На працягу дзесяці гадоў праводзілася ў Беларусі цырымонія “Рок-каранаваньня”, падчас якой называліся лепшыя ў многіх намінацыях, так ці інакш зьвязаных з айчыннай папулярнай, пераважна — рок-музыкай. У вызначэньні лепшых удзельнічалі ў першую чаргу журналісты, а таксама дзеячы музычнага шоў-бізнэсу. Каштоўнасьць “Рок-каранаваньня” была ня толькі ў тым, што цырымонія дала, як той казаў, пуцёўку ў жыцьцё многім калектывам і выканаўцам, ня толькі ў тым, што яна адкрывала новыя песьні і калектывы, але й яшчэ ў тым, што яна была адзінай па-сутнасьці нацыянальнай музычнай прэміяй, няхай сабе і ў даволі вузкай галіне папулярнай музыкі. У розныя гады галоўнай “Рок-каронай” адзначаліся такія калектывы, як “Крама”, “N.R.M.” (двойчы), “Ляпис Трубецкой”, “Нейро Дюбель”, у правядзеньні цырымоніі бралі ўдзел Уладзімер Мулявін, Анатоль Ярмоленка, Віктар Вуячыч, Ірына Дарафеева і іншыя.
У 2003 годзе адбылася апошняя, дзесятая цырымонія, якая назвала лепшых за 2002 год. Прычын таго, што традыцыя перарвалася, было, прынамсі, некалькі. Гэта і стомленасьць арганізатараў, якія чулі ў свой адрас збольшага не падзякі, а крытыку, гэта і пэўнае зацішша на музычным рынку краіны. Была й яшчэ адна прычына, пра якую сказаў дырэктар менскага “Кляс-клюбу” Генадзь Шульман, згадаўшы, што апошнімі гадамі амаль усе прызы “Рок-каранацыі” зьбіралі Лявон Вольскі і група “N.R.M.” І тлумачыць ён гэта наступным.
(Шульман: ) “Сёньня Лявон Вольскі — культавая асоба ў беларускім мастацтве. Гэта адзін з найбольш магутных, таленавітых артыстаў, музыкаў, паэтаў. Лявон надзвычай шматгранны, уласным прыкладам, дэмакратызмам, прывабнасьцю ён вельмі моцна рухае наперад, нягледзячы ні на што, беларускую культуру”.
Гутарка гэтая адбылася ў мінулую суботу ў Бабруйску, дзе адбываўся рок-фэст “Рок за баброў”, зарганізаваны “Кляс-клюбам” зь ініцыятывы мясцовай піваварнай кампаніі “Сябр”. Як аказалася, фэстываль стаў пэўным пробным каменем на шляху да далейшага іх супрацоўніцтва. Самі арганізатары былі нямала зьдзіўленыя як колькасьцю новых для іх калектываў, так і ўзроўнем, разнастайнасьцю музыкі. Думаецца, гэта і дало падставу Генадзю Шульману паведаміць па сутнасьці сэнсацыйную навіну.
(Шульман: ) “На мой погляд, сёньня зноў існуе сэнс адрадзіць “Рок-карону”, таму што за гэтыя тры-чатыры гады, як “Рок-карона” адпачывала, зьявілася даволі шмат ня толькі калектываў, але й прадусараў, што навучыліся “раскручваць” свае калектывы. І гэта дасьць нам магчымасьць, відаць, скласьці вельмі добрую творчую базу для адраджэньня “Рок-каранацыі”. Яна будзе!”
Магчымы творчы саюз Юрыя Цыбіна як прадусара “Рок-каранацыі”, “Кляс-клюбу” як непасрэднага арганізатара і кампаніі “Сябр” можа ня толькі адрадзіць цырымонію, але й вывесьці яе на якасна новы ўзровень, што, у сваю чаргу, дасьць новы імпульс маладым музыкам і ўрэшце — упэўненасьць у заўтрашнім дні што да беларускіх рок-выканаўцаў наогул, у якіх трапіць у поле зроку арганізатараў, да прыкладу, нацыянальнай музычнай прэміі шанцаў няшмат.