Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікам "Атлянту" "рэкамэндавалі" дзелавы стыль адзеньня


Любоў Лунёва, Менск Супрацоўнікі заводу “Атлянт” падпісалі паперу аб тым, што на працу яны мусяць апранацца ў так званым дзелавым стылі. Адміністрацыя заводу, знакамітага сваімі лядоўнямі, тлумачыць гэта адным з патрабаваньняў захаваньня тэхнікі бясьпекі. Раней на менскіх заводах рабочым і служачым не казалі ў якім выглядзе трэба прыходзіць на працу. Некаторыя жынчыны успрынялі рэкамэндацыі адміністрацыі як наступ на іх свабоду.

Тэхнік заводу “Атлянт” Уладзімір Дарошка, які адказвае за тэхніку бясьпекі, патлумачыў Радыё Свабода, што дзелавы стыль адзеньня спрыяе падвышэньню сыстэмы бясьпекі на прадпрыемстве. Ён настойвае, што апранацца па-дзелавому гэта не загад адміністрацыі, а рэкамэндацыя яго рабочым і служачым. Тэхнік прызнаўся, што нічога ад сябе не выдумляў, а папросту прачытаў маскоўскі часопіс “Генеральный директор”. Ён і натхніў спадара Дарошку на пісьмовыя рэкамэндацыі.

(Дарошка:) “Артыкул мае назву “Ці трэба рэглямэнтаваць зьнешні выгляд супрацоўнікаў”. Адзеньне спэцыялістаў і служачых павінна адпавядаць дзелавому стылю. Яна можа быць дэмакратычнай – швэдар, блузка, спадніца, штаны. А на высокіх абцасах можна зламаць нагу. У прынцыпе, заўсёды трэба думаць хто, куды і навошта ходзіць”.

Юрысты адзначаюць, што ў працоўным заканадаўстве няма ніякіх забаронаў наконт зьнешняга выгляду. Нават рэкамэндацыі таксама не маюць ніякіх прававых паўнамоцтваў. Іншая справа нейкія ўнутраныя інструкцыі ў фірмах наконт форменнай вопраткі…

Але гэта не тычыцца заводу “Атлант”, марка якога стала брэндам. Адны сябры незалежных прафсаюзаў, якія раней працавалі на заводзе, лічаць, што тут не абышлося без уплыву царквы. Яны ўзгадалі, што раней, калі дырэктарам быў Леанід Калугін, якога потым абвінавацілі ў злоўжываньнях і прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці, адміністрацыя заводу мела цесныя стасункі з праваслаўнымі сьвятарамі. У кабінэце Леаніда Калугіна знайшлі кіляграмы сусальнага золата, якія ён падрыхтаваў для праваслаўнага храма. Дайшло да таго, што былому дырэктару нават праводзілі псыхіятрычную экспэртызу. Але гэтую вэрсію не падтрымліваюць іншыя сябры прафсаюзнага руху.

Шмат жанчынаў лічаць, што рэкамэндацыі апранацца па-дзелавому не маюць нічога агульнага з тэхнікай бясьпекі на прадпрыемстве, але ёсьць ціскам на іх правы. Вось меркаваньне Таццяны Леановіч, якая працуе служачай на заводзе.

(Леановіч:) “Гэта парушае правы жанчын. Абраза. Абраза! Калі ён кажа, што гэта рэкамэндальны характар носіць, то чаму жанчыны павінны пад гэтым падпісвацца? Такіх прэцэдэнтаў яшчэ не было. Магчыма, гэта глупства могуць падтрымаць і на іншых прадпрыемствах. Тады мы вернемся ў саўковыя часы, калі жанчын малявалі ў ботах і хустках. Калі так пойдзе й надалей, то жанчынам забароняць карыстацца памадай, духамі, фарбаваць валасы і гэтак далей.”

Я пацікавілася, ці ёсьць падобныя рэкамэндацыі на іншых менскіх прадпрыемствах. Высьветлілася, што пакуль няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG