Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандбол, баскетбол, валейбол: ліст спартоўцаў да прэзыдэнта


Ігар Карней, Менск Вядомыя беларускія спартоўцы й трэнэры – прадстаўнікі гандболу, баскетболу і валейболу – зьвярнуліся з адкрытым лістом да прэзыдэнта краіны і Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандра Лукашэнкі. Спэцыялісты канстатуюць: спартовыя дысцыпліны, якія колісь прыносілі Беларусі славу на міжнароднай арэне, трапілі ў безвыходную сытуацыю, і можна ставіць пытаньне ўвогуле аб мэтазгоднасьці культываваньня гэтых гульнявых відаў у Беларусі.

Спартовых спэцыялістаў непакоіць, што зварот пойдзе гуляць па інстанцыях і эфэкт ад ліста можна будзе параўнаць з крыкам адзінокага ў пустыні. Але што прымусіла кансалідавацца прадстаўнікоў розных відаў спорту? Становішча, якое склалася ў гандболе, баскетболе і валейболе, трэнэры і гульцы называюць выключна як “надзвычайнае”.

Вось невялікі ўрывак з ліста. “Беларускія клюбы, якія некалі былі сур’ёзнай перашкодаю нават для прызнаных аўтарытэтаў, сёньня граюць ролю аўтсайдэраў, масоўкі, абыграванай заходнімі клюбамі на адной назе. Глядзець на гэта нам, прафэсіяналам, балюча і горка, але зьмяніць сытуацыю ў адзіночку мы ня здатныя”, – рэзюмуюць падпісанты, сярод якіх такія прызнаныя аўтарытэты, як Спартак Мірановіч, Канстанцін Шаравараў, Аляксандар Каршакевіч, Леанід Бразінскі, Уладзімер Чарноў, Андрэй Парашчанка.

У аднаго з падпісантаў, трэнэра баскетбольнай мужчынскай зборнай Беларусі Канстанціна Шараверы, наўпрост пытаюся: досыць жорсткі ліст – гэта вынік адчаю?

(Шаравера: ) “Выходзіць, што так. Разумееце, прыкра на ўсё гэта глядзець. Як трэнэру зборнай даводзіцца езьдзіць на міжнародныя турніры. Прыяжджаеш на адзін, другі, трэці, і бачыш, як імкліва той жа баскетбол ідзе наперад! А мы засталіся на месцы. Стан сапраўды крытычны! Што ўжо казаць, калі адбору да чэмпіянату Эўропы мы трэці ўжо год не гуляем у Менску, ня можам згуляць, ня можам правесьці нармальную гульню”.

Самы вядомы беларускі гандбольны трэнэр, які неаднаразова прыводзіў да чэмпіёнскіх тытулаў менскі клюб “СКА”, Спартак Мірановіч гэтаксама не саромеецца ў выказваньнях на адрас спартовага кіраўніцтва краіны:

(Мірановіч: ) “У нас паступова ўсё развальваецца і развальваецца. Гульцы альбо ад’яжджаюць, альбо кідаюць гуляць увогуле, усё згортваецца. Таму хацелася б, каб і на нас крыху зьвярнулі ўвагу. Увогуле да спорту, па праўдзе кажучы, увага ёсьць, але асобна да гульнявых відаў гэтага не назіраецца. Так, яны ў пэўным сэнсе грувасткія, дарагія для дзяржавы. Але гэта сытуацыя ня сёньняшняга дня, даўно стала зразумела, што да спартовых гульняў увагі проста няма – ні на ўзроўні дзяржавы, ні на ўзроўні галіновага міністэрства. Таму ўвагі большай хацелася б”.

Апроч крытыкі, у падпісантаў ёсьць і прапановы, як можна выцягнуць гэтыя віды спорту з крызісу. Напрыклад, прапанова ўвесьці падатковыя льготы для клюбаў, бальшыню зь якіх ужо можна лічыць банкрутамі. Патэнцыйныя спонсары камандаў баяцца рэклямавацца, бо ўжо назаўтра можа прыйсьці фінансавая інспэкцыя і пацікавіцца, адкуль сродкі на мэцэнацтва. Як апавёў уладальнік Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў у гандболе Андрэй Парашчанка, для стварэньня гандбольнага клюбу даволі паловы бюджэту хакейнай каманды чэмпіянату Беларусі.

Цяперашняя сытуацыя катастрафічная. Калі дагэтуль у жаночым гандбольным чэмпіянаце гуляла 10 камандаў, то цяпер – толькі палова ад той колькасьці. Яшчэ горшае становішча ў жаночым баскетболе, дзе ва ўнутраным чэмпіянаце толькі чатыры каманды. Ніводная зь іх нават не падавала заяўкі на ўдзел у эўракубках, бо ня мае адпаведных умоваў для правядзеньня матчаў.

У Спартака Мірановіча я спытаўся, ці можна ўсё ж лічыць сытуацыю ў гандболе крыху лепшай за сытуацыю ў валейболе ці баскетболе?

(Мірановіч: ) “Ды аднолькавая сытуацыя – ні заляў, ні пляцовак, нічога няма, гэта адназначна”.

Пытаньне спартовай базы – адно з самых праблемных. Як кажуць спартовыя спэцыялісты, за мяжой звычайныя школы маюць залі лепшыя, чым галоўныя спартовыя арэны Беларусі. Як удакладняе Канстанцін Шаравера, сытуацыя ў тым жа баскетболе выглядае нелягічнай хоць бы таму, што ў суседняй Літве баскетбол – спорт нумар адзін. Безь цяжкасьцяў можна было б пераняць досьвед суседзяў.

(Шаравера: ) “Калі мы хочам зрабіць сур’ёзныя клюбы, то спартовыя базы неабходна будаваць у першую чаргу. А ў нас, апроч політэхнічнай акадэміі, у горадзе фактычна больш няма дзе трэнавацца. А там нават для гледачоў месца не прадугледжана. Залі павінны быць спэцыялізаваныя! І я мяркую, што гэта ня вельмі вялікія выдаткі. Таму 2 – 3 залі на тысячаў пяць гледачоў у горадзе павінны быць абавязкова. Для таго, каб узьнік моцны клюб, усё павінна быць у спалучэньні: каб пры клюбе была заля, каб была дзіцячая школа, каб усё найлепшае перадавалася наступнаму пакаленьню гульцоў. Неабходна стварыць структуру, пачынаючы ад малых і канчаючы дарослай камандаю”.

Ва ўмовах заняпаду ў Беларусі асобных гульнявых відаў спорту спэцыялісты канстатуюць імклівы ад’езд беларускіх спартоўцаў за мяжу. Ужо 17 – 18-гадовых юнакоў, якія паказваюць добрую гульню, запрашаюць у замежныя каманды. Як апавядае спадар Шаравера, расейскія, нямецкія, польскія “сэлекцыянэры” асабліва не цырымоняцца. Даходзіць да таго, што спартоўцаў даслоўна “крадуць” яшчэ да таго, як іх пасьпявае “загуляць” беларуская зборная.

Паводле Беларускай фэдэрацыі гандболу, за апошні час пяць гандбалістаў прынялі расейскае грамадзянства, а адзін з найлепшых гандбалістаў сьвету Сяргей Рутэнка стаў славенцам і нават тэарэтычнай магчымасьці яго вяртаньня ў Беларусь не існуе.

Усе гэтыя праблемы якраз і прымусілі выдатных прадстаўнікоў гандболу, валейболу і баскетболу накіраваць ліст да Аляксандра Лукашэнкі з просьбаю паспрыяць у вырашэньні крызіснай сытуацыі. Тым больш, што досьвед вырашэньня падобных задачаў у асобных гульнявых дысцыплінах – перадусім у хакеі і часткова ў футболе – ужо ёсьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG