Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе ў Менску манумэнт удзельнікам падзеяў 17 верасьня 1939 году?


Ігар Карней, Менск У Менску адбылося паседжаньне круглага стала “Вызвольны паход Чырвонай арміі ў верасьні 1939 году”. Круглы стол быў прымеркаваны да 66-ай гадавіны ўводу савецкіх войскаў у Заходнюю Беларусь. Удзельнікі абмеркаваньня вінавацілі сёньняшнія ўлады Польшчы ў спробах “новага падзелу” Беларусі. Незалежныя гісторыкі ў сваю чаргу лічаць, што антыпольская лінія падчас круглага стала была галоўнай.

У Менску адбылося паседжаньне круглага стала “Вызвольны паход Чырвонай арміі ў верасьні 1939 году”. Круглы стол быў прымеркаваны да 66-ай гадавіны ўводу савецкіх войскаў у Заходнюю Беларусь. Удзельнікі абмеркаваньня вінавацілі сёньняшнія ўлады Польшчы ў спробах “новага падзелу” Беларусі. Незалежныя гісторыкі ў сваю чаргу лічаць, што антыпольская лінія падчас круглага стала была галоўнай.

Актам “кансалідацыі і вялікай гістарычнай справядлівасьці” назваў падзеі 17 верасьня 1939 году дацэнт Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту Іван Палуян:

(Палуян: ) “Гэты акт тэрытарыяльна-этнічнага ўзьяднаньня, кансалідацыі нашай рэспублікі стаўся справаю вялікай гістарычнай справядлівасьці. Аднак існуюць спробы паказаць гэтую падзею як акт агрэсіі, падзелу Рэчы Паспалітай. У Польшчы ня толькі ў асяродку нацыяналістычных рухаў, але і ва ўладных структурах мацнее жаданьне вывернуць існасьць падзеі, падаць яе актам парушэньня гістарычнай справядлівасьці. Пры гэтым яны забываюцца, што менавіта палякі ў 1920 годзе з дапамогаю Антанты захапілі нашыя землі, разарваўшы на кавалкі наш народ, кінуўшы яго на 20-гадовае гібеньне ва ўмовах жорсткага сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту”.

На пытаньне, чаму савецкія войскі перайшлі польскую мяжу без афіцыйнага абвяшчэньня вайны, прафэсар Палуян адказаў, што ў Польшчы на той час ужо не было каму абвяшчаць вайну: урад краіны, кінуўшы народ, уцёк у Вялікабрытанію. Начальнік вайскова-навуковага ўпраўленьня Ўзброеных сілаў Аляксандар Самовіч скарыстаўся яшчэ адным аргумэнтам. Паводле яго словаў, рашэньне ўвесьці войскі было прынятае, каб выправіць гістарычную несправядлівасьць.

(Самовіч: ) “Савецкі ўрад прыняў рашэньне ўзяць пад абарону жыцьцё, маёмасьць грамадзянаў заходніх частак Беларусі і Ўкраіны, тым самым выправіўшы гістарычную несправядлівасьць, якая з шэрагу прычынаў была замацаваная Рыскай мірнай дамовай 1921 году. Працягвалася савецка-польская вайна, і выхад з ваеннага становішча бачыўся толькі ў замацаваньні несправядлівага кантролю Польшчы над Заходняй Беларусьсю. І менавіта з мэтай не дапусьціць агрэсіўны фашысцкі блёк да межаў савецкай Беларусі было прынятае рашэньне аб уступленьні ў дзеяньне сілавога кампанэнту – Чырвонай арміі”.

Паказальна, што спэцыялісты зь іншым поглядам на падзеі 17 верасьня 1939 году за круглы стол запрошаныя не былі. Гісторык Ігар Кузьняцоў такую выбарнасьць тлумачыць так:

(Кузьняцоў: ) “Гэта нават ня круглая дата, а нашая прапаганда пачынае праводзіць паралелі паміж Польшчай узору 1939-га і цяперашняй. Гэта цалкам штучная прывязка. Тут, хутчэй, інфармацыйная нагода, каб яшчэ раз пнуць суседнюю краіну. Чаму не запрасілі да размовы тых, хто падзеі 1939 году ацэньвае інакш? Не, зноў сабралася кола, якое адназначна трактуе паход Чырвонай арміі як “вызвольны”. Але ўжо даказана: існавала дамова двух дыктатарскіх рэжымаў, а вызваленьне несла страты насельніцтву заходніх абласьцей, якія замест вызваленьня атрымалі савецкае нявольніцтва. А тое, што Савецкі Саюз выступіў у ролі агрэсара ў адносінах да Польшчы, цалкам выключаецца з савецкай і сучаснай беларускай гістарыяграфіі”.

Праўда, крытыка гучала падчас круглага стала і на адрас афіцыйных уладаў. Так, прафэсар Палуян абураўся: памяць чырвонаармейцаў, якія загінулі ў Заходняй Беларусі, ушанаваная недастаткова. У зьвязку з гэтым палітоляг патрабаваў пабудаваць манумэнт удзельнікам паходу 17 верасьня, а таксама назваць адпаведным імем адзін з цэнтральных праспэктаў. На рэмарку, што ўсе праспэкты рашэньнем прэзыдэнта ўжо перайменаваныя, прафэсар не адрэагаваў.

Яшчэ адзін удзельнік круглага стала, намесьнік дырэктара НДІ тэорыі і практыкі Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнту Леў Крыштаповіч выказаўся за тое, каб абвясьціць 17 верасьня дзяржаўным сьвятам – прычым адным з галоўных. “І няма чаго баяцца рэакцыі суседзяў”, – зрабіўшы яшчэ адзін папрок на адрас Польшчы, рэзюмаваў спадар Крыштаповіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG