Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таварыства беларускай мовы аднаўляе сэрыю гістарычных сэмінараў


Севярын Квяткоўскі, Менск Зь сёньняшняга дня і цягам бліжэйшых трох месяцаў у сядзібе ТБМ ахвочыя змогуць паслухаць лекцыі і далучыцца да дыскусіяў, прысьвечаных розным старонкам гісторыі Менску. Тапаграфія сталіцы, гісторыя музычнага і мастацкага жыцьця гораду, Менск у творах беларускіх пісьменьнікаў – вось некаторыя з тэмаў сустрэчаў.

Пэрыядычнасьць сэмінараў – два тры разы на тыдзень. У Менску пачатак а 18-й гадзіне. Упершыню ТБМ заплянавала выязныя сустрэчы: у ваколіцах Менску, а таксама ў Слуцку, Маладэчна і Баранавічах. Арганізатары доўгатэрміновай акцыі падкрэсьліваюць, што тыя спатканьні ня ёсьць клясычнымі лекцыямі. Гаворыць кіраўнік праекту Алег Трусаў.

(Трусаў: ) “Гэта творчая сустрэча, дзе выкладчык толькі пачынае, дае пэўную канву, а потым ідзе творчая дыскусія. Спыніць немагчыма людзей. Я ведаю, што потым мы ўжо кажам: маўляў, усё - дзьве гадзіны, выкладчык стаміўся, трэба разыходзіцца, а яны ня хочуць...”

Алег Трусаў спаслаўся на папярэдні досьвед, і патлумачыў, што сэмінары аднавіліся пасьля шматлікіх лістоў з просьбамі цікаўных.

Цягам бліжэйшых трох месяцаў наведнікі сэмінараў змогуць сустрэцца з такімі вядомымі ў краіне людзьмі як гісторык Анатоль Грыцкевіч, пісьменьнікі Вольга Іпатава і Ўладзімер Арлоў, рэжысэр Валеры Мазынскі, мастак Аляксей Марачкін, ды шмат іншых. Разам каля дваццаці асобаў. Актуальнасьць праекту тлумачыць Аляксей Марачкін:

(Марачкін: ) “Гэта вельмі важна. Гэта актуальна з той прычыны, што мы пад глябальным прэсінгам суседняй культуры. Усё робіцца, каб наша было незаўважаным, ніжэйшым і другарадным. Вось гэта вельмі шкодзіць наагул”.

Паводле Аляксея Марачкіна, нягледзячы на больш як чатырнаццаць гадоў незалежнасьці, беларусы мала ведаюць сваю гісторыю. У прыватнасьці, гісторыю Менску, дзе жыве кожны пяты жыхар краіны.

Паводле гісторыка Анатоля Грыцкевіча, традыцыя публічных навуковых і культурніцкіх дыскусіяў запачаткавалася ў Эўропе ў ХІХ стагодзьдзі, і была пашыраная ў тым ліку ў Беларусі.

Але ў сучасным сьвеце пашырэньне асьветы і культуры найперш залежыць ад электронных сродкаў інфармацыі. Калі ўлічыць, што ў Беларусі інтэрнэт пакуль ня надта распаўсюджаны, то галоўнай крыніцай папулярызацыі застаецца тэлевізія. Я зрабіў на вуліцах мініапытаньне – на сустрэчу зь якім дзеячам навукі ці культуры вы хацелі б патрапіць?

(Дзяўчына: ) “Напэўна, не магу нікога вылучыць”.

(Сталая спадарыня: ) “Тыя артысты, хто мне быў цікавы, ужо пайшлі з жыцьця. Напрыклад, Стэфанія Станюта. А з сучасьнікаў анікога ня ведаю”.

(Спадарыня: ) “Мы з рэжысёрам Аляксандрам Яфрэмавым сустракаліся… Мы больш па кінафільмах ведаем нашых творчых людзей”.

(Спадар: ) “Такіх многа, я зараз не магу адказаць”.

(Дзяўчына: ) “У нас адзін мастак, сьпявак і музыкант – Рыгорыч”.

Што да спэцыфікі цяперашняй сытуацыі ў краіне, прафэсар Грыцкевіч мяркуе наступнае:

(Грыцкевіч: ) “Цяпер інфармацыя абмежаваная, незалежныя газэты ўсё больш скарачаюцца, па тэлевізіі рэдка можна што пачуць. Таму традыцыя жывой сустрэчы пісьменьнікаў і навукоўцаў з тымі хто цікавіцца мне здаецца вельмі карыснай”.

Прафэсар Анатоль Грыцкевіч распачне цыкаль сэмінараў сёньня ў Менску а 18-й гадзіне па адрасе Румянцава, 13.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG