Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячаслаў Ракіцкі: "Спэктакль паўстае з мовы..."


Сяргей Абламейка, Прага Магчымы пераход Тэатра юнага гледача на расейскую мову мы папрасілі пракамэнтаваць Вячаслава Ракіцкага – кандыдата мастацтвазнаўства, аднаго з аўтараў трохтомнага акадэмічнага выданьня “Гісторыі беларускага тэатра”. Менавіта ён напісаў разьдзелы пра гісторыю Беларускага тэатра юнага гледача. Ён зьяўляецца таксама аўтарам артыкулу пра гэты тэатар у “Энцыкляпэдыі літаратуры і мастацтва Беларусі”. Да таго ж, Вячаслаў у 70-я гады працаваў у ТЮГу загадчыкам літаратурнай часткі і акторам.

(Абламейка: ) “Вячаслаў, Беларускаму тэатру юнага гледача неўзабаве споўніцца 50 год. Паўстагодзьдзя ён працаваў на беларускай мове. І раптам – такое нечаканае рашэньне мастацкай рады. Ці паўставала раней пытаньне мовы ў гэтым калектыве? У якой ступені яно было актуальным для трупы?”

(Ракіцкі:) “Пытаньне мовы ў Беларускім тэатры юнага гледача было актуальным і важным толькі з гледзішча культуры вымаўленьня. Пра гэта дбалі, і таму мова гэтага тэатра ў свой час была ня горшай, а мо нават і лепшай, чым нават у купалаўцаў ці коласаўцаў. Бо, калі дырэктарамі тут былі Уладзімер Стэльмах, а пазьней доўгі час Артур Вольскі, дык мы, загадчыкі літаратурнай часткі – Пятрусь Макаль, Павал Марціновіч, я і нарэшце Аляксей Дудараў, мелі сваім абавязкам на кожным спэктаклі сачыць, як акторы вымаўляюць. Штодня на дошку абвестак вывешвалі сьпіс памылак, і трупа да гэтага ставілася ўсур’ёз. А для такіх майстроў тюгаўскай сцэны, як Уладзімер Говар-Бандарэнка, Паліна Ротар, Рыма Маленчанка, Міхаіл Пятроў, Людміла Цімафеева, Віктар Лебедзеў, Барыс Барысёнак культура мовы была ня меней важнай, чым псыхалягізм ці сцэнічная выразнасьць іхных роляў. Яны разумелі, у якім тэатры працавалі, разумелі выхаваўчую функцыю дзіцячага тэатра.

Тэатры юнага гледача былі народжаныя савецкай тэатральнай сыстэмай. Зрэшты, гэта ня горшае, што яна нарадзіла. ТЮГі ўзьніклі ў СССР у дваццатыя гады мінулага стагодзьдзя як мастацка-пэдагагічныя ўстановы. Яны ўключаліся і ў школьную сыстэму выхаваньня. Нават існавалі пэдагагічныя часткі ў гэтых тэатрах. У самых буйных гарадох Расейскай Фэдэрацыі і ў кожнай сталіцы саюзных рэспублік абавязкова павінен быў быць свой ТЮГ. Яны абавязаны былі працаваць на нацыянальнай мове і разам з акадэмічнымі нацыянальнымі сцэнамі прапагандаваць і пашыраць нацыянальную культуру. Назовы тэатраў азначалі і мову, на якой яны працуюць, – Беларускі, Узбэцкі, Украінскі… У Менску Беларускі тэатар юнага гледача быў створаны ў 1931 годзе, і праіснаваў ён да 1941 году. Яго яшчэ называлі імя Крупскай. Пасьля вайны той ТЮГ не аднавіў сваёй працы з шэрагу прычынаў, у тым ліку і таму, што некаторыя зь яго актораў пасьля акупацыі Менску немцамі працягвалі працаваць на сцэне, а пасьля вайны іх кінулі ў турмы. У 1955 годзе рэжысэр-пэдагог Любоў Іванаўна Мазалеўская стварыла новы калектыў – Беларускі рэспубліканскі тэатар юнага гледача, які адкрыўся ў 56-м годзе, і цяпер рыхтуецца да свайго пяцідзесяцігодзьдзя. Дык вось і гэты ТЮГ за свае 50 гадоў, і яго папярэднік за свае 10 гадоў ніколі ніводнага спэктаклю не ставілі ні на якой іншай, акрамя беларускай мовы.

Тэатар быў дзяржаўным, ён падпарадкоўваўся міністэрству культуру. А яшчэ нейкіх дзесяць гадоў таму гэтае ведамства лічыла сваім галоўным абавязкам захоўваць, разьвіваць і прапагандаваць найперш нацыянальную культуру. І творцы, і чыноўнікі разумелі, што асновай нацыянальнай беларускай культуры ёсьць беларуская мова”.

(Абламейка:) “Ці не замінала беларуская мова запаўняльнасьці залі, узаемапаразуменьню паміж сцэнай і заляй? Мо, ад таго, што спэктаклі выконваліся на беларускай мове, пагаршалася іх якасьць?”

(Ракіцкі:) “Калі кажуць, што мова замінае мастацтву, дык падаюць самы самы непрафэсійны аргумэнт. Зрэшты, ён жа і самы банальны з тых, якімі карыстаюцца, каб прыхаваць сваю прафэсійную няздатнасьць. Мова ўвогуле ня ёсьць перашкодай для ўспрыманьня спэктаклю. Больш за тое, спэктакль паўстае з мовы. Пастаноўкі Андрэя Барысава на якуцкай мове стоячы вітаў ці ня ўвесь сьвет. І калі б якуты іх ігралі на расейскай мове, то нават да Масквы не даехалі б, ня тое, што да Мэксыкі. Таленавітыя акторы і рэжысэры ў тым ліку і праз мову адчыняюць тонкасьці нацыянальнага характару, праз мову дасягаецца нацыянальная вобразнасьць. І чым больш тут тонкасьцяў, тым больш цікавы спэктакль і для сваіх, і для замежных гледачоў. Гэтую ісьціну я вынес зь дзесяткаў міжнародных фэстываляў.

Я памятаю часы, калі і спэктаклі Беларускага ТЮГу на беларускай мове ў той жа Прыбалтыцы сустракалі авацыямі. Я памятаю, як у 70-я гады пыталіся ў Менску лішняга квіточка на спэктаклі ТЮГу “Зь любімымі не расставайцеся”, “Зялёная птушка”, “Бэмбі”, “Маладая гвардыя”. Знакаміты расейскі драматург Аляксандар Валодзін з сотняў пастановак сваёй п’есы “Зь любімымі не расставайцеся” менскую пастаноўку лічыў лепшай. Ён мне ў тэлеінтэрвію казаў, што менавіта беларуская мова менскіх тюгаўцаў дадала п’есе нейкай асаблівай вастрыні. Расейскі драматург быў уражаны, як ягоная гераіня ў выкананьні менскай акторкі Юлі Палосінай у фінале пранізьліва шаптала: “Я сумую па табе, Міця… Я сумую…” Не магу забыць маскоўскія гастролі Тэатра Янкі Купалы: заля Малога тэатра аж стагнала ад захапленьня, калі па-беларуску гаварыла Стэфанія Станюта. Ніхто не браў навушнікаў дзеля перакладу. Беларускамоўным спэктаклям пляскаў у далоні і раздаваў прызы прэстыжны Эдынбурскі фэстываль!

Мова перашкаджае мастацкасьці? Абсурд. Такі ж абсурд, як і тое, што яна замінае ўсталяваньню кантакту паміж сцэнай і заляй. Ніколі за трыццаць гадоў, якія займаюся тэатральнай крытыкай, я ня бачыў, каб хтосьці ў Беларусі, і ў тым жа ТЮГу, не разумеў беларускай мовы. Не разумелі дрэннага спэктаклю, так, і вельмі часта, а мовы – ніколі! Не замінае ж мова менчукам амаль цалкам запаўняць залю Тэатру імя Янкі Купалы… Хай галоўная рэжысэрка ТЮГу Натальля Башава паставіць спэктакль вартасьці “Тутэйшых” ці “Ідыліі” купалаўцаў, і ў ТЮГ народ паваліць валам. Хай менскія тюгаўцы, якім абрыдла родная мова, сыграюць па-беларуску на тым жа ўзроўні, як іхныя літоўскія калегі на літоўскай, дык і перад імі раскрыецца ўвесь сьвет”.

(Абламейка:) “Дык з вашага гледзішча, Вячаслаў, у чым усё ж прычына такога рашэньня мастацкай рады і чым можа гэта скончыцца?”

(Ракіцкі:) “Я ўпэўнены, што сапраўды ідэя нарадзілася ўнутры тэатру. Але ж -- як “своечасова” і дакладна тыя акторы зарыентаваліся ў моўнай сытуацыі, што цяпер склалася ў краіне. Першая прычына ў тым, што гэтакім чынам мастацкае кіраўніцтва спрабуе апраўдаць шматгадовае і ўжо хранічнае знаходжаньне тэатра на задворках мастацкага жыцьця. Я не магу назваць, і ніхто не назаве, ніводнага сапраўднага мастацкага дасягненьня цягам прынамсі ці ня двух дзесяцігодзьдзяў – спэктакля, пра які б гаварылі, спрачаліся, на які стаялі б у чэргах па квіткі, які запрашалі б на фэстывалі. Былі, канешне, і нядрэнныя, але гэта ня болей як невялічкія “сямейныя радасьці”. Вось і знайшлі вінаватую, на каго можна гэта зваліць, – мову. Чаму гэта адбылося менавіта ў ТЮГу, ужо намякнуў Аляксей Дудараў, і вось ў гэтым я зь ім згодны, – значна болей жыцьця ў ТЮГу за кулісамі, у грымёрках, чым на сцэне. Напэўна, надакучыла дзесяцігодзьдзямі займацца зьменай рэжысэраў, бо ўсё бясплённа, цяпер вось паспрабуюць жыцьцё расфарбаваць змаганьнем супраць мовы.

Але важней ня гэта. Чаму цяпер? Бо час настаў. Раней нават не прытрызьнілася б нікому ў тым тэатры хоць слова сказаць супраць мовы. А вось жа: 10 год таму ніводзін журналіст бяз веданьня беларускай мовы не працаваў бы на радыё і тэлебачаньні. Цяпер там пануе расейская мова. А чаму і тэатру не паспрабаваць? Гэтым самым можна адцягнуць увагу грошадаўцы – дзяржавы – ад праблемы ўзроўню спэктакляў. А то й падзяку заслужыць за разуменьне моўнай палітыкі цяперашняга кіраўніцтва краіны. Здаецца, і да мэты шлях расчышчаны: некалькі гадоў таму статус тэатру быў зьніжаны, цяпер ён падпарадкоўваецца не міністэрству культуры, а гарадзкім уладам. Празь міністэрства зьмяніць мову болей складана, чым праз гарадзкіх чыноўнікаў.

Вось толькі забыліся, а мо і ня ведалі сябры мастацкай рады тэатру, што творца – гэта ня толькі рамесьнік, які лепш ці горш іграе на сцэне, а яшчэ і місіянэр, які ў ідэале нясе адказнасьць шмат за што, у тым ліку, і за стан нацыянальнай культуры, уключна з мовай. Не падумалі гэтыя людзі і пра здраду сваім папярэднікам, чые партрэты яшчэ пакуль вісяць у фае. Будзем спадзявацца на ўлады, што яны не прыслухаюцца да думкі мастацкай рады. А таксама на беларускую грамадзкасьць, якая выкажа сваё стаўленьне да гэтага абуральнага рашэньня.

Што тычыцца спэктакляў, дык ад таго, што памяняецца мова, яны лепшымі не стануць, бо іграць у іх будуць усё тыя ж акторы. А вынікам, калі яны дасягнуць сваёй мэты, – стане пастаўленая імі тлустая кропка ў гісторыі адзінага ў краіне беларускага дзіцячага драматычнага тэатру. З тым яны і застануцца ў гісторыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG