Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Традыцыі беларускага фотамастацтва


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Перадача 2.

(Вячаслаў Ракіцкі:) “Гісторыя беларускага фотамастацтва пачала свой адлік у сярэдзіне 19-га стагодзьдзя. З пажоўклых, часам амаль страчаных здымкаў на нас пазірае эпоха. У мінулай перадачы мы гаварылі, што бальшыня фатографаў, якія запачаткавалі гэты від мастацтва ў Беларусі былі асобамі прывілеяваных станаў, людзі высокай культуры й немалога дабрабыту. Імёны большасьці зь іх невядомыя, на жаль, у Беларусі сёньня. Але іхныя здымкі можна адшукаць у замежных музэях, архівах, прыватных калекцыях. І так яны паступова вяртаюцца на радзіму, якой чамусьці было не да напісаньня гісторыі беларускага фотамастацтва. Але ці толькі людзі шляхетнага паходжаньня займаліся фатаграфіяй? Зь цягам часу тыя ж камэры станавіліся больш даступнымі...”

(Сяргей Харэўскі:) “Так. Бліжэй да ХХ стагодзьдзя фатаграфіяй усё часьцей пачынаюць займацца заможныя мяшчане, пераважна габрэйскага паходжаньня. Шмат хто зь іх таксама праславіўся сваёй грамадзянскай патрыятычнай пазыцыяй. Як, напрыклад, вельмі вядомы фатограф зь Менску Напэльбаўм, які пакінуў клясычныя фота Леніна, Блока, Ясеніна, Ахматавай, Аляксея Талстога, Бабеля, Пастэрнака, Меярхольда, Міхоэлса. Ніпэльбаўм пачынаў як клясычны дэкадэнт, а скочыў як заслужаны артыст БССР. Але было й багата этнічных беларусаў. Пад пачатак ХХ стагодзьдзя імёны гэткіх нашых фатографаў, як Куруш-Вераб’ёў, Балзункевіч, Махтэй былі ведамыя шырока за межамі Беларусі. У 1906 годзе фатограф зь Менску Алена Бяляўская атрымала ўхвалу міжнароднага конкурсу Пецярбурскага фатаграфічнага таварыства за стэрэаскапічныя здымкі “Іней” і “Заходняя Дзьвіна”. Тамсама ў 1912 годзе бронзавыя мэдалі атрымалі ўжо два нашы землякі — Генрых Шыльлінг з Суражу й Ян Булгак зь Менску. А магілёўскі фатограф Язэп Згерскі тады ж атрымаў сярэбраны мэдаль на выставе ў Харкаве й бронзавы ў Маскве. Ведалі нашых і ў Парыжы й у Бэрліне.”

(Ракіцкі:) “Як адкрываюцца нам творы, зробленыя мяшчанамі, людзьмі, не далучанымі, скажам так, у тыя часы да шырокага сьвету? Якія тут могуць яшчэ чакаць адкрыцьці гісторыкаў беларускай фатаграфіі?”

(Харэўскі:) “Гэтыя адкрыцьці робяцца штогод! Вельмі шмат здымкаў зь Беларусі, у тым ліку й зробленых тутэйшымі майстрамі, перахоўваецца ў архівах ды бібліятэках Эўропы (самы яскравы прыклад — з даробкам Бэнэдыкта Тышкевіча), у суседніх краінах (мне самому даводзілася бачыць у віленскіх букіністах і антыкварыятах багата невядомых здымкаў невядомых творцаў, што былі зробленыя ў Беларусі. Але найперш гэткія скарбы могуць быць знойдзеныя ў нашых хатах. Напрыклад — сёлета беларуская публіка мела шанец пазнаёміцца з калясальнай спадчынай выбітнага фотамастака з Докшыц Сяргея Вішнеўскага. Творы Вішнеўскага, жывапісца й фатографа, ёсьць у кожнага старажыла Докшыц.”

(Ракіцкі:) “Як на Глыбоччыне і Мёршчыне, дыванкі Язэпа Драздовіча? І тут творца-аматар з народу, які дасягнуў вяршыняў мастацтва?”

(Харэўскі:) “Добрая паралель... Памятаеце, і Драздовіча ж ніхто не забараняў! Але была створаная вакол асобы такая атмасфэра, што ён, маўляў, як чалавек несавецкі, то й непажаданы ўвагі. Гэтак і зь Вішнеўскім: паўпанак, недзе вучыўся на пана ў нейкіх паноў. Ну і варта гэтую бальшавіцкую пільнасьць камбедаўцаў памножыць на агульны цывілізацыйны заняпад. Не давяралі ўсяму адметнаму. Вішнеўскага выдатна ведалі ў родным мястэчку цэлыя пакаленьні, яшчэ ад “польскага часу”. Творчая спадчына маэстра Вішнеўскага захавалася ў мностве фоташэдэўраў, што аж да сёньня захоўваюцца ў сямейных фотаальбомах.”

(Ракіцкі:) “Як мы ўжо спыніліся на асобе Вішнеўскага, то мо і сапраўды варта тут пра яго распавесьці крыху шырэй.“

(Харэўскі:) “Здольнага юнака з Докшыц у 1920-я гады заўважыў вядомы тамтэйшы мэцэнат, пан Слатвінскі. Дзякуючы ягонай падтрымцы, Вішнеўскі становіцца студэнтам мастацкай вучэльні ў Вільні. Хлапец яшчэ пасьпеў да 1939-га году акунуцца ў творчую атмасфэру высокіх традыцый аддзяленьня прыгожых мастацтваў Віленскага ўнівэрсытэту. Адначасна з Рушчыцам ва ўнівэрсытэце працаваў Ян Булгак — знакаміты фатограф, аўтар кніжак па мастацтве фатаграфіі. Жывучы ў Вільні, студэнт Вішнеўскі ня мог не адчуць іхнага ўплыву. Ня тое было ў паваенных Докшыцах, куды мастак мусіў вярнуцца празь некалькі гадоў. А выйсьце для сваёй творчай энэргіі знайшоў у створанай ім у Докшыцах фотастудыі. У невялікім гарадку зь бедным дзьвюхтысячным насельніцтвам, майстэрня-студыя Вішнеўскага існавала да другой паловы 1960-х — пакуль не пачалася актыўная забудова гораду. Цяпер на месцы майстэрні стаіць будынак райвыканкаму.”

(Ракіцкі:) “Чым адметныя здымкі Вішнеўскага?”

(Харэўскі:) “Фотаздымкам Вішнеўскага ўласьціва своеасаблівая кампазыцыйная рэжысура. Мастак знаходзіў павароты галавы, скіраванасьць позірку, падкрэсьліваў асаблівасьці вопраткі, знаходзіў найбольш выразнае асьвятленьне. Гэтым творы Вішнеўскага розьняцца ад звычайнага рамесьніцтва. Здымкі Вішнеўскага, героямі якіх дзеці, зроблены з асаблівай пяшчотай. Калі партрэт здымаўся ў студыі, заўсёды знаходзіліся нейкія цацка або кветка, якія арганічна дапаўнялі дзіцячы вобраз. Часта дзеці здымаліся з жывёламі — то курамі, то казьлянятамі, то гускамі.”

(Ракіцкі:) “Можна казаць пра дзіцячую фатаграфію як пра самастойны жанр у беларускім фотамастацтве?”

(Харэўскі:) “Так, дзіцячая фатаграфія — гэта асобная, вялізарная й надзвычай цікавая тэма ў гісторыі нашай культуры. Першы зь вядомых у Беларусі на сёньня ўласна мастацкі пастановачны здымак простых людзей датаваны 1889 годам. Сьвяточна ўбраныя дзеці ў цёмным пакоі, куды праз вокны ўрываецца сьвятло. Таму зафіксаванаму імгненьню без малога 120 гадоў... Гэты твор фатографа Міхала Блажко з Хоцімскага раёну перахоўваецца ў калекцыі Раманюкоў.“

(Ракіцкі:) “Вось вы сказалі, што ў Докшыцах было фотаатэлье, і зь вялікай павагай расказвалі пра здымкі ў ім зробленыя як пра творы мастацтва. У сучаснага чалавек фотаатэлье зьвязваецца з паняцьцем халтуры. Ці сапраўды колісь фотамастацтва фармавалася ў фотаатэлье?”

(Харэўскі:) “У тыя часы працэс фатаграфаваньня падаваўся нейкім рытуалам. Гэта быў эмацыйны момант для кожнага, хто меў намер зафіксаваць тую ці іншую падзею ў жыцьці. У нязвыклай атмасфэры студыі, поўнай мудрагелістых прылад, мастак падаваўся чараўніком, які нешта варожыць, накінуўшы чорнае палатно на сябе і на вялізную драўляную скрыню-апарат, усталяваны на масіўным драўляным штатыве. Усё гэта стварала асаблівы псыхалягічны настрой у партрэтаваных. У залежнасьці ад тэмы, фатографы той эпохі падбіралі дэкарацыі. Імітацыя неба, часам з элемэнтамі архітэктуры на далёкім пляне. Каб падкрэсьліць прастору, маляваліся галінкі дрэў. Потым умацоўваліся натуральныя галінкі, якімі аздабляўся пярэдні плян жывапіснага фону. Гэтыя дэталі надавалі кампазыцыі прасторавасьць. Часам, каб дасягнуць найбольшай выразнасьці здымку, першы плян падлогі пасыпаўся пяском або лісьцем.“

(Ракіцкі:) “І каго з майстроў такога пляну вы маглі б назваць?”

(Харэўскі:) Перадусім, гэта -- Рыгор Міранскі. Ён -- таленавіты фатограф, уладальнік фотаатэлье ў цэнтры Менску і прафэсійны работнік пажарнай службы. Яшчэ ў 1908 годзе ён зрабіў фота сям’і Івана Пуліхава, таго самага, які быў павешаны ў 1905 годзе за замах на расейскага губэрнатара Курлова. Фатограф Міранскі быў рознабаковым майстрам і працаваў у розных жанрах. У 1904 годзе на мастацкай і прамысловай выставе ў Ліёне (Францыя) яго творы былі адзначаны вялікім сярэбраным мэдалём. А ў тым, што ён быў пажарным – нічога дзіўнага.У тыя часы служба ў гарадзкіх добраахвотных пажарных камандах лічылася справай ганаровай і не аплачвалася.”

(Ракіцкі:) “А ці прыбытковым быў занятак фатаграфіяй? Ці можна было пражыць зь яго пражыць?”

(Харэўскі:) “Занятак жа моднай тады фатаграфіяй даваў хоць невялікі, але сталы прыбытак. Дарэчы, прыклад Міранскага не адзінкавы. Так, Майсей Анефатэр трымаў фотаатэлье ў Менску і па сумяшчальніцтву служыў другім памочнікам старшыні атрада лазуноў Вольна-Пажарнага Таварыства, а Гірш Блюмін трымаў фотаатэлье і служыў памочнікам старшыні атрада лазуноў Вольна-Пажарнага Таварыства ў Рэчыцы. Вось так!”

(Ракіцкі:) “Цікава, а як склаліся лёсы гэтых людзей?”

(Харэўскі:) “Напрыклад, пра Міранскага апошнія зьвесткі мы сустракаем у справаздачы аб сьвяткаваньні 50-годзьдзя Менскай гарадзкой пажарнай каманды ў 1926 годзе. У артыкуле, што быў зьмешчаны ў газэце “Звезда”, што выходзіла тады па-расейску, паведамляецца, што за шматгадовую і сумленную службу памочнік старшыні каманды Рыгор Абрамавіч Міранскі ўзнагароджваецца срэбранай пажарнай каскай і яму прысвойваецца ганаровае званьне "Герой працы". Невядома, дзе і калі ён вучыўся мастацтву фатаграфіі, але ў 1896 годзе разам з кампаньёнам Абрамам Левінманам атрымлівае дазвол менскага губэрнатара на адкрыцьцё ўласнай фатаграфічнай установы. 3 выпадкова адшуканых анкетных зьвестак ведама, што мешчанін Рэжыцкага павету Віцебскай губэрні Гершэн Абрамаў Міранскі, юдэйскага веравызнаньня, нарадзіўся 25 лютага 1875 года. Атрымліваецца, што ён дажыў сама меней да 51 году, а што было далей — не вядома... Верагодна, ён быў рэпрэсаваны. Як, напрыклад, славуты наш фатограф Леон Дашкевіч.”

(Ракіцкі:) “Мы пакуль яшчэ ня згадвалі ў нашай размове гэтага імя. Гэта таксама фатограф зь Менску?”

(Харэўскі:) “Гэта быў карэнны мянчук, легендарная постаць — фотамастак, вучоны, вынаходнік, публіцыст, пэдагог! У 1906-11 гадох Леон Дашкевіч вучыўся ў Францыі -- на філялёгіі ўнівэрсітэту ў Дыжоне. Адначасна займаўся на фатаграфічным аддзяленьні Вышэйшай школы графічных мастацтваў у Парыжы. У 1911-20 гадох жыў у Закаўказьзі, працаваў выкладчыкам у тамтэйшых гімназіях. Нават служыў дзяржаўным фатографам ураду Азэрбайджанскай рэспублікі. У канцы траўня 1920-га вярнуўся ў Менск. Чытаў курсы лекцыяў усясьветнай літаратуры і фатаграфіі ў Менскім інстытуце народнай адукацыі, выкладаў францускую мову ў Беларускім політэхнічным інстытуце. Працаваў у Навукова-тэрміналягічнай камісіі Наркамасьветы БССР. Удзельнічаў у этнаграфічных экспэдыцыях ў Ігуменскім і Барысаўскім паветах. У 1923-24 гадох -- навуковы фатограф на мэдычным факультэце БДУ. Удзельнічаў у Першай Усебеларускай выставе краязнаўчых фатаграфіяў і замалёвак, у выставе ў Дрэздэне. Арыштаваны ГПУ ў 1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пасьля быў вызвалены, пасьля зноў арыштаваны. У часе вайны падаўся ў эвакуацыю. У верасьні 1944-га вярнуўся ў Менск. Ціха і незаўважна працаваў да сьмерці ў мэдыцынскіх інстытутах. Толькі ў ХХІ стагодзьдзі адмыслоўцы і публіка дазналіся, што гэта быў выбітны фатограф зь вялізарным творчым даробкам.”

(Ракіцкі:) “Мы адшукваем забытыя здымкі і адначасна вяртаем нашчадкам біяграфіі саміх мастакоў...”

(Харэўскі:) “Так і ёсьць. Зусім малавядомая й беларуская фатаграфія пачатку ХІХ— першай паловы ХХ стагодзьдзя, з краявідамі Яна Булгака, жанравымі й партрэтнымі фатаздымкамі Карла Буллы з Магілёва, які, дарэчы, багата здымаў апошнюю імпэратарскую сям’ю Расеі, з надзвычай прыгожымі пэйзажнымі стэрэафатаграфіямі Фёдара Ястрэмскага з Заслаўя. Пра апошняга мы толькі тое і ведаем, што ён жыў напрыканцы ХІХ стагодзьдзя. Забытыя таксама партрэтныя й жанравыя творы фатографа з Давыд-Гарадку Міхала Зубея, чыя творчая спадчына таксама вялізарная, сапраўдная энцыкляпэдыя родных мясьцінаў. Бадай, па ўсім краі сярод пажоўклых дакумэнтаў, абразкоў і выцінак са старых газэтаў можна адшукаць сотні тысячаў старасьвецкіх фота. Зь іх на нас глядзяць нашыя прадзеды, дзяды, крэўныя й далёкія сваякі. З пачуцьцём упэўненасьці ў сабе і ў сваіх блізкіх. Хрэсьбіны, праца, сьвяты... Цалкам годнае чалавечае жыцьцё паўстае ў тых фота, дзе ёсьць месца й песьні й жальбе, але няма месца адчаю.»

(Ракіцкі:) “У многіх эўрапейскіх краінах мастацтва фатаграіі вельмі папулярнае. Выдаюцца манаграфіі па яе гісторыі, паліцы кнігарняў поўняцца шыкоўнымі альбомамі фотамастакоў, рэгулярна ладзяцца выставы. І яны выклікаюць цікавасьць у публікі. Чаму ў Беларусі гэта ня стала традыцыяй культурнага жыцьця?”

(Харэўскі:) “Нешта ўсё ж засталося! Уся гісторыя ўсясьветнай фатаграфіі пайшла б іншым шляхам, каб не вынаходніцтва беларуса Зыгмунта Юркоўскага. Фтаграфічныя шторныя затворы тыпу першай мадэлі Юркоўскага адразу ж, у 1880-я гады пачалі выпускаць у Ангельшчыне, пасьля ў Нямеччыне, вядомай фірмаю Герц. Гэтым вынаходніцтвам карыстаўся ўвесь сьвет да зьяўленьня лічбавага фота. Чаму належным чынам не ацэненыя нашы фотамастакі? За савецкім часам фатографам не давяралі. Не давяраюць і сёньня, бо фатограф заўжды апынецца бязьлітасным да любога фальшу. А вялікія беларускія традыцыі сёньняшні рэжым вытоптвае сьвядома. Але марна... бо з аднаго нэгатыву можна зрабіць хоць мільён адбіткаў. Сярэбранае сьвятло, літаральна сярэбранае, на фотастужцы — вечнае! Таму стварэньне ў нас належных музэяў фатаграфіі, адмысловых галерэяў і часопісаў — толькі пытаньне часу і... дэмакратыі. І тады фотамастацтва будзе адным з самых выбітных беларускіх брэндаў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG