Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Цэнтравыбаркам не плянуе правядзеньня другога туру прэзыдэнцкіх выбараў?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 31 жніўня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфэр і кіраўнік выбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты Мілінкевіча — Віктар Карняенка.

(Валер Карбалевіч: ) “У інтэрвію газэце “Звязда” спадарыня Ярмошына акрэсьліла некаторыя падыходы ўладаў да прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Так, у паасобку, названа прыкладная дата правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў — 16 ліпеня. Да гэтай даты павінен быць прывязаны ўвесь графік перадвыбарчай кампаніі. Хачу нагадаць, што прэзыдэнцкія выбары 1994 году адбыліся 23 чэрвеня (першы тур) і 10 ліпеня (другі тур).

Адштурхоўваючыся ад гэтай даты — 16 ліпеня, калі, паводле Закону, мусяць пачацца перадвыбарчая кампанія, рэгістрацыя ініцыятыўных груп, збор подпісаў? І ці зручны гэта час збору подпісаў, напрыклад, для апазыцыі?

(Сяргей Альфэр: ) “Калі зыходзіць зь дзейнага Выбарчага кодэксу, то выбары павінны быць прызначаны не пазьней, чым за пяць месяцаў да заканчэньня паўнамоцваў прэзыдэнта, і праведзены не пазьней, чым за два месяцы да гэтай даты. Лукашэнка заняў сваю пасаду 20 верасьня 2001 году. Таму выбары павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2006 году. Выбары ў нас адбываюцца, як правіла, у нядзелю (па Законе — у выходныя). Таму пазьней за 16 ліпеня выбары ня могуць адбыцца. Гэтым і кіравалася старшыня Цэнтравыбаркаму Ярмошына, калі аб’яўляла 16 ліпеня датай выбараў.

Выбарчая кампанія афіцыйна пачынаецца з моманту аб’яўленьня выбараў Палатай прадстаўнікоў — не пазьней, чым за пяць месяцаў да заканчэньня паўнамоцтваў дзейнага прэзыдэнта й не пазьней, як за тры месяцы да выбараў. Такім чынам, выбарчая кампанія мусіць быць распачата не пазьней за 20 красавіка.

А далей даецца пяць дзён на камплектаваньне ініцыятыўных груп. І не пазьней, чым за 75 дзён да выбараў, пачынаецца збор подпісаў. Калі палічыць, то высьвятляецца, што зьбіраць подпісы давядзецца ў траўні”.

(Карбалевіч: ) “Ці спрыяльны для апазыцыі гэты графік перадвыбарчай кампаніі? З гледзішча эфэктыўнасьці — месяц травень добры, ці дрэнны? Альбо гэта ўвогуле ня мае ніякага значэньня? Як паўплывае на збор подпісаў дачны сэзон?”

(Віктар Карняенка: ) “Безумоўна, месяц збору подпісаў мае пэўнае значэньне. Але ў апазыцыі ёсьць досьвед дзейнасьці ў любы пэрыяд. Зразумела, склалася свая спэцыфіка працы з рознымі групамі насельніцтва. Напрыклад, са студэнтамі будзе цяжэй працаваць у гэты час. Але гэта не фатальна для апазыцыі.

Апазыцыя павінна распрацоўваць свой плян, зыходзячы з вызначанай даты выбараў. Нейкая пэўнасьць з датай мне падаецца нават станоўчым чыньнікам. Можа, апазыцыя хутчэй скончыць унутраную дзейнасьць, працу над умацаваньнем кааліцыйнай бюракратыі, надбудовы, — і пачне працу непасрэдна з насельніцтвам.

Тут прыгадвалася, што ў 1994 годзе праводзіліся выбары ў чэрвені-ліпені. Тады актыўнасьць выбаршчыкаў была высокай, быў спрыяльны для выбараў грамадзка-палітычны фон. І сёньняшняя задача апазыцыі — ствараць сабе такі спрыяльны фон”.

(Альфэр: ) “У нас дачны сэзон на працягу васьмі месяцаў у годзе. Як паказвае досьвед правядзеньня выбарчай кампаніі, — для нас гэта не істотна. На справе збору подпісаў гэта наагул не адбіваецца.

Што ж да актыўнасьці людзей, дык, незалежна ад дачнага сэзону, выбары зьяўляюцца каталізатарам, які палярызуе грамадзтва. Таму людзі будуць дастаткова актыўнымі”.

(Карбалевіч: ) “Калі паглядзець на дату выбараў з электаральнай пазыцыі, — каму больш выгоднае правядзеньне іх у сярэдзіне лета: Лукашэнку ці апазыцыі? Каму больш выгодная сытуацыя, што, да прыкладу, студэнты разьедуцца на вакацыі й ня будуць галасаваць на месцах вучобы?”

(Карняенка: ) “Гэтае пытаньне рытарычнае. Ініцыятыва ў вызначэньні даты належыць не апазыцыі. Таму, безумоўна, гэта больш выгодна ўладзе. Яна прыстасоўвае дату выбараў да сваіх інтарэсаў — напрыклад, улічвае сацыяльна-эканамічныя чыньнікі. Лета — неацяпляльны сэзон, а таму адносна невысокія камунальныя выплаты. І студэнты, да таго ж, апынуцца не ў гарадох.

Што тычыцца дачнікаў. Ёсьць досьвед збору подпісаў на лецішчах. Безумоўна, гэта пэўная перашкода для апазыцыі — на асфальце камунікавацца куды зручней. Але апазыцыі трэба распрацоўваць свой плян дзеяньняў. Незалежна ад таго, каму гэта выгодней”.

(Альфэр: ) “3 ліпеня сьвята — Дзень Рэспублікі, і яго, пэўне ж, мерацца гучна адзначыць — будуць лётаць самалёты ды інш. Улады й СМІ давядуць, як цудоўна мы жывём у нашай цудоўнай краіне. А студэнты тым часам будуць галасаваць па месцы пражываньня, адасоблена адзін ад другога, — гэтак выбарчым камісіям бясьпечней.

Але ж мы разумеем умоўнасьць самой працэдуры выбараў. Сапраўдных выбараў ня будзе. Можа быць аб’яўлена, што прагаласавала 103%. Апазыцыя зыходзіць з таго, што лёс выбараў вырашаецца не на выбарчых участках, дзе ўлады ўсё кантралююць, а на вуліцах. І з гэтага гледзішча лета — дастаткова спрыяльны час для апазыцыі”.

(Карбалевіч: ) “Хачу дадаць, што ўлетку электарат апазыцыі зьмяншаецца, частка яго з’яжджае адпачываць да мора. А электарат Лукашэнкі застаецца нязьменным — ён нікуды ня едзе. Аднак жа ці будзе мець значэньне тое, як выбаршчыкі стануць галасаваць?

Паводле Канстытуцыі й Выбарчага кодэксу, выбары мусяць адбыцца да 20 ліпеня. Лідзія Ярмошына адзначыла, што выбары, напэўна, пройдуць 16 ліпеня. Фактычна, часу на другі тур не застаецца. Старшыня Цэнтравыбаркаму так і сказала: “Думаю, што другі тур наўрад ці спатрэбіцца”. То бок, улады нават не спрабуюць прытрымлівацца нейкіх дэмакратычных нормаў і правіл.

У інтэрвію Ярмошынай маецца яшчэ адзін сюжэт, які сьведчыць не пра нэўтральнасьць старшыні Цэнтравыбаркаму, а наадварот, — пра ейную заангажаванасьць у каманду Лукашэнкі. Яна сказала: “Пасьля выбараў 2001 году на наступную раніцу рэакцыя многіх грамадзян была такая: вынікі выбараў можна параўнаць з Днём Перамогі. Гэта была сапраўдная народная радасьць”. Гэтую рэпліку можна ацаніць як агітацыю за аднаго з кандыдатаў. Чаму ўлады нават не спрабуюць гуляць у дэмакратыю, а, наадварот, дэманструюць фармальнасьць гэтых выбараў?”

(Карняенка: ) “Спадарыня Ярмошына — не выпадковы чалавек у камандзе Лукашэнкі. Таму ейная заангажаванасьць, зацікаўленасьць на карысьць Лукашэнкі відавочныя. У яе ёсьць вялікі досьвед правядзеньня выбарчых кампаній, вынікі якіх не прызнаны ўсясьветнай дэмакратычнай супольнасьцю.

Праблема ўлады палягае ў тым, што, чым далей, тым фальсыфікацыі належыць рабіць больш маштабнымі й непрыстойнымі. Нядаўна былі абнародаваны дадзеныя сацыялягічных апытаньняў Інстытуту Гелапа, паводле якіх, цяпер рэйтынг Лукашэнкі — 38%. А за альтэрнатыўнага кандыдата гатовы галасаваць амаль 50% насельніцтва.

Таму выпрабаваныя некалькімі выбарчымі кампаніямі выбарчыя камісіі пройдуць яшчэ фільтрацыю, чыстку. Напрыклад, у горадзе Фаніпалі на апошнім рэфэрэндуме Лукашэнка не перамог. Таму быў зьменены старшыня гарвыканкаму. Гэтак улады рыхтуюцца, і фальсыфікацыі будуць мець масавы характар.

Мой суразмоўца выказаў спадзяваньне на вуліцу. Але, адрозна ад яго, я лічу, што ўлетку вулічная актыўнасьць грамадзян значна ніжэйшая, чым увесну ці ўвосень. Гэта таксама, хутчэй за ўсё, улічвалася ўладамі пры вызначэньні даты выбараў”.

(Карбалевіч: ) “Але прызначэньне такой даты, якая пакідала б месца для другога туру, ніяк ня можа перашкодзіць фальсыфікацыям. Затое ж гэта стварала б дэмакратычны фасад — у тым ліку, і для замежных назіральнікаў. А ўлады робяць брутальныя рэчы, адкрыта заяўляючы, што другога туру ня будзе, і тым самым дэманструючы непатрэбнасьць гульні ў дэмакратыю. Дзеля чаго ўчыняецца такая цынічная паказальнасьць фармальнасьці выбараў?”

(Карняенка: ) “Тут, напэўна, справа ў характары Лукашэнкі. Яму абавязкова трэба выйграваць, што называецца, “са сьвістам”. Перамога з 51-м адсоткам яго ня можа задаволіць”.

(Альфэр: ) “Тут ёсьць фармальна-юрыдычнае пытаньне. Усё залежыць ад таго, як і якія юрысты будуць камэнтаваць Выбарчы кодэкс. Гэтую сытуацыю можна трактаваць і так: другі тур, маўляў, можна правесьці й пазьней. Падобнае меркаваньне выкарыстоўвалася падчас папярэдніх выбарчых кампаній.

Але пытаньне паўстае не ў фармальна-юрыдычнай, а ў практычнай (ці — палітычнай) плашчыні. Таму што з 1999 году ніводныя выбары не былі праведзены ў нас адкрыта й справядліва — усе былі сфальсыфікаваны.

З іншага боку, я згодзен са спадаром Карняенкам, што Лукашэнку патрэбна гучная перамога. Калі ён атрымоўвае менш за 75%, — дык жа тады ён не “ўсенародна выбраны”. Таму зразумела, што пры аб’яўленых выніках — з 75% — прызначаць другі тур выбараў няма сэнсу. Гэтым і тлумачацца адпаведныя заявы спадарыні Ярмошынай.

Сёньня беларуская ўлада ўвогуле згубіла ўсялякае сумленьне — яна ня лічыцца з правамі людзей. А таму на адзін раз больш парушыць Закон, ці на адзін менш — якая ўжо розьніца?”

(Карбалевіч: ) “Цьверджаньне Ярмошынай пра выбары ў адзін тур, прадвызначанасьць іх выніку супадаюць з заявай Лукашэнкі пра ягоную ўпэўненасьць у перамозе. Гэтакім чынам улады хочуць закласьці ў грамадзкую сьвядомасьць пачуцьцё безальтэрнатыўнасьці, фатальнай наканаванасьці перамогі Лукашэнкі. Каб знэўтралізаваць усялякія памкненьні да зьменаў у краіне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG