Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія законы будзе разглядаць Палата прадстаўнікоў


Уладзімер Глод, Менск Дэпутатам рада палаты прапанавала ўключыць у парадак дня сэсіі 41 пытаньне. 18 законапраектаў будуць разглядацца ў другім і, гэта значыць, канчатковым чытаньні, 20 - у першым. Апрача таго дэпутаты маюць намер разгледзіць тры прэзыдэнцкія дэкрэты, каб надаць ім сілу закону.

Ужо сёньня, калі дэпутаты зацьвердзяць той парадак працы, які ім прапануюць, самым першым яны пачнуць разглядаць законапраект "Аб вышэйшай адукацыі". Што тут адметнага? Адпаведны праект закону ўжо быў падрыхтаваны. І ён набліжае вышэйшую адукацыю ў Беларусі да эўрапейскага ўзроўню.

Прыкладам, дакумэнт афіцыйна ўводзіць у сыстэму вышэйшай адукацыі Беларусі магістраў і бакаляўраў. Аднак два месяцы таму на паседжаньні ў дзейнага кіраўніка дзяржавы гэты законапраект быў жорстка ім раскрытыкаваны. Спадар Лукашэнка тады казаў, што ў Беларусі засталася добрая савецкая сыстэма вышэйшай адукацыі, што не патрэбна ва ўсім раўняцца на заходнія стандарты. Вось сёньня і будзе бачна, як Палата адрэагавала на тую крытыку.

І яшчэ сьледам за гэтым дакумэнтам, так бы мовіць, у адзінай зь ім зьвязцы, ідуць папраўкі да некаторых законаў, якія прадугледжваюць больш жорсткае, чым раней, пакараньне для тых выпускнікоў вышэйшых навучальных установаў, якія не прыбылі на месца іх разьмеркаваньня.

З разьгляданых законапраектаў варта адзначыць законапраект "Аб зацьверджаньні "Асноўных напрамкаў унутранай і замежнай палітыкі Беларусі". Перадусім такі закон за той час, калі Беларусь стала прэзыдэнцкай краінай, яшчэ не прымаўся. Па-другое, у яго цікавая гісторыя. Сярод мноства законапраектаў узгаданы вылучаецца тым, што пры першым чытаньні існавалі аж два варыянты дакумэнта - адзін падрыхтаваў Савет Міністраў, другі - група дэпутатаў. Зьяўленьне альтэрнатыўнага варыянту для цяперашняга беларускага парлямэнту - рэч даволі рэдкая. І законапраект "Аб зацьверджаньні асноўных накірункаў унутранай і замежнай палітыкі Беларусі", пра які мы вядзем гаворку, быў падрыхтаваны яшчэ парлямэнтарамі папярэдняга скліканьня. У той палаце была такая дэпутацкая група - СЭР (Спрыяньне эканамічнаму разьвіцьцю). І тады 9 дэпутатаў з гэтай групы, сярод якіх, прыкладам, былі Кірыл Халопік, Уладзімер Лукашэвіч, Андрэй Нарэйка, падрыхтавалі свой варыянт закону.

Але ў першым чытаньні дакумэнты разглядалі ўжо цяперашнія дэпутаты. Галасаваньне адбылося 20 сьнежня 2004 году. 92 дэпутаты падтрымалі ўрадавы варыянт. Вось ён і будзе разгледжаны ў другім чытаньні. Плянуецца, што гэта адбудзецца 5 кастрычніка.

У чым асноўныя адрозьненьні двух дакумэнтаў? Што тычыцца ўнутранай палітыкі, дык ва ўрадавым варыянце галоўным вызначалася пабудова сацыяльна-арыентаванай рынкавай эканомікі. Тут на першым месцы сацыяльныя аспэкты. У дэпутацкім варыянце было менш пра сацыяльнае, а больш пра рынкавае.

З тых 9-ці дэпутатаў, якія прапанавалі альтэрнатыўны варыянт, тры - Вольга Абрамава, Ганна Бурава ды Сьвятлана Гіль, яны ўваходзяць і ў цяперашнюю палату. І спадарыня Бурава, зь якой я размаўляў у пятніцу, сказала мне, што значную частку канцэптуальных прапаноў свайго варыянту яны ўнесьлі ва ўрадавы варыянт праз механізм паправак да законапраекту:

(Бурава: ) "Мне хацелася, каб вы пра гэта сказалі. Чаму? Напрыклад, пра разьвіцьцё прадпрымальніцтва і малога бізнэсу першапачаткова ўзгадвалі толькі ў разьдзеле пра рэгіянальную палітыку Асноўных напрамкаў разьвіцьця краіны. А мы настаялі, каб гэтае палажэньне ўвайшло ў агульную канву Асноўных напрамкаў. З нашай ініцыятывы зьявіліся асобныя разьдзелы альбо былі пашыраныя - аб падаткавай, крэдытна-грашовай палітыцы... Шмат чаго было прынята".

Рабочая група, якая рыхтуе законапраект да другога чытаньня, не падтрымала пяць паправак Вольгі Абрамавай і Ганны Буравай. Прынамсі, гэта тычыцца падыходаў да датацыі сельскай гаспадаркі, некаторых іншых аспэктаў. І вось што кажа з гэтай нагоды дэпутатка Бурава:

(Бурава: ) "Напрыклад, стратэгічнай мэтай унутранай палітыкі Рэспублікі Беларусь зьяўляецца фармаваньне, і далей напісана, "эфэктыўнай сацыяльна-арыентаванай рынкавай эканомікі". А мы прапануем напісаць фармаваньне "сацыяльна-арыентаванай КАНКУРЭНТАЗДОЛЬНАЙ рынкавай эканомікі".

(Карсэпандэнт: ) "А чым для вас так важна слова "канкурэнтаздольнай"?

(Бурава:) "Мы лічым, што ў нашым варыянце больш падкрэсьліваецца рынкавая арыентаванасьць эканомікі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG