Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ташкенце пачаўся суд над 15 удзельнікамі падзеяў у Андыжане


Юры Дракахруст, Прага Сёньня ў Ташкенце распачаўся судовы працэс над 15 мужчынамі, якіх абвінавачваюць у арганізацыі травеньскіх забурэньняў у Андыжане. Афіцыйная вэрсія тых падзеяў “крывавай пятніцы” і зьвесткі незалежных крыніцаў істотна розьняцца – улады гавораць пра 187 загіблых, пераважна чыноўнікаў і салдатаў, праваабаронцы заяўляюць, што у Андыжане былі забітыя сотні невінаватых цывільных людзей.

15 чалавек, якія сядзяць у мэталічнай клетцы ў Вярхоўным судзе Ўзбэкістану, сёньня выслухалі абвінавачваньні ў шматлікіх злачынствах – тэрарызьме, забойстве, захопе закладнікаў.

Крытыкі гавораць, што наўрад ці працэс будзе спрыяць высьвятленьню сапраўдных абставінаў крывавых падзеяў у Андыжане. На думку праваабаронцаў, улады шырока ўжывалі прымушэньне да фальшывых прызнаньняў і запалохваньне тых, хто спрабаваў казаць праўду. Гаворыць прадстаўніца арганізацыі "Amnesty International" Мэйзі Вэйшэрынг.

(Вэйшэрынг: ) "Тыя журналісты, якія здолелі патрапіць у Андыжан, не маглі ні ў кога ўзяць інтэрвію. Улады папярэдзілі мясцовых жыхароў, што калі яны будуць размаўляць з журналістамі, ім давядзецца расплачвацца за гэта".

Нагадаем, падзеі ў Андыжане пачаліся з пратэстаў супраць суду над 23 мясцовымі бізнэсмэнамі, актывістамі рэлігійнай арганізацыі. Узброеныя людзі занялі турмы, вызвалілі сотні вязьняў, у тым ліку і асуджаных бізнэсмэнаў. Потым удзельнікі акцыі пратэсту занялі будынак мясцовай адміністрацыі, узяўшы ў закладнікі некалькі міліцыянэраў і чыноўнікаў. Да пратэсту далучыліся сотні простых людзей, якія патрабавалі паляпшэньня ўмоваў жыцьця. Увечары 13 траўня у горад былі ўведзеныя сілы бясьпекі, які пачалі страляць у людзей.

Гаворыць сьведка падзеяў, супрацоўніца інстытуту вайны й міру Галіна Букарбаева:

(Букарбаева: ) "У першай партыі было два ці тры БТРы. Я не магу сказаць дакладна, бо я бегла разам з натоўпам. Але літаральна праз 5 хвілін падышлі яшчэ БТРы, і яны пачалі страляць нам у сьпіну. І гэтыя кулі сьвісталі вакол мяне. Гэта было жудасна".

Праваабаронцы сьцьвярджаюць, што тады ўрадавыя салдаты забілі сотні нявінных людзей, якія выказвалі мірны пратэст. Паводле афіцыйных дадзеных, загінула 187 чалавек, пераважна салдатаў і чыноўнікаў. Генэральны пракурор Узбэкістану Анвар Набіеў заявіў на мінулым тыдні:

(Набіеў: ) "Тэракты ў Андыжане былі дэталёва сплянаванай, і арганізаванай вонкавымі дэструктыўнымі сіламі акцыяй супраць незалежнай палітыкі Ўзбэкістану, яго нацыянальных інтарэсаў, скіраванай на зьмену існага канстытуцыйнага ладу і стварэньне ісламскай дзяржавы, якая б цалкам адпавядала іх геапалітычным інтарэсам".

Аднак праваабаронцы цьвердзяць, што мала хто ведае, што насамрэч адбылося ў траўні ў Андыжане. Улады адмовіліся ад правядзеньня незалежнага расьсьледаваньня. Паводле праваабарончай арганізацыі "Human Rights Watch", удзельнікі тых выступленьняў патрапілі за краты ці зьбеглі з краіны, больш за 400 чалавек знайшлі прытулак у суседнім Кіргізстане адразу пасьля травеньскіх падзеяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG