Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ваколіцах Бярозы ўрачыста адчыненыя нямецкія вайсковы могілкі


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць Упершыню ў Беларусі зьявілася добраўпарадкаваная тэрыторыя, дзе афіцыйна пахаваныя парэшткі нямецкіх жаўнераў, што ваявалі у часе другой сусьветнай вайны.

Паводле рашэньня мясцовых уладаў, месцам для пахаваньня нямецкіх жаўнераў быў абраны зямельны ўчастак каля вёскі Сігневічы, гэта прыблізна за восем кілямэтраў ад раённага цэнтру Бяроза на Берасьцейшчыне. Агульная тэрыторыя могілак складае чатыры гектары і, як лічаць адмыслоўцы, тут могуць быць пахаваныя парэшткі 50 тысячаў чалавек. У часе жалобнай цырымоніі 1 кастрычніка былі перазахаваныя парэшткі некалькіх соцень жаўнераў.

Спэцыялісты таксама кажуць, што месца абрана невыпадкова, бо да яго вельмі зручна дабірацца. Зусім побач знаходзіцца аўтамагістраль, так званая алімпійская шаша – зь Берасьця на Маскву. Гэта павінна спрыяць таму, каб мэмарыял наведвалі ня толькі родныя і сваякі загінулых, але і турыстычныя групы зь Нямеччыны. Амбасадар гэтай краіны ў Беларусі Марцін Хэкер падкрэсьліў яшчэ адну асаблівасьць могілак каля Бярозы: тут будуць сабраныя парэшткі загінулых нямецкіх жаўнераў з усёй Беларусі. Паводле спадара Хэкера, такога яшчэ няма ані ў воднай краіне былога Савецкага Саюзу.

Да нядаўняга часу усе спробы ўпарадкаваць могілкі нямецкіх жаўнераў звычайна выклікалі супраціў сярод мясцовага насельніцтва ў розных рэгіёнах Беларусі, асабліва вэтэранаў. Пра рэакцыю сваіх землякоў на будаўніцтва нямецкіх вайсковых могілак распавядае жыхарка Бярозы Тамара Шчапёткіна.

(Шчапёткіна:) “Насельніцтва, хто ведае, хто ня ведае – яму ўсё роўна. Пратэстаў не было”

Прычыну такой абыякавасьці мясцовыя жыхары тлумачаць тым, што да ідэі стварэньня мэмарыялу даволі прыхільна паставіліся бярозаўскія ўлады. Яны здолелі пераканаць вэтэранаў, што пратэставаць ня варта, бо нямецкі бок абяцаў дапамогу ў вырашэньні сацыяльных праблемаў рэгіёну. У прыватнасьці, напярэдадні адкрыцьця могілак была падараваная машына “хуткай дапамогі”.

У часе дробраўпарадкаваньня тэрыторыі раённыя чыноўнікі ня толькі дазволі адчыніць на месцы будаўніцтва могілак летнік для валанцёраў з Нямеччыны, але і прыслалі ім на дапамогу бярозаўскіх актывістаў БРСМ. Адзін з удзельнікаў гэтага летніку Мікалай Сінкевіч распавёў, якім чынам знойдзеныя парэшткі жаўнэраў рыхтавалі да перазахаваньня.

(Сінкевіч: ) “Зразумела, там мала што захавалася. У іх такія труны, можна казаць сымбалічныя, сантымэтраў 50 ў дліну. Калі раскопваюць магілу, тое што знаходзяць зьмяшчаюць па трунах у цэляфанавых пакунках і закалачваюць”.

На ўрачыстасьцях у Бярозе прысутнічаў кіраўнік Народнага Саюзу Нямеччыны па даглядзе за вайсковымі могілкамі Райнхард Фюрэр. Менавіта гэтая арганізацыя фінансавала будаўніцтва могілак. Спадар Фюрэр выказаў спадзяваньне, што ў справе добраўпарадкаванья такіх тэрыторыяў і надалей можна будзе разьлічваць на падтрымку беларускіх уладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG