Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падрабязнасьці моўнай дыскусіі ў Эўрапарлямэнце


Юры Дракахруст, Прага Падчас дыскусіі ў Эўрапарлямэнце 14 верасьня эстонскі дэпутат, намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Эўрапарлямэнту Тоомас Гендрык Ілвэс заявіў, што менавіта нацыянальныя, а не расейская, мовы былі маторам дэмакратычных пераменаў ва Ўсходняй Эўропе. Ён зьвярнуўся да нацыянальнай сьвядомасьці малых заходнеэўрапейскіх нацыяў.

(Ілвэс: ) “Уявіце сабе, што ў гэтым парлямэнце мы б сказалі: “Ну, усе славакі разумеюць чэскую, усе датчане разумеюць швэдзкую, усе партугальцы разумеюць гішпанскую, усе галяндцы разумеюць нямецкую?” Якой была б рэакцыя на такія заявы? Мы зразумела можам сказаць, што “Усе беларусы разумеюць расейскую,” але што гэта азначае для людзей, да якіх мы зьвяртаемся?”

Шэраг заходнеэўрапейскіх дэпутатаў падчас дыскусіі выказвалі меркаваньне, што больш чым 60% грамадзянаў Беларусі лічаць сябе этнічнымі расейцамі. Даведка: Падчас перапісу 1999 году больш за 81% насельніцтва назвалі сябе беларусамі, а расейцамі – крыху больш за 11%. Пры гэтым 74% грамадзянаў, у тым ліку 86% беларусаў, назвалі сваёй роднай мовай беларускую. Расейскую роднай назвалі 24% ўсяго насельніцтва. Разам з тым 37% ад ўсіх грамадзянаў паведамілі, што дома размаўляюць пераважна па-беларуску, а 63% заявілі, што дома пераважна размаўляюць па-расейску

Падчас дыскусіі выказвалася меркаваньне, што 2 мільёны эўра, якія мяркуецца выдаткаваць на праект вяшчаньня на Беларусь – занадта малая сума, што прапанаваная Эўракамісыяй стратэгія выключае з працэсу паўмільёна этнічных беларусаў, якія жывуць у Польшчы, і шматлікія беларускія грамады ў краінах Балтыі, якія маглі б зьвяртацца праз новае радыё да Беларусі.

Шэраг эўрадэпутатаў рэзка скрытыкавалі правілы Эўракамісіі, паводле якіх ажыцьцяўленьне дапамогі тым ці іншым краінам патрабуе згоды іх ўрадаў. Эдвард Макмілан Скот – прадстаўнік брытанскіх кансэрватараў, быў адным з тых, хто заявіў, што павінна быць створаная структура, каб фінансаваць арганізацыі, якія рэжым Лукашэнкі лічыць незаконнымі.

(Макмілан: ) “Праграма ТАСІС павінна быць дапоўненая іншым фондам, які б быў кіраваным і фінансаваўся Эўракамісіяй пры дапамозе невялікай колькасьці зацікаўленых дзяржаваў-сябраў. Гэты фонд дзейнічаў бы па-за межамі жорсткіх правілаў Эўракамісіі. Мэтай такога фонду была б хуткая і гнуткая падтрымка беларускіх дэмакратычных сілаў і няўрадавых арганізацыяў па-за межамі правілаў Эўразьвязу і часам насуперак законам гэтай краіны.

На пасяджэньні Эўрапарлямэнту прысутнічаў прадстаўнік Эўракамісіі Гьюс Мінгарэлі. Выступіўшы пасьля спрэчак, ён абараняў прапанову Эўракамісіі і запэўніў прысутных у намеры Камісіі спрыяць дэмакратычным пераменам у Беларусі. Разам з тым ён ня стаў адказваць падрабязна на крытыку моўнага выбару Эўракамісіі, сказаўшы толькі: Фактам з’яўляецца тое, што сёньня у Беларусі больш людзей гавораць па-расейску, чым па-беларуску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG