Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў адмовілася залічыць Расею ў стратэгічныя партнэры Беларусі


Уладзімер Глод, Менск За прапанову ўключыць адпаведны запіс у закон "Аб зацьверджаньні Асноўных напрамкаў унутранай і зьнешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь", які сёньня прынялі ў другім (апошнім) чытаньні, прагаласавалі ўсяго 14 дэпутатаў, супраць галасавалі 87.

Такі закон прымаўся, паводле намесьніка старшыні парлямэнцкай камісіі ў міжнародных справах і сувязях з СНД Анатоля Красуцкага, які яго прадстаўляў калегам, "упершыню ў гісторыі беларускага парлямэнтарызму". Таксама спадар Красуцкі запэўніў, што такога значнага законапраекту яшчэ не зацьвердзіў парлямэнт ніводнай з краінаў СНД, уключаючы Расею.

Найбольшыя спрэчкі пры разглядзе законапраекту ўзьніклі, калі дэпутаткі Вольга Абрамава і Ганна Бурава прапанавалі дапоўніць асноўныя задачы зьнешняй палітыкі Беларусі "разьвіцьцём стратэгічнага партнэрства з Расейскай Федэрацыяй адпаведна дамове аб стварэньні Саюзнай дзяржавы ад 8 сьнежня 1999 году".

Спадарыня Абрамава абгрунтоўвала гэтую прапанову тым, што "...стратэгічнае партнэрства з Расеяй гэта канстанта, не пераменная, а базавая каштоўнасьць". Таксама дэпутатка спасылалася на прамову Аляксандра Лукашэнкі на 60-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН:

(Абрамава:) "Палітычны сэнс для аднаго вонкавапалітычнага адрэсата быў надзвычай канкрэтны -- прэзыдэнт заявіў, што з Беларусьсю ні пры якіх абставінах ня можа і не павінна адбыцца тое, што здарылася зь Югаславіяй, Аўганістанам і Іракам. Для гэтага ёсьць, як мінімум, тры прычыны: у Беларусі няма падставаў для зьнешняга ўмяшаньня, ніхто ня можа стварыць у краіне буйны канфлікт, і, нарэшце, Беларусь знаходзіцца ў саюзе з вялікай і магутнай Расеяй. Ад сябе дадам, што апошняе амаль цалкам выключае паўтарэньне югаслаўскага сцэнару альбо нейкага іншага варыянту замежнай інтэрвэнцыі, нават калі вынікі выбараў 2006 году не падабаюцца камусьці ўжо сёньня на прагназаваным узроўні".

Галоўны аргумэнт супраць уключэньня дапаўненьня ў закон з боку кіраўніцтва парлямэнту і Міністэрства замежных справаў заключаўся ў тым, што гэта закон рамачны, што ён прымаецца на многа год наперад, што вылучэньне стратэгічнага партнэра парушае мнагавектарнасьць вонкавай палітыкі Беларусі.

Былы намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Саньнікаў робіць з гэтай падзеі наступныя высновы:

(Саньнікаў:) "Гэта яшчэ раз пацьвердзіла, што няўзгодненыя з адміністрацыяй папраўкі, якія звонку нават адпавядаюць палітыцы адміністрацыі, не прымаюцца. Па-другое, гэта сьведчыць, што ёсьць расейскае лобі, якое відавочна працуе праз некаторых дэпутатаў, каб яшчэ больш прывязаць Беларусь да Раесі ня толькі праз Лукашэнку, але і праз такія палажэньні ў дакумэнтах. А што азначае гэта насамрэч? Я цяпер нават не кранаю Беларусь. Але, калі ёсьць такі пункт у вонкавапалітычнай стратэгіі якой заўгодна краіны, гэта азначае толькі накіраванасьць у адзін бок і супрацоўніцтва толькі з адным бокам".

Палітоляг Юры Шаўцоў лічыць, што нешта надзвычайнае сёньня не адбылося:

(Шаўцоў:) "Якая была сапраўды неабходнасьць уносіць у нашае заканадаўства пункт пра Расею? Саюз з Расеяй (ці арыентацыя на яго) зафіксаваныя на рэфэрэндуме даўным-даўно. Ён рэалізуецца ў межах міждзяржаўных пагадненьняў. тым больш неяк дзіўнавата выглядае, што прапанова спадарыні Абрамавай не была ўзгодненая з МЗС. У нас усё ж такі такая структура ўлады, калі парлямэнт практычнай палітыкай мала займаецца".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG