Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы на поўначы Італіі


Ганна Сурмач, Прага (Этэр 25 кастрычніка 2005) Новая перадача сэрыі "Беларускае замежжа". Удзельнічаюць Аляксандр Яшчанка (Трэнта), Ірына і Вольга (Рэвэрэта).

Беларускі студэнт у паўночна-італьянскім горадзе Трэнта Алесь Яшчанка сьцьвярджае, што вучыцца ў Італіі моладзі зь Беларусі ня цяжка. Беларусам лягчэй даецца італьянская мова, бо яна мае некаторае падабенства зь беларускім маўленьнем. З Алесам Яшчанкам і зь яшчэ дзьвюма беларускамі, якія жывуць у ваколіцах Трэнта вы пазнаёміцеся бліжэй, у гэтым выпуску перадачы “Беларусы за мяжой”.

(Сурмач: ) “Алесь Яшчанка ў Трэнта зусім нядаўна, сёлета ён паступіў вучыцца ў тамтэйшы ўнівэрсытэт. Трэнта – горад са 100-тысячным насельніцтвам, да першай усясьветнай вайны гэты рэгіён належаў Аўстрыі”.

(Яшчанка: ) “У Італіі я раней вучыўся ў Пэруджы, у цэнтры Італіі, там унівэрсытэт для замежных студэнтаў, адзін з двух у краіне. Я вывучаў італьянскую мову, гэта кшталту падрыхтоўчых курсаў. У Менску я скончыў факультэт журналістыкі БДУ”.

(Сурмач: ) “Па той жа спэцыяльнасьці зараз вучыцеся?”

(Яшчанка: ) “Не, я вывучаю мовы, вучуся на перакладчыка – італьянская, ангельская, француская. Я вучуся на факультэце лінгвістыкі, дакладней, мая спэцыялізацыя – лінгвістыка для імпрэзаў і турызму”.

(Сурмач: ) “Як Вы знайшлі гэтую магчымасьць навучацца ў Італіі?”

(Яшчанка: ) “Некаторыя замежныя ўнівэрсытэты даюць магчымасьць студэнтам, якія жывуць па-за межамі Эўразьвязу, атрымаць стыпэндыю і атрымаць даволі добрую адукацыю на эўрапейскім узроўні.

Трэба падаць дакумэнты аб тым, што Ваш даход не перавышае 10 тысяч эўра, а таксама – колькі дзяцей у сям''і, заробкі бацькоў, памеры жытла.

Падаваць трэба ў амбасаду Італіі ў Менску. Потым я здаў іспыты ў італьянскай і ангельскай мовах.

Не абавязкова ў Пэруджы вучыцца, можна вучыць мову ў Менску, ёсьць курсы. Мову лепш вывучаць дома, бо адукацыя і пражываньне ў Пэруджы каштуе дарагавата”.

(Сурмач: ) “Вы самі выбіралі ўнівэрсытэт у Італіі, ці Вас накіравалі ў Трэнта?”

(Яшчанка: ) “Сам выбіраў. Я пайшоў туды мэтанакіравана, бо ведаў дзяўчыну, якая там вучылася ўжо год, па яе сьлядох пайшоў”.

(Сурмач: ) “Так што Вы там не адзіны беларускі студэнт?”

(Яшчанка: ) “Ёсьць, вучацца студэнты-беларусы. Я чуў пра тое, што ёсьць асьпіранты-беларусы, матэматыкі. Ёсьць нават выкладчыца ў нашым унівэрсытэце беларуска, выкладае расейскую мову, мне пра гэта казалі знаёмыя.

Тут ёсьць беларусы і даволі шмат. Я бачыў у інтэрнэце зьвесткі пра тое, што быццам тут недзе каля 300 чалавек, але, мне здаецца, гэта перабольшваньне. Я не сустракаў так шмат, ведаю недзе чалавек пяць”.

(Сурмач: ) “Алесь, Вы скончылі ўнівэрсытэт у Беларусі, а як спадабалася Вам італьянская сыстэма адукацыі, чым яна адрозьніваецца ад беларускай?”

(Яшчанка: ) “Наша больш звыклая для мяне, ў нас ёсьць расклад заняткаў, а тут пэўнага раскладу няма. Заходзіш у Інтэрнэт і глядзіш на пэўны дзень, якія ўвогуле чытаюцца лекцыі, з гэтага можаш сам выбіраць, куды ісьці ў залежнасьці ад таго, якія іспыты будзеш здаваць.

Тут сыстэма адзнакаў іншая – 30 балаў самая высокая і 18 балаў – самая нізкая, мне здаецца, што гэтая сыстэма больш аб''ектыўна ацэньвае веды”.

(Сурмач: ) “У сэнсе матэрыяльнага забесьпячэньня як Вам жывецца?”

(Яшчанка: ) “Тут вельмі высокія сацыяльныя дапамогі студэнтам, напрыклад, ёсьць магчымасьць для студэнтаў арандаваць ровар за 2 эўра ў месяц і езьдзіць на ім па горадзе, калі праязны на аўтобус каштуе 35 эўра. Стыпэндыю выплачваюць два разы ў год”.

(Сурмач: ) “Алесь скарыстаў гэткую магчымасьць набыцьця таннага транспарту і на арандаваным за 2 эўра ровары таксама езьдзіць па горадзе. Ён сказаў, што замацаваў на ім бел-чырвона-белы сьцяжок. Гэткім чынам ён спрабуе выявіць беларусаў, каб пазнаёміцца між сабою і трымаць лучнасьць”.

(Яшчанка: ) “Мы хацелі сарганізаваць нешта кшталту суполкі, каб зьбірацца, размаўляць па-беларуску”.

(Сурмач: ) “Алесь, Вы мне сказалі, што з італьянскай моваю ня мелі праблемаў, што вывучыць яе для беларуса ня цяжка, ці сапраўды гэта так?”

(Яшчанка: ) “Італьянская – вельмі простая мова, троху да беларускай падобная, некаторыя гукі падобныя. Расейцы тут не могуць вымавіць гук "Ч", а беларусам гэта проста, бо ў нас ён вымаўляецца дакладна так, як у іх. Ёсьць нават словы падобныя, напрыклад, патэльня будзе патэлла і іншыя”.

(Сурмач: ) “Як ставяцца да Вас студэнты з якімі побач вучыцеся?”

(Яшчанка: ) “Ставяцца добра, у мяне зьявіліся сябры, дапамагаюць актыўна, асабліва разабрацца ў раскладзе, бо я там пакуль ня ўсё разумею. Выкладчыкі таксама. Добра ўсе ставяцца, яны добрыя людзі. Італьянцы вельмі цёплы народ.

Спадзяюся, што ў будучым яны да нас будуць езьдзіць вучыцца”.

(Сурмач: ) “А як Вы думаеце пра сваю будучыню пасьля Італіі?”

(Яшчанка: ) “Думаю вяртацца дадому, але буду глядзець на сытуацыю ў нашай краіне”.

***

(Сурмач: ) “Калі Алесь Яшчанка прыехаў у Трэнта, ён напачатку прыпыніўся ў сям''і беларускай жанчыны – Ірыны, якая разам з двума дзецьмі жыве паблізу Трэнта ў мястэчку Рэвэрэта.

Спадарыня Ірына прыехала зь Менску ў Італію на працу чатыры гады таму, цяпер яна працуе ў Доме састарэлых".

(Ірына: ) "Я сюды прыехала даглядаць адну бабулю, але яна памерла, і я пайшла туды працаваць, мне падказалі знаёмыя італьянцы, што там ёсьць магчымасьць дастаць працу".

(Сурмач: ) “У адной з нашых перадачаў мы ўжо распавядалі пра тое, што апошнім часам у Італію сталі выяжджаць жанчыны зь Беларусі на працу па даглядзе за старымі людзьмі. Бальшыня з іх выяжджае па звычайнай візе, і там ужо яны самі шукаюць мейсца і працуюць нелегальна. Вы таксама трапілі ў Італію такім чынам?"

(Ірына: ) "Не, я прыехала легальна. Раней я езьдзіла ў Італію, суправаджала чарнобыльскіх дзяцей, якія выяжджалі сюды на аздараўленьне. Пазнаёмілася з прэзыдэнтам арганізацыі, якая запрашала дзяцей, яна мне дапамагла, знайшла сям''ю, дзе патрэбна было даглядаць бабулю. Таму я прыехала адразу легальна. Чакала больш за год пакуль мне далі дазвол на працу і візу.

Канечне, напачатку было нялёгка, тут шмат фізычнай працы, а я ніколі фізычна не працавала ў Беларусі. Па адукацыі я мэдык, працавала лекаркай. А тут мая праца – гэта нешта сярэдняе паміж мэдсястрой і санітаркай. Каб працаваць нават на такой пасадзе, тут патрэбна вучыцца два гады ў спэцыяльнай школе".

(Сурмач: ) "І Вам давялося вучыцца?"

(Ірына: ) "Не, дырэктарка нашай установы ўзяла пад увагу, што я лекар па адукацыі, зрабіла гэта неафіцыйна і прыняла мяне на працу".

(Сурмач: ) “Гэта дзяржаўная ці прыватная ўстанова?”

(Ірына: ) “Гэта прыватная ўстанова, кіруюць ёю манашкі. Кліенты там плацяць даражэй, чым у дзяржаўным. А мы – супрацоўнікі, наадварот, зарабляем менш, чым у дзяржаўных. Тут для састарэлых людзей лепшы догляд, амаль хатнія ўмовы, бабулі выглядаюць добра дагледжанымі”.

(Сурмач: ) “Як выглядае догляд за старымі ў параўнаньні з Беларусьсю?

Беларускі прэзыдэнт увесь час гаворыць пра тое, што дзяржава клапоціцца пра старэйшых людзей, і пэнсіянэры там лічаць, што жывецца ім лепш, чым у іншых краінах?"

(Ірына: ) “Правільна, бо яны нічога лепшага ня ведаюць. Мне здаецца, што нават нельга параўнаць беларускіх і італьянскіх пэнсіянэраў”.

(Сурмач: ) “Вы адна працуеце, наймаеце жыльлё і маеце двое дзяцей, хапае на жыцьцё Вашага заробку?”

(Ірына: ) “Вядома, мне цяжка, канечне, лічу кожную капейку, але спраўляемся. Ёсьць праблемы, але яны розьняцца ад беларускіх. Галоўнае, што ў мяне тут няма праблемы накарміць і апрануць дзяцей. У Беларусі на зарплату лекара з двума дзяцьмі я б не выжыла. Што я дзецям у Беларусі дала б, якую будучыню? А тут, калі і самі яшчэ прыкладуць высілкі, вывучацца і ў іх будзе лепшае жыцьцё. А ў нас там, каб вучыцца, усё платнае”.

(Сурмач: ) “А што, ў Італіі адукацыя бясплатная?”

(Ірына: ) “Не, але, калі, напрыклад, зарплата лекара ў Беларусі недзе 100 даляраў, а за год вучобы трэба заплаціць каля 800-1000 даляраў, дык так жа каштуе і ў Італіі, але зарплата тут іншая”.

(Сурмач: ) “Не плянуеце пакуль вяртацца дахаты? Вядома, што ў Італіі час ад часу праводзіцца легалізацыя тых, хто там працуе".

(Ірына: ) “Так, але ў мяне гэтай праблемы няма, бо я прыехала сюды легальна па працоўнай візе. Я маю права на часовае жыхарства і я яго працягваю, прадстаўляю дакумэнты, што ў мяне ёсьць жытло і праца. Пасьля таго, калі я адпрацавала тут два гады, я аформіла дакумэнты на злучэньне сям''і спачатку для дачкі, а нядаўна зрабіла для майго пляменьніка, я зьяўляюся яго адзінай апякункаю. Праз два гады мне ўжо можна будзе атрымаць права на пастаяннае жыхарства”.

(Сурмач: ) “Але толькі ў тым выпадку, калі будзеце мець там і далей працу. Дарэчы, як увогуле ставяцца на працы да Вас, як да замежніцы?”

(Ірына: ) “Ёсьць трошкі складанасьці. Справа ў тым, што наш рэгіён – гэта поўнач Італіі, гэта былая аўстрыйская тэрыторыя. Я раней была ў розных частках Італіі, і мне здаецца, што людзі тут больш закрытыя. Сюды нахлынула шмат замежнікаў, і яны ў некаторым сэнсе ўжо і раздражнёныя гэтым.

Я маю пастаянны кантракт на працу. Часам да нас прыходзяць працаваць італьянкі, іх бяруць спачатку на некалькі месяцаў, калі некаторыя не спраўляюцца, ім адмаўляюць даць пастаянную працу. Вось яны і незадаволеныя, кажуць, што мы сюды прыехалі і занялі іх працоўныя месцы. Але,наша дырэктарка на гэта адказвае: "Ведаеце, увесь гэты наш Дом састарэлых толькі на замежніцах і трымаецца".

(Сурмач: ) “Адкуль там яшчэ працуюць жанчыны?”

(Ірына: ) “З Украіны, Малдовы, Чэхіі. У мяне дзьве сяброўкі – чэшкі, вельмі блізкія, можна сказаць, мае самыя душэўныя сяброўкі”.

(Сурмач: ) “Спадарыня Ірына, ці не спрабавалі Вы там вучыцца, каб працаваць па прафэсіі, Вы ж маеце дыплём аб вышэйшай адукацыі?”

(Ірына: ) “Мне можна было б пацьвердзіць свой дыплём лекара, але мая сытуацыя не дазваляе, не маю на гэта час, я ж не магу ахвяравацца працаю, бо тады мне не працягнуць дазвол на жыхарства, мне і дзецям”.

(Сурмач: ) “Дачка Ірыны Вольга прыехала да маці па сканчэньні ў Беларусі адзінаццаці клясаў сярэдняй школы. Але гэтага ў Італіі недастаткова, каб мець права паступіць ва ўнівэрсытэт, бо тут у сярэдняй школе вучацца 12 гадоў. Цяпер Вольга і яе брат Павал вучацца ў школе.

Вольга, як у Вас з моваю, трэба ж вучыцца на італьянскай?”

(Вольга: ) “Кніжку адкрываеш, бярэш слоўнік і перакладаеш”.

(Сурмач: ) “Вольга досыць хутка адаптавалася да новага жыцьця”.

(Вольга: ) “Мне мама да майго прыезду сюды гаварыла, што тут да замежнікаў дрэнныя адносіны. Можа быць, гэта сустракаецца сярод людзей яе ўзросту. Але сярод моладзі я ўвогуле ні разу не пабачыла, каб да замежнікаў дрэнна ставіліся. Моладзь нашмат больш адкрытая, я на сабе нейкага недаверу ніколі не адчула. Ставяцца, як да роўнага, і ім ўсё роўна адкуль ты прыехаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG