Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўдалося пераадолець крызіс апазыцыйнай кааліцыі пасьля Кангрэсу дэмакратычных сілаў?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 13 кастрычніка) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер і намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

(Валер Карбалевіч: ) “Наколькі нечаканымі былі тыя супярэчнасьці і рознагалосьсі, якія выявіліся ў апазыцыйным асяродзьдзі пасьля кангрэсу, што абраў Аляксандра Мілінкевіча адзіным кандыдатам у прэзыдэнты? З аднаго боку, працэс кааліцыйнага будаўніцтва ідзе ўжо шмат гадоў, набыў моцную інэрцыю, прайшоў праверку рэфэрэндумам і выбарамі мінулага году, зьявіўся давер між лідэрамі. Да таго ж гэтая тэндэнцыя мае аб’ектыўныя прычыны: жорсткі аўтарытарны рэжым аднолькава душыць і левых, і правых. І на самім кангрэсе панаваў дух адзінства.

Зь іншага боку, было шмат прагнозаў расколу ў шэрагах апазыцыі пасьля кангрэсу. Яшчэ некалькі месяцаў таму ў адной зь перадачаў нашага радыё кіраўнік выбарчага штабу Мілінкевіча Віктар Карняенка казаў, што каго б кангрэс ні выбраў адзіным кандыдатам, усё роўна шмат людзей будзе адчуваць сябе прайграўшымі. Нешта падобнае і адбылося. У Аб’яднанай грамадзянскай партыі адбылася жорсткая дыскусія, некаторыя рэгіянальныя кіраўнікі, проста сябры партыі выказвалі незадавальненьне вынікамі кангрэсу. У чым сутнасьць тых прэтэнзіяў, якія былі вылучаныя гэтай часткай партыі?”

(Сяргей Альфер: ) “Калі праводзіць аналіз тых прэтэнзіяў, адчуваньняў, выказваньняў людзей, якія не задаволеныя вынікамі кангрэсу, то можна выдзеліць аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны. Калі казаць пра аб’ектыўныя прычыны, то трэба адзначыць, што частка дэлегатаў кангрэсу выбіралася не на падставе конкурснага адбору ў рэгіёнах, а паводле пэўных сьпісаў. І калі з дэлегатамі ад раёнаў, дэпутатамі і кандыдатамі ў дэпутаты не было праблемаў, то з фармаваньнем сьпісаў ад няўрадавых аб’яднаньняў узьніклі праблемы. Таму ў вялікай часткі дэлегатаў быў сумнеў, ці сапраўды некаторыя людзі прадстаўляюць рэальныя няўрадавыя арганізацыі.

Былі і суб’ектыўныя прычыны. Час перад кангрэсам праходзіў у сур’ёзнай канкурэнтнай барацьбе між патэнцыйнымі прэтэндэнтамі на статус адзінага кандыдата. У кожнага прэтэндэнта было сваё кола прыхільнікаў, як сярод партыяў, так і сярод іншых асобаў. Шмат дэлегатаў вызначылі для сябе толькі аднаго прэтэндэнта, якога яны зьбіраліся падтрымліваць. Гэта агульная заканамернасьць любога выбарчага працэсу.

І вось калі іх прэтэндэнт ня быў выбраны на статус адзінага, яны адчулі вялікае расчараваньне. Пачаўся моцны эмацыйны ўсплёск. Шмат хто казаў: вось, ня выбралі нашага прэтэндэнта, і мы на іншага працаваць ня будзем. Але час мінуў, эмоцыі схлынулі, і сытуацыя трохі зьмянілася”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы дадаць, што, акрамя абвінавачаньняў у нядобрасумленнай канкурэнцыі з боку партнэраў па кааліцыі, былі вылучаная і палітычныя аргумэнты. Маўляў, асоба адзінага кандыдата ў прэзыдэнты выглядае моцна зрушанай у правы бок, у бок БНФ, і таму будзе дрэнна ўспрынятая нават пратэстным электаратам”.

(Аляксей Янукевіч: ) “Партыя БНФ заўсёды акцэнтавала ўвагу нашых партнэраў па кааліцыі і дэмакратычнай грамадзкасьці на тым моманце, што Мілінкевіч зьяўляецца самастойным палітыкам. Натуральна, мы яго падтрымалі і ніколі не хавалі сваёй працы на ягоную карысьць. Але ён не зьяўляецца сябрам Партыі БНФ. Дарэчы, з гэтага вынікае неабходнасьць улічваньня інтарэсаў Партыі БНФ падчас стварэньня перадвыбарчых штабоў. Таму што перамога Мілінкевіча не азначае, што Партыя БНФ атрымала па максымуме ўсё, чаго яна дамагалася ў гэтай кампаніі.

Але калі вяртацца да пытаньня незадаволенасьці вынікамі кангрэсу, то тут мы можам паглядзець на сытуацыю з Партыяй камуністаў беларускай. Яна ў значна большай ступені магла б казаць пра тое, што асоба Мілінкевіча не адпавядае іх каштоўнасным, ідэалягічным устаноўкам, паколькі Мілінкевіч — правы палітык, дарэчы, як і Лябедзька. Але камуністы павялі сябе вельмі дысцыплінавана. Хоць, безумоўна, момант расчараваньня ў іх таксама ў нейкай ступені прысутнічаў.

Таму, калі вярнуцца да пытаньня пра Мілінкевіча, то можна адзначыць, што ён ня ёсьць крэатурай БНФ. Мілінкевіч — самастойны палітык, які карыстаецца ўсебаковай падтрымкай БНФ”.

(Карбалевіч: ) “У гэтай крызіснай сытуацыі шмат што залежала ад пазыцыі лідэраў. Як павялі сябе яны, найперш Аляксандар Мілінкевіч і Анатоль Лябедзька? Ці ўдалося ім выправіць сытуацыю?”

(Альфер: ) “Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Лябедзька выканаў усе тыя рашэньні і абавязкі, якія былі прынятыя АГП у рамках кааліцыі, і таксама тыя, якія ён браў на сябе асабіста як прэтэндэнт на статус адзінага кандыдата. А менавіта — абавязак працаваць у адной камандзе незалежна ад рашэньняў кангрэсу, незалежна ад таго, ці стане ён адзіным кандыдатам. Што тычыцца Мілінкевіча, то падчас папярэдніх ягоных сустрэчаў зь Лябедзькам ён прапанаваў кіраўніку АГП выбраць сабе любую пасаду, якую ён і партыя лічаць прымальнай”.

(Янукевіч: ) “Я таксама ацэньваю пазыцыю лідэраў падчас гэтых падзеяў вельмі станоўча. Перадусім, хацеў бы зьвярнуць увагу, што Мілінкевіч адразу пасьля абвяшчэньня вынікаў кангрэсу сказаў: тут няма прайграўшых і пераможаных. І гэтую сваю пазыцыю ён пацьвярджае. Мілінкевіч прапанаваў пасаду кіраўніка перадвыбарчага штабу Сяргею Калякіну (а гэта вельмі адказная пасада). Супольна Мілінкевіч, Лябедзька і Калякін дасягнулі дамоўленасьці, што будуць прапаноўваць Лябедзьку кіраўніком Нацыянальнага камітэту.

Так, у АГП былі пэўныя праблемы з прыняцьцём гэтага рашэньня. Некаторыя прадстаўнікі партыі дапусьцілі, можа быць, досыць безадказныя выказваньні. Але, што тычыцца Лябедзькі, то ён павёў сябе ў гэтай сытуацыі вельмі добра, адказна, прыклаў максымальныя намаганьні, каб спыніць антыкааліцыйныя памкненьні. І я перакананы, што ён, як і іншыя прэтэндэнты, будзе працаваць эфэктыўна ў камандзе”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, лідэры павялі сябе вельмі годна, адэкватна сытуацыі. Хачу нагадаць, што адразу пасьля кангрэсу на прэс-канфэрэнцыі журналісты спыталі Мілінкевіча, ці не зьбіраецца ён прызначыць Лябедзьку, які прайграў лідэру толькі восем галасоў, кіраўніком свайго выбарчага штабу. І адзіны кандыдат адказаў, што ў яго ўжо ёсьць кіраўнік, Віктар Карняенка, а Лябедзьку будзе прапанаваная любая іншая пасада ў штабе ці ў кампаніі. Але зусім хутка Мілінкевіч, дакладна ацаніўшы сытуацыю, дзеля захаваньня кааліцыі прапанаваў і Лябедзьку, і лідэру камуністаў Калякіну любыя пасады.

Зь іншага боку, калі б Лябедзька падгуляў тым антыкааліцыйным настроям, якія былі моцныя ў партыі, альбо нават заняў проста нэўтральную пазыцыю — маўляў, як партыя вырашыць так і будзе, то сытуацыя магла б разьвівацца па-іншаму. Але Лябедзька заняў вельмі жорсткую, прынцыповую пазыцыю, нават паставіў пытаньне аб даверы. У выніку сытуацыя выправілася.

Ці лічыце вы крызіс пераадоленым? Ці лідэры кааліцыі знайшлі годны і аптымальны выхад зь няпростай сытуацыі, і перадвыбарчай кампаніі з гэтага боку, боку кааліцыйнага адзінства больш нічога не пагражае?”

(Альфер: ) “На працягу тыдня адбыліся два паседжаньні палітычнай рады АГП. На першым адбылася вельмі жорсткая і эмацыйная размова пра пазыцыю АГП пасьля кангрэсу. І Лябедзька нават быў вымушаны паставіць пытаньне аб даверы, то бок рызыкаваць сваім пэрсанальным палітычным лёсам. А вотум даверу лідэру азначаў аўтаматычную падтрымку ўсім абавязкам партыі, прынятым у супольнай кааліцыі. Гэта яшчэ не азначала поўнай падтрымкі пазыцыі партыі ўсімі арганізацыямі.

Але ў сераду адбылося яшчэ адно паседжаньне палітычнай рады АГП, на якім прысутнічаў і адказваў на пытаньні Мілінкевіч. Паседжаньне паказала, што партыя працуе ў канструктыўным кірунку. Пераважная большасьць арганізацыяў АГП уключаецца ў працэс кааліцыйнай працы. І таму гэтая сытуацыя, якую я б назваў ня крызісам, а, можа, выбухам эмоцыяў, пераадоленая.

Па часе адбудуцца сустрэчы Мілінкевіча, Лябедзькі, Калякіна, магчыма, іншых лідэраў у рэгіёнах з прадстаўнікамі апазыцыйных партыяў. І я спадзяюся, нашы партыі будуць працаваць супольна на перамогу”.

(Янукевіч: ) “Я лічу, што ўсе крызісныя моманты пераадоленыя. І я ня бачу ніякіх патэнцыйных перашкодаў для адзінства дэмакратычных сілаў да выбараў 2006 году. Кангрэс быў вельмі крытычным момантам. Бо пасьля яго ўсе сур’ёзныя прэтэндэнты на адзінага кандыдата дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах вельмі выразна ўбачылі і зразумелі свой статус. Мілінкевіч выбраны адзіным кандыдатам. Лябедзька і Калякін здолелі зжыцца з гэтай новай сытуацыяй, прыняць яе. Прычым, прыняць годна. Безумоўна, гэта было самае складанае для іх рашэньне, самы складаны момант для кааліцыйнай працы.

І ў пэрспэктыве болей я ня бачу такіх крытычных момантаў. Натуральна, ня ўсе пытаньні зьнятыя, яны будуць узьнікаць. У рэгіёнах ёсьць свае канфігурацыі, ёсьць пэрсанальныя, асабістыя праблемы. Але я перакананы, што такіх сур’ёзных, грунтоўных супярэчнасьцяў больш ня будзе. Будзем працаваць разам дзеля перамогі”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, лідэры, кіраўніцтва апазыцыі на гэтым этапе паказалі палітычную сьпеласьць, у няпростай сытуацыі прадэманстравалі ўменьне знаходзіць кампраміс, змаглі выправіць хібы, пераадолець крызіс і працягваць супольную кааліцыйную перадвыбарчую кампанію”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG