Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя аўтакефальнай беларускай царквы ня скончылася


Валянціна Аксак, Менск Ці магчымы цяпер у Беларусі новы этап адраджэньня аўтакефальнай праваслаўнай царквы? Пра гэта разважае вядомы дасьледчык гісторыі беларускага рэлігійнага руху Юры Гарбінскі. Ён стаў складальнікам тому духоўнай і творчай спадчыны актыўнага дзеяча беларускае эміграцыі сьвятара Мікалая Лапіцкага.

Падрыхтаваная ім кніга “Мікалай Лапіцкі. У служэньні Богу і Беларусі” нядаўна выйшла ў сэрыі “Гісторыя беларускага рэлігійнага жыцьця”, супольна запачаткаванай Беларускім Інстытутам Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку і Інстытутам славістыкі Польскай Акадэміі навук.

(Карэспандэнтка: ) “У чым палягала ідэя выданьня кнігі “Мікалай Лапіцкі. У служэньні Богу і Беларусі”?

(Гарбінскі: ) “Ідэю гэтую падаў доктар Вітаўт Кіпель, які ведаў асабіста айца Мікалая Лапіцкага, ведаў яго беларускасьць, ведаў яго праваслаўнасьць, ведаў яго ахвярнасьць у служэньні праваслаўнай царкве і беларускаму народу на бацькаўшчыне і на эміграцыі. Ён першым фактычна ініцыяваў стварэньне такой кнігі і зьвярнуўся да сваякоў айца Мікалая — дачкі Лёлі і сына Жоржа аб тым, што найлепшым помнікам яго сьвятарскай дзейнасьці, яго падзьвіжніцтву, яго ахвярнасьці на царкоўнай ніве і на ніве беларушчыны было б выданьне яго творчай спадчыны. І гэты помнік ня менш важны, а можа, больш важны, чым той, які стаіць сёньня на яго магіле ў Саўт-Рывэры”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, для тых людзей, якія ніколі ня чулі гэтага імя, хто такі Мікалай Лапіцкі?”

(Гарбінкі: ) “Айцец Мікалай Лапіцкі — гэта эпоха ў гісторыі беларускай праваслаўнай царквы. Цяжка паставіць поруч зь ім яшчэ дзясятак ці дваццаць асобаў такога рангу, якія б так самааддана служылі праваслаўю і беларускаму народу. Я б хацеў зачытаць словы айца Мікалая, зь якіх відаць, як ён разумеў місію царквы ў жыцьці і ў гісторыі кожнага народу і паказаў, у чым трагізм праваслаўнай царквы Расейскай імпэрыі і расейскага народу. Гадоў пяцьдзясят таму айцец Лапіцкі сказаў, што “царква ня служыць антынародным мэтам, бо ў гэтым выпадку яна дзее супраць самой сябе і немінучым насьледкам вядзе да яе ж заняпаду, як гэта здарылася з царквой Расейскае імпэрыі, калі царкоўная ярархія, адышоўшы ад паняволеных расейскім урадам народаў, пайшла на службу імпэрыялістычным мэтам Масквы і заміж праваслаўнае зрабілася “рускай”.

Лапіцкі добра разумеў адно: царква павінна служыць веры праваслаўнай у першую чаргу і служыць таму народу, у якім знаходзіцца. Кожны народ павінен мець сваю царкву, гаварыў ён. Таму мы выдзяляем Лапіцкага з усіх тых сьвятароў, якія служылі ў Беларусі і на эміграцыі.

Скразною ніткаю праз жыцьцё, дзейнасьць і творчую спадчыну Лапіцкага праходзіць ідэя аўтакефаліі беларускай праваслаўнай царквы. Карані беларускага праваслаўя, падкрэсьліваў Лапіцкі, у Канстантынопалі, а не ў Маскве. І гэта гаварыў Лапіцкі на працягу ўсяго свайго жыцьця — як студэнт багаслоўскага факультэту Варшаўскага ўнівэрсытэту ў міжваенны час, у гады другое ўсясьветнае вайны ў Беларусі і пасьля яе на эміграцыі. Зноў-такі, Лапіцкі — гэта і сьвятар, і палітык. Менавіта Лапіцкі, як ні адзін зь беларускіх сьвятароў падкрэсьліваў, што царква — гэта таксама і палітыка. Царква — гэта духоўнае апірышча, якое на эміграцыі выконвае функцыю яднаньня ўсіх беларусаў. Прычым цікава, што ў беларускую праваслаўную царкву на эміграцыі ходзяць і беларусы-каталікі”.

(Карэспандэнтка: ) “Яднаньне царквы так і ня сталася рэальнасьцю — яднаньне, якому прысьвяціў усё сваё жыцьцё айцец Мікалай Лапіцкі. Вы напісалі грунтоўную прадмову да гэтай кнігі, вы прачыталі шмат дакумэнтаў аб жыцьці і дзейнасьці беларускіх сьвятароў у міжваенны і ваенны час тут, на радзіме, і потым на эміграцыі. Скажыце, калі ласка, ці ня склалася ў вас уражаньня, што гэта ў прынцыпе немажліва? Поруч з Расейскай праваслаўнай царквой, якая вылучаецца большай злучанасьцю зь дзяржавай, большай моцай, можа быць усе гэтыя высілкі па яднаньні ў аўтакефаліі марныя?”

(Гарбінскі: ) “Ведаеце, я так не лічу, і так не лічыў айцец Мікалай Лапіцкі, так ня лічаць беларускія гісторыкі на эміграцыі Вітаўт Кіпель, Янка Запруднік, Лявон Юрэвіч. Чаму? Таму што ідэя аўтакефаліі беларускай праваслаўнай царквы мае гістарычныя і кананічныя асновы. Пра гэтыя асновы і расейскія царкоўныя гісторыкі, і польскія гістарыёграфы ня хочуць ні пісаць, ні гаварыць. У лепшым выпадку яны сваю думку апранаюць у вопратку гістарычнага факту і замест факту падаюць сваю апінію, якую хочуць выстаўляць як навуковы аргумэнт. Пра гэта, дарэчы, і пісаў Лапіцкі ў сваёй публіцыстыцы. Ён зьвяртаў увагу на тое, што трэба вельмі асьцярожна падыходзіць да ацэнак гэтых навукоўцаў, бо ня ўсе пададзеныя імі факты зьяўляюцца такімі па сутнасьці. Гэта першае.

Другое. Лапіцкі ў сваіх дасьледаваньнях паказвае жыцьцёвасьць ідэі беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Безумоўна, з аднаго боку лацінскі захад, з другога — маскоўска-праваслаўны ўсход уплывалі. Кожны ведае моц Расейскай праваслаўнай царквы, яе інтэграванасьць у дзяржаўныя структуры, тым ня менш, ідэя беларускай аўтакефальнай царквы пачынаецца не з Масквы, а пачынаецца яшчэ з Наваградзкай літоўскай мітраполіі. А перад ёю яшчэ мы гаворым пра Канстантынопаль. Гэтую ідэю на эміграцыі далей і разьвіваў Лапіцкі.

Што атрымоўвалася з праваслаўнай царквой беларускага народу? Яна ў сваёй гісторыі прайшла няпростыя этапы. Яна заўсёды павінна была бараніцца, бараніцца як ад уплываў усходу, так і ад уплываў захаду. І ў гэтай сытуацыі знаходзіліся тыя асобы, постаці такога рангу, як Лапіцкі, якія трансфармавалі гэтую ідэю ў наступныя дзесяцігодзьдзі і стагодзьдзі. Лапіцкі ня першы. Перад ім мы ведаем мітрапалітаў наваградзка-літоўскіх. А як тут ня ўспомніць мітрапаліта Мелхісэдэка, які пасьля 1918 году фактычна ініцыяваў аднаўленьне аўтакефаліі беларускай праваслаўнай царквы. Мы ведаем, што потым здарылася зь мітрапалітам Мелхісэдэкам і што ён быў рэпрэсаваны. Але гляньце: 1927 год — новае пакаленьне сьвятароў. Протаярэй Кульчыцкі і япіскап бабруйскі Філарэт пішуць ліст, які падпісваюць дзеячы навукі і культуры, між іншых і Якуб Колас, пра тое, каб захаваць беларускую мітраполію як фундамэнт беларускай аўтакефаліі. Наступная веха — гэта 1942 год, Усебеларускі царкоўны сабор, які паставіў на парадак дня ідэю аўтакефаліі…

Усё няпроста складвалася, і ў прадмове гэта паказана. У ёй, дарэчы, скарыстаныя і матэрыялы зь нямецкіх архіваў, архіваў Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць сёньня ў Беларусі рэальны грунт для новага этапу адраджэньня беларускай аўтакефаліі?”

(Гарбінскі: ) “Я не хацеў бы быць ні вялікім пэсымістам, ні нерэальным аптымістам. Гісторыя гаворыць сама за сябе. Невыпадкова я пісаў у прадмове, што пакуль будзе гучаць сьвяты канон у гонар патронкі Беларусі Эўфрасіньні Полацкай і ў Беларусі і на эміграцыі, датуль гісторыя беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ня скончыцца”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці ёсьць пераемнікі ў айца Лапіцкага?”

(Гарбінскі: ) “Я думаю, ёсьць — перадусім на бацькаўшчыне. З прыемнасьцю хачу назваць такую асобу, якая шмат у чым нагадвае мне айца Лапіцкага, прынамсі, зь яго публікацыяў, як протаяерэй Георгі Латушка. Арыгінальны ахвярны сьвятар, разумны чалавек, патрыёт. Поруч зь ім Фёдар Крыванос, аўтар мартыралёгіі праваслаўя ў Беларусі. А вазьміце, калі ласка, дзейнасьць сьвецкага праваслаўнага актыву! Тое, што робіць Ліда Кулажанка, тое, што робіць спадарства Матрунчыкаў, сьведчыць што ёсьць рэсурсы, ёсьць з чым працаваць, ёсьць над чым працаваць і ёсьць, для каго працаваць. Я хачу спадзявацца і веру — і гэтая вера мае не гліняныя ногі — што спадчына Лапіцкага і тое, што ён зрабіў, не адыдзе. Яна падсьвядома існавала і сёньня існуе ў Беларусі, нават у такіх, досыць ня простых варунках”.

(Карэспандэнтка: ) “А як успрынялі кнігу духоўнай і творчай спадчыны актыўнага прыхільніка беларускай аўтакефаліі ў беларускім экзархаце Расейскай праваслаўнай царквы?”

(Гарбінскі: ) “Я спадзяюся, што ў нас адбудзецца сустрэча зь мітрапалітам Філарэтам, які выявіў вялікае жаданьне мець асобнік гэтай кніжкі і пазнаёміцца з творчай спадчынай аднаго з выбітных беларускіх сьвятароў. На жаль, не на шчасьце, а на жаль, гэта пакуль што адна зь першых кніг, якая паказвае даробак гэтага праваслаўнага сьвятара, сьвятара-патрыёта, які служыў для Бога ідля Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG