Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставяцца ў Гомелі да ўкраінскага ўрадавага крызысу?


Казімір Яноўскі, Гомель Большасьць гамельчукоў, з кім давялося гутарыць, ня лічаць, што адстаўка ўраду Юліі Цімашэнкі азначае канец аранжавай, ці як кажуць ва Ўкраіне, памаранчавай рэвалюцыі.

Гаворыць сацыёляг Анатоль Касьяненка:

(Касьяненка :) “Гэта не канец памаранчавай рэвалюцыі. Калі мы паглядзім на вытокі памаранчавай рэвалюцыі, то перш за ўсё яна мела характар народнага пратэсту. Але гэты пратэст, інтарэсы народу здолелі выкарыстаць пэўныя эканамічныя ды палітычныя групы ўкраінскага грамадзтва”.

Паводле спадара Касьяненкі, які, дарэчы, мае ва Ўкраіне сваякоў і няблага ведае тамтэйшую сытуацыю, Віктар Юшчанка, адправіўшы ўрад Юліі Цімашэнкі ў адстаўку, паступіў як дальнабачны палітык. Ён улічыў некаторыя расчараваньні ўкраінцаў, выкліканыя дзеяньнямі ўраду Цімашэнкі, а заадно засьведчыў, што не забыўся, дзеля чаго людзі выходзілі ў Кіеве на Майдан.

Вось меркаваньне гомельскага актывіста Андрэя Толчына, сьведкі леташніх падзеяў ва Ўкраіне:

(Толчын:) “Калі я быў у Кіеве на Майдане падчас памаранчавай рэвалюцыі, там стаялі простыя людзі і спадзяваліся на лепшую будучыню. І Юшчанка гэта гарантаваў. Цяпер, калі ідзе практычная работа, і ён бачыць, што ў камандзе няма згоды і зьмяняе яе - дрэннага тут нічога няма. Пэўна, прэзыдэнт бачыць, што задачы, якія людзі ставілі на Майдане, на што спадзяваліся, каманда ня вырашыць. Зьмена ў такім разе – добрая дэмакратычная працэдура”.

Нягледзячы на адстаўку Юліі Цімашэнкі, ролю яе ў памаранчавай рэвалюцыі нельга пераацаніць:

(Касьяненка :) “Яна сфармавала вобраз нацыянальнай жанчыны-гераіні, украінкі-вызваліцелькі – моцнай, гаспадарлівай жанчыны, якая і ў сям’і справіцца, і ў агародзе, і ў кабінэце міністраў можа справіцца”. Рэальнасьць жа, як бачым, аказалася больш складанай матэрыяй.

Жывучы ў Гомелі, можна штодня назіраць, як разьвіваюцца стасункі паміж беларусамі і ўкраінцамі – на побытавым і афіцыйным узроўнях. Адразу пасьля перамогі памаранчавай рэвалюцыі зьмяніўся настрой ў людзей. Яны ганарыліся перамогаю, сталі пачуваць сябе агульнай нацыяй, агульным цэлым.

Калі ўрад Цімашэнкі падвысіў пэнсіі, дапамогі мацяркам на дзяцей, украінцы меркавалі, што гэта першыя станоўчыя вынікі памаранчавай рэвалюцыі. Пачуцьцё гонару за сваю прыналежнасьць да ўкраінскай нацыі, Украіны ня зьнікла і цяпер. Але апошнім часам людзі сталі казаць пра паўзучы рост коштаў на паліва, харчы, прамысловыя вырабы.

Літаральна ўчора жанчына з Чарнігаву выказвала мне занепакоенасьць тым, што хутка кошты ва Ўкраіне зраўняюцца з беларускімі. Аднак я ня чуў, каб украінцы выказвалі шкадаваньне з нагоды абраньня Віктара Юшчанкі прэзыдэнтам. Людзі падтрымліваюць яго, спачуваюць, ухваляюць рашэньне накіраваць ўрад Юліі Цімашэнкі ў адстаўку:

(Спадарыня Вера з Днепрапятроўску :) “Я лічу, правільна, таму што яны займаліся толькі сваімі праблемамі. Ні пэнсіянэры, ні дзяржбюджэтнікі – яны нікому былі не патрэбнымі. Ім трэба было забраць у аднаго і аддаць другому. Хіба ж гэта правільна? На Майдане крычалі: народ, мы – за вас, вы - за нас! Зрабілі рэвалюцыю на Майдане, а цяпер яе робіць кожны для сябе”.

Што да афіцыйных стасункаў, то заўважу: тавараабарот між Беларусьсю і Украінай сёлета падвысіўся. Прынамсі, за 8 месяцаў. Пачасьціліся візыты ўкраінскіх камуністаў у памежныя беларускія раёны. Падчас паездак яны хваляць мінулыя савецкія часы і беларускага лідэра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG