Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Жывы агеньчык у акне ня мае сілы”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У мінулую нядзелю а 20-й гадзіне вечара ў вокнах многіх кватэраў у розных беларускіх гарадах загарэліся сьвечкі, як сымбаль салідарнасьці зь беларускімі палітычнымі вязьнямі, зьніклымі і іхнымі сем’ямі, незалежнымі журналістамі, з усімі, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. Прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем”, якія арганізавалі гэтую акцыю салідарнасьці, плянуюць паўтараць яе 16-га чысла кожнага месяца. Як ацэньваюць такі спосаб кансалідацыі і яднаньня грамадзтва слухачы “Свабоды”?

Электронны ліст на гэтую тэму даслаў нам Эдвард Кавалеўскі з Магілёва. Слухач піша:

“Шаноўны Валянцін Жданко! Сёньня, 16 кастрычніка, ад 20-й гадзіны паставіўшы запаленую лямпадку на акне, маліўся на сьвятым ружанцы ад Папы Рымскага пяць таямніц у інтэнцыі Радзімы нашай Беларусі. Такім чынам, далучыўся да Дня салідарнасьці. На вялікі жаль, іншых жывых агеньчыкаў на вокнах ня бачыў, але ня з гэтай нагоды смуткую. Прыпомнілася тая ж Польшча зь яе ўсенароднай малітвай “Божа, а што ж Польшчы?” Вось і вымалілі, выпакутавалі сваю Волю. А ў нас аб волі (і то расейскай) крычаць толькі ўлёткі баркашоўскага РНЕ.

Жывы агеньчык у акне ня мае сілы — сіла ў малітве перад ім. Тады агеньчык становіцца полымем Хрыста, якое спусьцілася на зямлю. Таму запрашаю вернікаў розных канфэсіяў аб нядзельнай малітве за радзіму пры запаленых сьвечках і лямпадках. З павагай, Эдвард Кавалеўскі. Магілёў”.

Людзей, якія хочуць дэмакратычных зьменаў у сваёй дзяржаве, якія імкнуцца да свабоды і справядлівасьці, нямала, спадар Кавалеўскі. Але яны разрозьненыя, расчараваныя шматлікімі паразамі дэмакратычных сілаў, а часта і запалоханыя. У такі момант гэтым людзям надзвычай важна адчуць, што ў іх шмат аднадумцаў, што яны не самотныя. Напэўна, найперш у гэтым сэнс акцыі, зладжанай ініцыятывай “Мы памятаем”.

Агеньчыкаў у вокнах у мінулую нядзелю было ня надта шмат. Прычына відавочная: ва ўмовах, калі ў большасьці людзей няма доступу да крыніцаў альтэрнатыўнай інфармацыі, многія пра акцыю проста ня ведалі.

І апазыцыя, і ўлада ўжо распачалі падрыхтоўку да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Чым гэтая выбарчая кампанія будзе адрозьнівацца ад папярэдняй? Ці ўдасца дэмакратычным сілам пазьбегнуць мінулых памылак? Ці зьменіць сваю тактыку ўлада? Наш даўні сябар і аўтар Анатоль Жэрдзеў з Гомелю паведамляе, што, адрозна ад тых, хто ў захапленьні ад вынікаў нядаўняга Кангрэсу дэмакратычных сілаў, сам ён ня бачыць прычынаў для радасьці:

“Кангрэс паказаў, што ў беларусаў няма ня толькі агульнанацыянальнага лідэра. Аказалася, такога лідэра няма нават у асяродзьдзі актыўных дэмакратаў. Вынікі галасаваньня сьведчаць аб хісткасьці дэмруху. 50% прагаласавалі за нікому не вядомага чалавека. Кураняты, калі вылупляюцца зь яек, могуць пайсьці за якім заўгодна прадметам — напрыклад, за паветраным шарыкам. Але ж удзельнікі кангрэсу — не кураняты…

Некаторыя ўдзельнікі ў захапленьні ад арганізацыі кангрэсу. У мяне супрацьлеглая думка. Аб якой дэмакратыі можна казаць, калі амаль тысяча ўдзельнікаў вырашыла ўсе праблемы за некалькі гадзінаў? Там ня толькі немагчыма было абмяркоўваць што-небудзь — нават выказаць усе прапановы за такі кароткі час немагчыма. Сярод водгукаў на кангрэс, што прагучалі ў эфіры “Свабоды”, больш за ўсіх мне спадабалася меркаваньне, выказанае Валерыяй Навадворскай (бо яна лепш за ўсіх разумее праблемы беларускай дэмакратыі). Галоўнае, на што яна зьвяртае ўвагу лідэраў — гэта неабходнасьць адукацыйнай працы ў грамадзтве. Але ці пачуюць гэта нашы лідэры?”

Усё ж, спадар Жэрдзеў, варта ўлічваць, што абмеркаваньне праблемы адзінага кандыдата ад апазыцыі пачалося задоўга да Кангрэсу дэмакратычных сілаў. На шматлікіх сходах у рэгіёнах у апазыцыйных актывістаў хапала і часу, і інфармацыі, каб паспрачацца і вызначыцца. На кангрэс большасьць дэлегатаў прыехала, ужо зрабіўшы выбар (ці, прынамсі, маючы вынікі галасаваньня ў сваім рэгіёне — на сходзе, дзе іх, дэлегатаў, выбіралі). Што да неабходнасьці адукацыйнай працы ў грамадзтве — тут, відавочна, спрачацца не выпадае. Праўда, лёзунгі гэтыя за апошнія паўтара стагодзьдзя сталі трывіяльнымі. Палітычнай адукацыяй у шырокіх грамадзкіх слаях хто толькі ні займаўся — і “нарадавольцы”, і эсэры, і бальшавікі-ленінцы… У камуністычным СССР марксісцка-ленінская адукацыя ўвогуле была ператворана ў дзяржаўную сыстэму. Цяпер у Беларусі палітычнай адукацыяй з боку дзяржавы займаюцца прафэсійныя ідэолягі. А з боку апазыцыі ўвесь час гучаць намеры гэтую дзейнасьць пашырыць.

Пры гэтым адметна, што і сто пяцьдзясят год таму, і цяпер палітыкі аднолькава наракаюць на тое, што большасьць грамадзтва слаба, альбо ўвогуле не арыентуецца ў палітычных працэсах.

Наступны ліст даслала нам Вольга Мацкевіч зь Менску. Яна піша:

“У нашай школе старшаклясьнікаў угаворваюць уступаць у БРСМ — абяцаюць, што тым, хто хто стане сябрам БРСМ, лягчэй будзе паступіць ва ўнівэрсытэт, што ў далейшым яны зробяць добрую кар’еру. Многія ў гэта вераць — і ўступаюць. Ідэйных прыхільнікаў улады сярод маіх аднаклясьнікаў я не заўважала. Ды і нічым цікавым гэты БРСМ не займаецца. Раздалі членскія білеты, і ўсё. Хлопцы і дзяўчаты проста думаюць пра ўласную будучыню. На сходах нам часта расказваюць пра гераічныя ўчынкі папярэдніка БРСМ — камсамолу. А я часам думаю: можа, і тады ніякага асаблівага гераізму і адданасьці не было, а былі кар’ерызм і прыстасаванства?”

Камсамол, Вольга, быў адзінай дазволенай уладамі палітычнай арганізацыяй моладзі. І прымалі туды ў так званым добраахвотна-прымусовым парадку, амаль пагалоўна ўсіх старшаклясьнікаў. Ці былі сярод іх сьвядомыя маладыя будаўнікі камунізму? Магчыма. Але не яны кіравалі камсамолам і займалі ў ім галоўныя пасады. Меркаваць так можна па апошніх гадах існаваньня камуністычнай сыстэмы. Большасьць камсамольскіх сакратароў усіх узроўняў, якія раней прафэсійна займаліся ідэйным выхаваньнем моладзі і антыбуржуазнай прапагандай, пасьля зьмены ўлады амаль пагалоўна сталі бізнэсоўцамі, банкірамі, прадпрымальнікамі. Іншымі словамі, уцяклі на бок ідэйных ворагаў. Думаю, што гэтак жа будзе ў свой час і з духоўнымі пераемнікамі камсамолу.

Аб некаторых рэаліях сёньняшняга вясковага жыцьця распавядае ў сваім лісьце наш сталы слухач Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну:

“Зь вясны ўсе жыхары нашай вёскі чакаюць, што начальства нарэшце выканае свае абяцанкі і адрамантуе ўшчэнт разьбіты невялікі кавалак дарогі ў Малой Беліцы. Столькі пакутаў мы церпім праз гэта. Куляюцца фурманкі, калі вязеш сена. Куляюцца бідоны, калі вязеш ваду. І хоць вада ў нас такая, што наскрозь разьядае тыя бідоны — але і безь яе не пражывеш. Вельмі цяжка нам і без аўтазапраўкі. Адміністрацыя Сеньненскага раёну яшчэ шмат год таму абяцала, што запраўка ля дарогі Ворша—Лепель зьявіцца. Але яе як не было, так і няма. У дадатак да ўсяго тэлефон у мяне стаў працаваць так, што сам я тэлефанаваць магу, а вось да мяне ўжо чацьверты месяц ніхто дазваніцца ня можа. Вядома, запраўкі — у горадзе. Там і асфальт, і добрая сувязь. А дзе ж вясковыя майстры?”

Вёскі ў Беларусі, спадар Бельскі, дзеляцца на тыя, якія стануць цэнтрамі аграгарадкоў, і на ўсе астатнія. У першых пэрспэктывы добраўпарадкаваньня неблагія, а вось іншым на побытавыя даброты разьлічваць ня надта выпадае. Вядома, у ідэале людзі з вашай вёскі, якія, як і вы, заклапочаныя агульнымі праблемамі, могуць сабрацца, паставіць пытаньне перад мясцовымі дэпутатамі, запатрабаваць, каб яны выканалі ваша рашэньне. Але няцяжка здагадацца, якім можа быць дэпутацкі адказ на вашы прэтэнзіі. У мясцовай улады бюджэт мізэрны; калгас сам ледзь сточвае канцы з канцамі; падаткі ў вёсцы плаціць няма каму — адны пэнсіянэры… Гэтак было і дваццаць, і трыццаць год таму. Хоць тады і людзей на вёсцы было болей, і фінансавалася калгасная сыстэма зь дзяржбюджэту больш шчодра. Але ўжо тады вёскі падзялілі на пэрспэктыўныя і непэрспэктыўныя. І хоць потым гэты прынцып шмат гадоў асуджалі — цяпер ён фактычна вернуты і стаў дзяржаўнай палітыкай у Беларусі.

На мінулым тыдні нам таксама напісалі Адам Зыль і Аляксандар Івановіч зь Менску, Міхаіл Леках з Рыгі і Міхаіл Тоса з Наваградку. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG