Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтуюць новы пераклад кнігі Васіля Быкава на ўкраінскую мову


Валянціна Аксак, Менск Сёньня ў Менску ў чытальнай залі бібліятэкі Дому літаратара пройдзе прэзэнтацыя кнігі прыпавесьцяў Васіля Быкава ў перакладзе на ўкраінскую мову. Гэтая кніга пад назовам “Ходільці” (“Пахаджане”) выйшла ў Кіеве ў выдавецтве “Факт”. На ўкраінскую яе пераклаў папулярны ўкраінскі паэт, эсэіст і драматург Аляксандар Ірванец, удзел якога чакаецца ў сёньняшняй менскай прэзэнтацыі.

Кніга прыпавесьцяў Васіля Быкава “Пахаджане” ( у перакладзе на ўкраінскую “Ходільці”) выйшла ў Кіеве некалькі тыдняў таму і адразу займела папулярнасьць у чытачоў. Пасьля маштабных празаічных палотнаў, якія добра вядомыя ўкраінскай публіцы, пачынаючы ад “Трэцяй ракеты” і заканчваючы “Мёртвым не баліць”, гэтая кніга прывабіла нечаканымі, зусім новымі для знакамітага аўтара творамі.

“Пахаджане” – гэта дзевятая кніга Васіля Быкава па-украінску. Перад ёю – пасьля сямі аднатомнікаў аповясьцяў і раманаў – два гады таму ў Кіеве выйшла кніга быкаўскай публіцыстыкі “Крыжовы шлях”.

Перакладчык быкаўскіх прыпавесьцяў вядомы ўкраінскі пісьменьнік Аляксандар Ірванец гаворыць, што яго асабіста прывабілі гэтыя творы насьмешлівым стаўленьнем аўтара да беларускае сучаснасьці. За зьнешнім пэсымізмам прыпавесьцяў, кажа ён, хаваецца столькі іроніі і гумару, якія вельмі звабныя для цяперашняга, асабліва маладога ўкраінскага чытача. Сам жа Аляксандар Ірванец уважліва сочыць за падзеямі ў Беларусі і таксама з гумарам на іх адгукаецца. І зараз я прапаную нашым слухачам паслухаць верш, на які натніла Ірванца беларуская рэчаіснасьць.

“…Ты бегаў у Маскву параіцца, Як размаўляць цяпер са мною, Павінен мець і заяц радасьць Перад халоднаю вайною…”

Прэзэнтацыя кнігі Васіля Быкава “Пахаджане”, якая ў перакладзе Аляксандра Ірванца на ўкраінскую выйшла ў Кіеве, адбудзецца сёньня ў чытальнай залі бібліятэкі Дому літаратара. Пачатак а 16-й гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG