Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзякуючы палітвязьню, у калёніі запрацавала бібліятэка


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Івацэвіцкай калёніі №22 адкрылася бібліятэка, стварэньне якой ініцыяваў вязень калёніі, лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі. Цяпер у бібліятэчным фондзе каля тысячы кніг, часопісаў і газэт, якія дасылалі людзі з самых розных куткоў Беларусі. Аднак ня ўсё з прапанаванай літаратуры прайшло турэмную цэнзуру.

Дзяжурны Івацэвіцкай калёніі пацьвердзіў, што ў калёніі пачала працаваць бібліятэка. Днямі яе афіцыйна зарэгістравалі і адкрылі для наведваньня вязьням і супрацоўнікам калёніі.

Змаганьне Валера Леванеўскага за стварэньне бібліятэкі пачалося на пачатку 2005 году. Найбольш складана было атрымаць дазвол адміністрацыі й памяшканьне. Потым Валер Леванеўскі накіраваў з калёніі дзясяткі лістоў з просьбай дасылаць кнігі. Пасылкі ішлі і працягваюць ісьці з усёй Беларусі. Шмат кніг у бібліятэку даслалі актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі, зазначыў сын вязьня Ўладзімер Леванеўскі. Паводле яго, сьпіс атрыманых калёніяй кніг падрабязна вывучае адміністрацыя. Вось як, паводле малодшага Леванеўскага, дзейнічае турэмная цэнзура:

(Уладзімер Леванеўскі: ) “Калі я перадаваў кнігі, мне абвясьцілі, што калі там будуць забароненыя кнігі, іх не перададуць у бібліятэку. І мне дакладна вядомы адзін такі выпадак. Не прынялі маленькай кнігі, у якой была надрукаваная мапа сьвету”.

Як ужо ведае Ўладзімер Леванеўскі, у турэмнай бібліятэцы існуе забарона на кнігі, якія ўтрымліваюць мапы, пляны мясцовасьці, а таксама апісаньні тэхналёгіі вырабу зброі, выбуховых рэчываў і прыстасаваньняў. Што да палітычнай цэнзуры, Уладзімер спрабаваў перадаць бацьку латыскія газэты на расейскай мове, у якіх зьмешчаныя крытычныя артыкулы пра палітычны стан у Беларусі.

(Уладзімер Леванеўскі: ) “Мне сказалі наступнае: “Калі гэтыя газэты афіцыйна дазваляюць прадаваць у шапіках Беларусі , то перадамо, калі не — дык трэбы будзе іх вярнуць вам”.

Ад сям’і Леванеўскіх у бібліятэку Івацэвіцкай калёніі Ўладзімер перадаў падручнікі ангельскай мовы і юрыдычную літаратуру. Паводле словаў ягонага бацькі, гэтыя кнігі найбольш карысныя для самаадукацыі вязьняў.

Апошні раз сын Леванеўскага Ўладзімер сустракаўся з бацькам у калёніі на мінулым тыдні. Разам зь ім у калёнію прыяжджаў Аляксандар Васільеў, гарадзенскі прадпрымальнік, паплечнік Леванеўскага ў страйкаме прадпрымальнікаў — ён нядаўна вызваліўся з аршанскай калёніі, дзе адбыў год. Я спытаўся ў Аляксандра Васільева, якая мастацкая літаратура найбольш папулярная ў вязьняў. Аляксандар Васільеў згадаў раман Рэмарка “На заходнім фронце бязь зьменаў”.

(Васільеў: ) “Вязьні шмат чыталі менавіта гэтую кнігу, і я таксама яе чытаў. Там апісваюцца франтавыя ўмовы, якія вязьням падаюцца падобнымі на турэмныя. Той жа тлум, які спараджае ўнутраныя канфлікты. Турма, як і вайна, для людзей і трагедыя, і вялікае выпрабаваньне”.

Аляксандар Васільеў спрабуе стварыць грамадзкую арганізацыю дзеля дапамогі вязьням беларускіх турмаў. Паводле яго, неадкладна трэба паляпшаць побытавыя ўмовы і мэдычную дапамогу асуджаным. Дарэчы, Аляксандар Васільеў перакананы, што сярод беларускіх вязьняў “палітычных” значна больш, чым прынята лічыць.

(Васільеў: ) “У турмах шмат людзей, якія там нібыта паводле гаспадарчых справаў, а насамрэч за тое, што выказалі незадаволенасьць. Гэта дайшло наверх, і іх з рознымі падставамі туды пасадзілі. Прычым, людзі атрымліваюць вялікія тэрміны — як найменш 6, 10, а то й 12 гадоў. Там шмат добрых людзей”.

* * *

Валер Леванеўскі і Аляксандар Васільеў летась былі асуджаныя на два гады зьняволеньня за паклёп на прэзыдэнта. Суд убачыў паклёп ва ўлётцы, якую распаўсюдзілі прадпрымальнікі напярэдадні мітынгу. У ёй было сказана: “Прыйдзі і скажы, што ты супраць таго, каб нехта за твой кошт езьдзіў у Аўстрыю адпачываць, катацца на лыжах, жыць у сваё задавальненьне”. Аляксандар Васільеў ужо выйшаў на волю паводле амністыі, да Валера Леванеўскага амністыя не была ўжытая. Улады патлумачылі гэта парушэньнямі турэмнай дысцыпліны. Між тым, сам Леванеўскі заяўляе, што зь ім паквіталіся за ягоную актыўнасьць у барацьбе за правы вязьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG