Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці запрацуе ў Беларусі “Крэмніевая даліна”?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 26 кастрычніка) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: намесьнік галоўнага рэдактара газэты “Белорусы и рынок” Ірына Крыловіч і эканаміст Валер Дашкевіч.

(Валер Карбалевіч: ) “Ідэя стварэньня ў Беларусі Парку высокіх тэхналёгіяў (ПВТ) зьявілася даволі нечакана ў тым сэнсе, што яна не выцякала зь лёгікі функцыянаваньня беларускай сацыяльнай мадэлі. Вядома, што галоўным прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі аб’яўлена адраджэньне вёскі, будаўніцтва аграгарадкоў. А вось з высокімі тэхналёгіямі ў цяперашніх уладаў дачыненьні былі складаныя.

Напрыклад, у 2003 годзе прэс-канфэрэнцыя Лукашэнкі ў інтэрнэце закончылася канфузам. Але пасьля некалькіх пасяджэньняў у Лукашэнкі зьявіўся прэзыдэнцкі дэкрэт, які прадугледжвае значныя льготы для рэзыдэнтаў ПВТ, выбраная тэрыторыя акадэмгарадка для разьмяшчэньня гэтага парку. Чаму гэты праект стаў такім актуальным для беларускіх уладаў? Якія задачы яны ставяць, якіх мэтаў імкнуцца дасягнуць?”

(Ірына Крыловіч: ) “Тыя, хто выступаў ініцыятарамі праекту, найперш мелі на ўвазе падтрымку так званага “афшорнага праграмаваньня”. Сёньня ў Беларусі па сьціплых ацэнках каля сямі тысяч праграмістаў. Тут ёсьць найбуйнейшыя на постсавецкай прасторы кампаніі, напрыклад, <EPAM>, IBA, у якіх працуюць некалькі соцень супрацоўнікаў. І ім патрэбныя былі льготы на заробак, таму што яны пачыналі траціць свае канкурэнтныя перавагі ў барацьбе на ранку ня толькі зь фірмамі Індыі, але і Расеі. Мэту стварэньня падатковай канкурэнцыі прэзыдэнцкі дэкрэт, быццам бы, вырашае.

Але ў дэкрэце сьцьвярджаецца, што ён ставіць мэту забясьпечыць значны пад’ём навукі і высокіх тэхналёгіяў у краіне. Вось у дасягненьні гэтай мэты будуць праблемы. Таму што рэальных рычагоў падтрымкі навуковых распрацовак і іх выкарыстаньня ў рэальным сэктары ў дэкрэце няма”.

(Валер Дашкевіч: ) “Найперш, хацеў бы адзначыць, што зьяўленьне гэтага праекту — асабістая заслуга Валерыя Цапкалы, які доўгі час працаваў амбасадарам Беларусі ў ЗША і добра вывучыў досьвед працы Крэмніевай даліны ў Каліфорніі. І цяпер гэтую ідэю ён перанёс у Беларусь. Праект мае некалькі мэтаў. Па-першае, гэта трывіяльная мэта. Праект скіраваны на тое, каб зарабіць грошай для бюджэту. Па-другое, імкненьне зьменшыць паток таленавітых адмыслоўцаў і вучоных за мяжу, які набыў характар стыхійнага бедзтва. Ім цяпер прапануецца зарабляць у Беларусі.

Па-трэцяе, ставіцца мэта вывесьці з паўценю тыя беларускія IT-кампаніі, якія даўно працуюць у сфэры высокіх тэхналёгіяў па кантрактах з заходнімі заказчыкамі. Яны не паказваюць сваіх поўных даходаў і не пераводзяць сваіх грошай з-за мяжы. Чацьвертая мэта, якая нідзе не дэкляруецца, але маецца на ўвазе: беларускае кіраўніцтва хацела прадэманстраваць далёкаму і блізкаму замежжу, што таленавітыя людзі могуць добра зарабляць і ў Беларусі. Для існага рэжыму гэта мела б вялікі прапагандысцкі эфэкт.

Нарэшце пятая мэта, можа для мяне, як незалежнага экспэрта. Праект дае шанец праверыць, ці павераць найбольш адукаваныя людзі беларускаму рэжыму. Ці пойдуць яны ў гэты ПВТ? Ці адчыняць яны свой бізнэс?”

(Карбалевіч: ) “Учора, падчас наведваньня тэрыторыі, выбранай пад ПВТ, Лукашэнка адзначыў, што такіх ільготных умоваў для структураў, якія займаюцца вытворчасьцю высокіх тэхналёгіяў, няма нідзе ў сьвеце. Ці сапраўды гэта так? Ці сапраўды ўмовы, якія створаныя для рэзыдэнтаў парку, такія спрыяльныя, што зацікавяць нават замежнікаў?”

(Крыловіч: ) “Льготы сапраўды беспрэцэдэнтныя. Цяжка знайсьці краіну, якая б вызваляла рэзыдэнтаў нейкай зоны ад карпаратыўных падаткаў, падатку на даданую вартасьць, падатку на прыбытак, усіх падаткаў, якія зацьвярджаюцца ў бюджэце на пабежны год. Таксама супрацоўнікі парку будуць плаціць мінімальную стаўку падаходнага падатку ў Беларусі (9%). А юрыдычныя асобы будуць пералічваць у фонд сацыяльнага страхаваньня толькі з той сумы заробку, які зьяўляецца сярэднім па краіне.

Але ў іншых краінах таксама ствараюцца ўмовы для разьвіцьця бізнэсу, фінансаваньня высокатэхналягічных навуковых праектаў. А ў гэтым дэкрэце нічога не сказана пра фінансаваньне бюджэтнае, інвэстыцыйнае. Акрамя таго, дэкрэт прадугледжвае льготы на вываз капіталу. Таму можна будзе ўвозіць капітал, абнаяўліваць грошы, вывозіць за мяжу”.

(Дашкевіч: ) “Я згодзен з тым, што льготы вельмі вялікія. Гэта будзе такая свабодная эканамічная зона зь мінімальнымі падаткамі. Яна будзе чымсьці нагадваць так званыя афшоры: востраў Мэн, Кайманавыя выспы, Багамскія выспы і іншыя. Мяне цікавяць два пытаньні. Па-першае, прадстаўленьне гэтых ільготаў ёсьць фактычным прызнаньнем таго, што існая ў Беларусі сыстэма падаткаў, мытных тарыфаў, іншых плацяжоў не спрыяе эканамічнаму разьвіцьцю. Улада гэта прызнала і пайшла на такія беспрэцэдэнтныя льготы для ПВТ.

Па-другое, ці павераць нашы беларускія і заходнія IT-кампаніі ўладам? Мы добра ведаем, што ў нас ільготы як лёгка даюцца, так і лёгка адымаюцца. У Беларусі такое прававое поле, што судзіцца зь дзяржаваю бессэнсоўна. Таму аб’яўленыя льготы — гэта добра, вельмі спакусьліва. Але ці павераць? Гэта пытаньне часу”.

(Карбалевіч: ) “Ці дасьць гэты праект той эфэкт, які плянуецца? З аднаго боку, беларуская эканамічная мадэль не спрыяе тэхналягічным прарывам. Прыклад існаваньня падобных афшорных эканамічных сэгмэнтаў не пераконвае ў іх эфэктыўнасьці. Напрыклад, даўно існуе Нацыянальны інфапарк, але без асаблівых вынікаў. Другі прыклад — свабодныя эканамічныя зоны — таксама ня самы ўдалы праект, іхную працу шмат разоў крытыкаваў Лукашэнка. А зь іншага боку, мы ведаем прыклады, калі ў СССР, у эканоміцы з значна больш жорсткімі плянава-дырэктыўнымі мэханізмамі даволі эфэктыўна працавалі вытворчасьці, зьвязаныя з космасам, ВПК. Дык што чакае беларускі ПВТ? Ці зьявіцца тут “Крэмніевая даліна”? Ці можа эфэктыўна існаваць сэктар свабоднай эканомікі ў мадэлі з дамінаваньнем мабілізацыйнай эканомікі?”

(Крыловіч: ) “Цяпер на форумах у інтэрнэце ідзе вялікая дыскусія сярод праграмістаў з нагоды гэтага праекту. І зь яе вынікае, што існуе вельмі вялікі недавер да ўлады. Але ж гэтая афшорная зона рэальна дае магчымасьці мінімізаваць падатковыя выдаткі. Таму тут будзе станоўчы момант для IT-кампаніяў, якія часткова легалізаваныя, такіх, як <EPAM>, IBA. Яны будуць мець магчымасьць павысіць заробкі сваім супрацоўнікам. І такім чынам можа адбыцца перадзел рынку працы праграмістаў. Больш высокія заробкі прыцягнуць у гэтыя кампаніі моладзь зь іншых праектаў, структураў, якія ня здолеюць ці не пажадаюць стаць рэзыдэнтамі парку.

Па выніках учорашняга візыту Лукашэнкі на тэрыторыю ПВТ высьвятляецца, што парк становіцца вялікай будоўляй. А новабудоўля дазваляе траціць вялікія грошы, якія не заўсёды можна пракантраляваць. Была названая лічба 1 мільярд даляраў. Невядома, адкуль могуць узяцца гэтыя грошы. Напрыклад, для “Інтэгралу” знойдзена толькі 50 мільёнаў даляраў. А адзін мільярд — гэта непад''ёмная сума для Беларусі”.

(Дашкевіч: ) “Канчатковы вынік гэтага праекту будзе залежаць ад тых плюсаў і мінусаў, якія рэальна існуюць. Да плюсаў я б аднёс сам прэзыдэнцкі дэкрэт, тыя вялікія льготы, якія ў ім закладзеныя. Яшчэ адзін плюс — прызначэньне генэральным дырэктарам ПВТ Валерыя Цапкалы, чалавека вельмі энэргічнага і зацікаўленага ў гэтым праекце. У станоўчым сэнсе можна адзначыць падтрымку праекту з боку Акадэміі навук і яе кіраўніка Мясьніковіча.

Але ёсьць і вельмі вялікія мінусы, якія выцякаюць зь беларускіх рэаліяў. Я не выключаю, і хутчэй за ўсё, гэта будзе, што кіраўніцтва Акадэміі навук, галіновых міністэрстваў паспрабуюць уціснуць у ПВТ свае, прыбліжаныя да іх фірмы, выдаючы іх прадукцыю за высокатэхналягічную.

Яшчэ адзін чыньнік. У нас вакол кіраўніка дзяржавы існуюць групоўкі, якія люта ненавідзяць адна адну. І ПВТ можа быць выкарыстаны ў гэтай паддываннай барацьбе. Напрыклад Камітэт дзяржаўнага кантролю праз год робіць масавую праверку, знаходзіць у парку шмат злоўжываньняў. У выніку сама ідэя і яе ідэоляг і будуць скампрамэтаваныя. Пасьля чаго ўносяцца папраўкі ў дэкрэт, як гэта было зроблена ў дачыненьні да свабодных эканамічных зонаў, і ПВТ фактычна перастае існаваць. І я думаю, кіраўнікі беларускіх IT-кампаніяў гэтую рызыку добра разумеюць.

Таму я ацаніў бы шанцы на пасьпяховы вынік гэтага праекту прыблізна 50 на 50. Гэта стане відаць у наступныя два-тры гады. Раней чакаць нейкага посьпеху не даводзіцца”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, відавочна, праект ПВТ не стасуецца зь беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэльлю. Бо высокія тэхналёгіі патрабуюць эканамічнай свабоды, дый ня толькі эканамічнай. Таксама высокія тэхналёгіі дрэнна стасуюцца з тэндэнцыяй да закрытасьці Беларусі, якая апошнім часам узмацняецца. І сёньня цяжка сказаць, што можа даць такі гібрыд. Варта адзначыць, што пераход ад індустрыйнага да інфармацыйнага грамадзтва быў важным чыньнікам, які разбурыў аўтарытарныя рэжымы ў некаторых краінах, напрыклад, у так званых “азіяцкіх тыграх”. Ці ўдасца беларускім уладам адгарадзіць ПВТ ад астатняга грамадзтва, пазьбегнуць ягонага ўплыву? Пакуль што гэта пытаньні без адказаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG