бо палітычныя наступствы заўсёды былі ў тыя часы больш сур''ёзныя. Шанцы былі – яны, канечне, то павялічваліся, то памяншаліся, але той, хто рабіў шмат фільмаў так як я, меў шанец, што ў той момант, калі раптам, з прычыны зьмены першага сакратара, ці іншых палітычных зьменаў, нейкі як цяпер кажуць не зусім “паліткарэктны” фільм атрымаецца ўсё ж зрабіць. Бо шмат якія фільмы ня мелі шансаў зьявіцца дзесяцігодзьдзямі. Напрыклад сцэнар “Чалавека з мармуру” чакаў 12 гадоў, пакуль атрымалася зьняць па ім фільм”.

Але ад грамадзкай і апазыцыйнай дзейнасьці Анджэй Вайда ўсё ж ня змог устрымацца. У 1981 годзе ён стаў чальцом камітэту дарадцаў пры Леху Валэнсе, а пазьней ужо ў вольнай Польшчы – сэнатарам, працягваючы пры гэтым здымаць фільмы. Але пра гэта ў наступнай частцы нашага інтэрвію.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG