Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візавы рэжым паміж Расеяй і Эўразьвязам будзе спрошчаны. Ці пойдзе ў такім кірунку Беларусь?


Ганна Соусь, Менск Падчас саміту Расея—Эўразьвяз у Лёндане была дасягнутая дамоўленасьць аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі — узаемнай выдачы незаконных мігрантаў. Адпаведныя пагадненьні маюць быць падпісаныя да канца году. Ці зробіць захады ў гэтым кірунку беларускі бок, які зьвязаны з Масквой шматлікімі пагадненьнямі аб скаардынаванай замежнай палітыцы?

У адпаведнасьці з дамоўленасьцю паміж Расеяй і Эўразьвязам, плянуецца ўвесьці спрошчаны рэжым для пэўных катэгорый расейскіх грамадзянаў — студэнтаў, навукоўцаў, палітычных дзеячаў, дыпляматаў і бізнэсоўцаў. Як заявіў прэзыдэнт Уладзімер Пуцін, Расея разглядае дасягнутыя дамоўленасьці як адзін з этапаў на шляху да пераходу ў пэрспэктыве да бязьвізавага рэжыму паездак.

Эўразьвяз лічыць умовай спрашчэньня візавага рэжыму з Расеяй яе згоду на прыём імігрантаў, якія незаконна трапілі ў Эўропу з тэрыторыі Расеі, што патрабуе ад Масквы значных выдаткаў і прывядзеньня свайго заканадаўства ў адпаведнасьць з нормамі Эўразьвязу. І як заявіў спэцпрадстаўнік прэзыдэнта Расеі ва ўзаемадачыненьнях з Эўразьвязам Сяргей Ястржэмбскі, пагадненьні паміж Расеіяй і Эўразьвязам аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі будуць падпісаныя да канца гэтага году.

А што робяць беларускія ўлады дзеля спрашчэньня візавага рэжыму з краінамі Эўразьвязу? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да прадстаўніка Міністэрства замежных справаў Беларусі Руслана Есіна:

(Есін: ) “На дадзеным этапе гэтае пытаньне не абмяркоўваецца”.

Чаму беларускі бок ня робіць захадаў дзеля спрашчэньня візавага рэжыму з краінамі Эўразьвязу? Гэтае пытаньне я адрасую былому супрацоўніку Міністэрства замежных справаў Беларусі Аляксандру Рухлю, які ў сярэдзіне 1990-х гадоў узначальваў дыпляматычную місію Беларусі ў Нямеччыне.

(Рухля: ) “Пытаньне, хутчэй рытарычнае, бо міжнародная ізаляцыя, у якой мы знаходзімся, не дазваляе нам гэтага рабіць. Мы ведаем, які будзе адказ на гэтае пытаньне. На жаль, такое спрашчэньне візавага рэжыму, я думаю, ня вельмі хутка будзе ўведзена для Беларусі пры наяўнасьці сёньняшняга кіраўніцтва краіны”.

Іншы пункт гледжаньня мае былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) “Для беларусаў, я лічу, гэта магчыма. Мы ведаем, што былі ўжо заявы на гэты конт у Эўразьвязе — каб для простых грамадзянаў мог быць спрошчаны візавы рэжым, але ж не для афіцыйных асобаў. Наколькі я ведаю, гэтае пытаньне ўздымаў адзін з каардынатараў “Зубра” Ўладзімер Кобец падчас сустрэчы з Хавіерам Салянам. І я думаю, што да гэтага прыслухаліся, што трэба ўжываць ня толькі пэўныя меры для кіраўніцтва краіны, але і дбаць пра тое, каб простыя грамадзяне мелі нармальныя стасункі з Эўропай. Відавочна, што ў гэтай сытуацыі на ўзроўні дзяржавы гэта вырашацца ня будзе”.

На мінулым тыдні ў Страсбуры Эўрапарлямэнт ухваліў рэзалюцыю ў справе Беларусі, дзе, у прыватнасьці, гаварылася, што “замест паляпшэньня, у Беларусі сытуацыя наадварот пагоршылася — правы чалавека груба парушаюцца”, а таксама ўтрымліваўся заклік увесьці бясплатныя візы для беларусаў для ўезду ў краіны Эўразьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG