Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея зноў ударыла па аб’ектах энэргетыкі Ўкраіны — у шасьці абласьцях

Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Расейскія вайскоўцы ў ноч на 8 траўня нанесьлі ўдар па Ўкраіне ракетамі і дронамі, на ўсёй тэрыторыі краіны была абвешчаная паветраная трывога. Выбухі былі чуваць у Кіеве, Харкаве, Палтаўскай і Львоўскай абласьцях, паведамляюць мясцовыя СМІ.

Міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка паведаміў, што ў ноч на 8 траўня расейскія ракеты і дроны ўдарылі па абʼектах энэргетыкі ў шасьці абласьцях.

«Зноў масаваная атака на нашу энэргетыку! Атакаваныя абʼекты генэрацыі і перадачы электраэнэргіі ў Палтаўскай, Кіраваградзкай, Запароскай, Львоўскай, Івана-Франкоўскай, Віньніцкай абласьцях», — адзначае Галушчанка.

У Паветраных сілах Украіны паведамілі, што расейскае войска выкарыстала для ўдару па Ўкраіне 55 ракет і 21 ударны дрон. Украінскія вайскоўцы зьнішчылі 59 зь іх: гэта ракеты Х-101/Х-555, «Калібр», кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-59/Х-69 і 20 дронаў «Шагед».

У Данбаскай паліўна-энэргетычнай кампаніі паведамілі, што сур'ёзна пашкоджаныя тры цеплаэлектрастанцыі (ЦЭС) кампаніі.

«Гэта ўжо пяты масавы абстрэл энэргетычных аб'ектаў кампаніі за апошнія 1,5 месяца. У апошні раз вораг атакаваў цеплаэлектрастанцыі ДПЭК падчас нападаў 22 і 29 сакавіка, 11 і 27 красавіка», — заявілі ў кампаніі, дадаўшы, што з пачатку вайны пра абстрэлы станцый тры энэргетыкі загінулі, 51 работнік быў паранены.

Кіраўнік Кіеўскай гарадзкой ваеннай адміністрацыі Сяргей Папко заявіў, што ўсе ракеты і дроны, якія ляцелі на сталіцу, былі зьбітыя. Паводле яго, расейскія вайскоўцы ўдарылі, у прыватнасьці, крылатымі ракетамі Х-101/Х-555/Х-55 з бартоў стратэгічных бамбавальнікаў Ту-95МС. Ракеты заходзілі на Кіеў з розных кірункаў, удакладніў Папко. Паветраная трывога ў сталіцы доўжылася больш за тры гадзіны. Паводле папярэдніх зьвестак, у Кіеве пацярпелых і разбурэньняў няма.

У Палтаўскім раёне дрон трапіў у абʼект энэргетычнай інфраструктуры, у выніку чаго там узьнік пажар, паведаміў кіраўнік адміністрацыі Палтаўскай вобласьці Філіп Пронін. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма.

У Кіраваградзкай вобласьці пашкоджаны «абʼект крытычнай інфраструктуры», а таксама атрымала раненьні васьмігадовае дзіця, паведаміў кіраўнік мясцовай адміністрацыі Андрэй Райковіч. Паводле папярэдняй інфармацыі, разбурана 13 прыватных дамоў і амаль тры дзясяткі гаражоў.

Кіраўнік адміністрацыі Запароскай вобласьці Іван Фёдараў напісаў, што ў ягонай вобласьці мэтай удараў былі абʼекты энэргетыкі і крытычна важнай інфраструктуры. Паводле зьвестак Фёдарава, ёсьць разбурэньні, абышлося без пацярпелых.

Мэр Львова Андрэй Садавы заявіў пра ракеты ў рэгіёне, а пазьней напісаў, што працуе сыстэма паветранай абароны.

Цяпер паветраную трывогу ва Ўкраіне адмянілі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG