Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін прыступілі да сваіх новых абавязкаў


Алесь Дашчынскі, Менск Анатоль Лябедзька ўзначаліў Нацыянальны камітэт, а Сяргей Калякін – перадвыбарчы штаб адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкія выбары 2006 года. Такім чынам вызначаны дзьве асноўныя фігуры ў камандзе Аляксандра Мілінкевіча. Якой яны бачаць сваю дзейнасьць?

Некаторыя мэдыі паведамілі пра “дублёраў” адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. Як ставяцца да такога вызначэньня першыя асобы ў камандзе “адзінага”? Анатоль Лябедзька лічыць тэрмін “дублёрства” недарэчным.

(Лябедзька: ) “Я не гаварыў бы пра дублёрства, я б гаварыў пра палітычны зьвяз. Ёсьць адзіны кандыдат, і ён ідзе як кандыдат у прэзыдэнты. Яму трэба дапамагаць, і я гатовы ісьці ў палітычнай зьвязцы”.

Паводле Сяргея Калякіна, калі ўжо сёньня думаць пра дублёраў, то што рабіць з адзіным кандыдатам?

(Калякін: ) “Дублёра ў нас няма. У нас ёсьць адзіны кандыдат. На яго і трэба працаваць. А дублёры ўсе – гэта прыдумаў нехта. Кангрэс абраў адзінага кандыдата, цяпер трэба думаць, як забясьпечыць яго перамогу”.

Старшыня Нацыянальнага камітэту асновай сваёй працы бачыць палітычнае пагадненьне, зацьверджанае кангрэсам дэмсілаў. Там гаворыцца, што нацыянальны камітэт адказвае за распрацоўку бачаньня будучай Беларусі, за праграмы і праекты заканадаўчых ініцыятываў.

(Лябедзька: ) “Гэта як інтэлектуальная пляцоўка, на якой мусяць працаваць лепшыя інтэлектуальныя, дасьведчаныя людзі ў Беларусі і дапамагаць адзінаму кандыдату. Вельмі важна, каб былі ня толькі заклікі, ня толькі заклінаньні, ня толькі кароткія ўлёткі, але і больш грунтоўныя дакумэнты, якія дэманструюць, што гэта моцная каманда і за ёй ідуць перамены”.

Сярод асобаў, якія могуць увайсьці ў склад Нацыянальнага камітэту, яго старшыня называе Станіслава Багданкевіча, Яраслава Раманчука, Паўла Данэйку, Міхаіла Чыгіра, Васіля Старавойтава, Зінаіду Бандарэнку. Плянуюцца таксама перамовы з рэктарам ЭГУ Анатолем Міхайлавым і былым прэм’ер-міністрам Уладзімерам Ярмошыным ды іншымі асобамі.

(Лябедзька: ) “Тут няма прамой зьвязкі – асоба і партфэль. Хоць мы гаворым Нацыянальны камітэт – ценявы ўрад. Будуць вызначаныя асноўныя накірункі, па якіх будуць людзі працаваць калектыўна. Тут будуць два ўзроўні. Узровень рабочы, тыя, хто непасрэдна будзе рыхтаваць праекты праграма, і такі прадстаўнічы ўзровень, каб там былі людзі, вядомыя для некаторых груп насельніцтва, якія выклікаюць нейкія пазытыўныя эмоцыі”.

Анатоль Лябедзька ў якасьці сваіх першачарговых крокаў бачыць вызначэньне структуры Нацыянальнага камітэту. А таксама выпрацоўку грунтоўнай эканамічнай праграмы для адзінага кандыдата.

(Лябедзька: ) “На ўсе вострыя пытаньні ў нас павінны быць адказы, і ня толькі на ўзроўні нашага досьведу, але і навукова прапрацаваныя. Я думаю, што мы зацікаўленыя арганізаваць як мага больш шырокую дыскусію па тых праектах дакумэнтаў, якія будуць напрацаваныя Нацыянальным камітэтам. Калі нам удасца зрабіць яе як мага больш шырокай, гэта будзе наш посьпех”.

Сяргей Калякін лічыць цяпер самым важным фармаваньне цэнтральнага штабу, які будзе выконваць дзьве асноўныя задачы – арганізацыйна-тэхнічную і інфармацыйную.

(Калякін: ) “Туды павінны ўвайсьці людзі, якія ўмеюць выпрацоўваць прафэсійныя рашэньні і іх рэалізоўваць. Я думаю, што цягам бліжэйшага тыдня мы гэтую працу ў асноўным завершым. А другая задача - у стварэньні дзеяздольных камандаў на месцах у рэгіёнах. Мы зараз таксама прыступім да гэтай працы. Ужо сёньня трэба вырашаць дзьве задачы – фармаваньне штабу і непасрэдную арганізацыю палітычнай працы”.

Сяргей Калякін пакуль устрымліваецца называць імёны тых, хто будзе працаваць у штабе.

(Калякін: ) “Тут ня важна, каб гэтыя людзі былі вядомыя. Тут важна, каб гэтыя людзі былі здольныя вырашаць тыя або іншыя задачы”.

Спадар Калякін ужо зрабіў прапановы некаторым асобам. Ён лічыць, што выбар кандыдатур пройдзе на аснове пэўнай канкурэнцыі. Працы тут многа як у абласных, так і ў раённых ці гарадзкіх структурах, і асноўнае спадзяваньне на шырокую сетку валянтэраў.

Як жа спадар Калякін ставіцца да сваёй новай ролі?

(Калякін: ) “Я разумею, што гэта вельмі сур’ёзная і цяжкая праца, яе трэба рабіць, вось і ўсё. Але гэта ня ордэн далі, а далі кавалак працы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG