Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Кандыдатуры дэлегатаў на зьезд Саюзу палякаў нам назваў ідэалягічны работнік райвыканкаму...”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Якім стане Саюз палякаў Беларусі пасьля нядаўняга зьезду ў Ваўкавыску, у выніку якога ў гэтай арганізацыі зьявілася новае кіраўніцтва, падтрыманае беларускай уладай? Адказ на гэтае ды іншыя пытаньні можна прадбачыць, калі ведаць, якім чынам адбываліся вылучэньне й выбары дэлегатаў на гэты зьезд. Наша слухачка Яўгенія Стужыньская зь Нясьвіжу ў лісьце на Свабоду падрабязна распавяла пра тое, як выбіралі дэлегатаў у іхнай мясцовасьці.

“Першы раз у прызначаны тэрмін сход не адбыўся. Многія палякі палічылі, што паўторна вылучаць дэлегатаў неабавязкова. Іншыя вырашылі, дбаючы пра пасады, не псаваць адносін зь мясцовымі ўладамі. Тады на дапамогу быў пакліканы мясцовы сьвятар з фарнага касьцёлу ў Нясьвіжы, які заклікаў парафіянаў на сход. У выніку ў Доме польскім сабралася чалавек сорак — пераважна жанчыны сталага ўзросту зь Нясьвіжу й навакольных вёсак.

На сход прыйшлі й прадстаўнікі ўлады — адказны за ідэалёгію зь мясцовага райвыканкаму Карнюшкін і прадстаўнік зь Менску, з Камітэту ў справах рэлігій. Усю ініцыятыву адразу ўзяў на сябе ідэалягічны начальнік. Не зважаючы на статут арганізацыі, ён стаў старшынём сходу. Шмат гаварыў пра тое, як улада нібыта клапоціцца пра Саюз палякаў. А канфлікт, паводле яго, — гэта справа рук Захаду, перадвыбарчыя інтрыгі, умяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі. Было шмат абяцаньняў, а на заканчэньне ідэоляг заклікаў усіх да згоды. Але якая згода? У нашай мясцовасьці ніхто й не спрачаўся. Не было ніякага канфлікту.

На сходзе нікому не дазволена было выступіць. Ідэалягічны работнік сам прапанаваў кандыдатуры дэлегатаў на зьезд, і адразу заклікаў галасаваць. Як заўсёды, усе моўчкі ўзьнялі рукі. Відавочна, пастаўленую задачу ідэалягічны работнік выканаў, і на гэтым сход быў завершаны”.

Далей спадарыня Стужыньская зь Нясьвіжу разважае пра тое, чаму так адбылося.

“Папросту гаворачы, людзям наплявалі ў душу, каб зрабіць сваю чорную справу. Гэта была карыкатура на сход. Людзі не маглі выступіць адкрыта, бо ўсе, нават пэнсіянэры, разумеюць: сёньня ты будзеш пярэчыць — а заўтра ўзьнікнуць праблемы на працы (не ў цябе, дык у тваіх дзяцей ці ўнукаў). Цяпер ужо відочна, што службы Лукашэнкі будуць імкнуцца ўключыць у праўленьне падкантрольнага Саюзу палякаў сваіх агентаў, а тыя паробяцца самымі радыкальнымі, пачнуць дзейнічаць паводле клясычных прыкладаў правакацый”, — такую выснову напрыканцы ліста робіць Яўгенія Стужыньская зь Нясьвіжу.

Дарэчы, слухачка напісала нам да таго, як у мінулую суботу адбыўся зьезд Саюзу палякаў у Ваўкавыску. Цяпер ужо вынік вядомы: кіраўнікамі Саюзу сталі асобы, якія цалкам задавальняюць уладу. Але адначасова гэта сталася фактам адпрэчаньня таго Саюзу палякаў, які існаваў дагэтуль і які фінансаваўся пераважна за кошт бюджэту польскай дзяржавы. Польскія школы, культурна-адукацыйныя цэнтры, праграмы навучаньня ў Польшчы, грузы гуманітарнай дапамогі — усё гэта ажыцьцяўлялася ў межах маштабных праектаў дапамогі суайчыньнікам, якія распрацоўваюцца й фінансуюцца афіцыйнай Варшавай. Польскае кіраўніцтва ваўкавыскі зьезд і абраных на ім лідэраў не прызнала, і ўжо заявіла, што спыніць усялякае фінансаваньне.

Новы, праўладны, Саюз палякаў зможа існаваць толькі ў тым выпадку, калі яго будзе фінансаваць беларуская дзяржава. Але пры гэтым ужо вядома: Варшава ня спыніць падтрымкі польскай меншасьці, толькі паступаць усё з-а мяжы мае цяпер праз іншыя каналы. Такім чынам, у Беларусі будуць існаваць фактычна дзьве арганізацыі беларускіх палякаў.

Наш даўні сябар — настаўнік-пэнсіянэр Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну ў новым лісьце на Свабоду спрабуе адказаць на пытаньне: ці варта дэмакратычным сілам удзельнічаць у наступных прэзыдэнцкіх выбарах. Слухач піша:

“Зусім зразумела, што пры дзейным Выбарчым кодэксе справядлівыя выбары немагчымыя. А таму ў такі адказны лёсавызначальны момант усім нацыянальна сьвядомым беларусам неабходна аб’яднацца й адкрыта заявіць перад міжнароднай супольнасьцю: калі Выбарчы кодэкс ня будзе зьменены ў бок дэмакратызацыі, то дэмакратычная апазыцыя ні ў якіх выбарах ды рэфэрэндумах удзельнічаць ня будзе. Калі гэтага не зрабіць, то правядзеньне Кангрэсу дэмакратычных сілаў ды вылучэньне адзінага кандыдата ад апазыцыі губляюць усялякі разважны сэнс. А як лічыце Вы, паважаны Валянцін?” Дэмакратычныя лідэры, якія рыхтуюць Кангрэс, ніякіх ілюзіяў адносна прэзыдэнцкіх выбараў 2006-га году ня маюць, спадар Ляскоўскі. І выбарчую сыстэму, і адпрацаваную ўладай тэхналёгію галасаваньня ўсе ацэньваюць прыблізна гэтак жа, як і Вы. Але выбарчая кампанія — зручны момант, каб прыцягнуць да гэтай праблемы грамадзкую ўвагу, каб выкарыстаць новыя магчымасьці дзеля сваіх палітыкаў, якіх грамадзяне Беларусі ва ўмовах татальнага кантролю дзяржавы над мэдыямі мала ведаюць. Відавочна, таму большасьць дэмакратычнай апазыцыі й ня схільна да байкоту прэзыдэнцкіх выбараў (прынамсі, на гэтым этапе).

Тацяна Барэль з Асіповіч у лісьце на Свабоду апісала вандроўку па беларускім Паазер’і.

“Наш шлях ляжаў праз Глыбокае, Мосар, Полацак да Браслаўскіх азёр. І ўсюды на гэтай дарозе — спакутаваная зямля: разбураныя гарадзішчы, шматкроць спаленыя гарады й вёскі (адроджаныя ці зьніклыя назаўжды). І магілы, магілы… І ўсё ж, насуперак усім ворагам маёй зямлі, Беларусь жыве! Пацьвярджэньне — адноўлены Мосар з цудоўным ляндшафтным паркам. Тут усё заклікае: “Стварайце — і вы будзеце жыць!”

На жаль, ня ўсім людзям уласьціва жаданьне жыць так, каб было добра й радасна іншым. Па Браслаўскіх азёрах баліць мне сэрца. Цывілізацыя няўхільна зьнішчае іх. Браканьерства й бескантрольны лоў рыбы спусташаюць азёры. Паўсюль па берагох вырастаюць катэджы новых беларусаў. Ад жыхароў Браслава пачула, што вельмі забруджана возера Навята: няма кантролю за гарадзкімі сьцёкамі. Нярэдка ўбачыш на беразе кучы сьмецьця. На самым беразе Снудаў, каля чысьцюткай вады, — машыны аўтатурыстаў. Тут варта задумацца: ці трэба пускаць вандалаў у створаны самім Богам храм? Ці пачакаць, пакуль выхавае іх цывілізаваны Захад? Можна ж было б укласьці грошы ў экалягічны турызм (конны ці лодачны). І, канечне, патрэбен строгі кантроль за будаўніцтвам, якое й так ужо сапсавала ляндшафты азёр”.

Наўрад ці, спадарыня Барэль, варта асабліва разьлічваць на тое, што кагосьці выхавае Захад, што людзі адумаюцца, паглядзяць на чужы досьвед і пачнуць шанаваць навакольнае асяродзьдзе. Гэтак жа нерэальна адгарадзіць азёры ад людзей, забараніць доступ да іх. У тых краінах, якія мы называем цывілізаванымі, эфэктным аказваецца іншы шлях. Як і ў іншых сфэрах чалавечай дзейнасьці, тут плён прыносіць асабістая зацікаўленасьць, матэрыяльны інтарэс. Так, у прыгожы азёрны край можна завабіць турыстаў — напрыклад, гэтак жа, як зрабілі палякі на сваіх Мазурах. Але для гэтага трэба мець сучасныя гатэлі, дарогі, кэмпінгі, кавярні…У прыватнага гаспадара гатэлю ня будзе сьмецьця на беразе, і ён не пацерпіць, каб хтосьці скідаў брудныя сьцёкі ў возера, якое яго корміць. Пра тое, што экалягічны турызм можа выратаваць гэты бедны рэгіён, у Беларусі цяпер шмат гавораць, у тым ліку, — і ўлады. Засталося дачакацца, пакуль гэтыя ж улады створаць прыватнаму капіталу такія ўмовы, каб ён не баяўся інвэставаць у беларускую турыстычную сфэру.

Наш даўні слухач Мікалай Волін зь Менску ліст напісаў пад уражаньнем выступаў прыхільнікаў Зянона Пазьняка, якія ён называе “агрэсіўнымі й паклёпніцкімі”. Мікалай Волін піша:

“Леў Талстой у свой час сказаў, што той, хто апраўдвае злачынства, сам становіцца суўдзельнікам гэтага злачынства. Пастаянная злосная прапаганда нянавісьці да Расеі й апраўданьне Пазьняком чачэнскіх тэрарыстаў прывялі да таго, што ў той час, калі цывілізаваны сьвет усьведамляе тэрарызм як чуму 21-га стагодзьдзя, у Беларусі прыхільнікі Пазьняка (і ня толькі яны) апраўдваюць чачэнскіх тэрарыстаў і нават забойства імі дзяцей у Бэслане. Гэта вельмі дзіўна: поўныя нянавісьці людзі, якія паклёпнічаюць на тых, хто зь імі ня згодны, і апраўдваюць забойствы невінаватых, пры гэтым лічаць сябе хрысьціянамі”.

Не прыгадваю, спадар Волін, каб Зянон Пазьняк ці іншыя актывісты ягонай партыі апраўдвалі забойства дзяцей у Бэслане альбо тэрарыстычныя атакі на невінаватых грамадзян. Іншая рэч, што кіраўнік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ адкрыта выступіў на абарону колішняга чачэнскага лідэра Джахара Дудаева й усіх чачэнцаў, якія ўдзельнічалі ў вайне з Расеяй. Але атаясамліваць тэрарыстаў і ўвесь рух чачэнскага супраціву не выпадае — гэта несправядліва й не адпавядае сапраўднасьці. Хоць такое атаясамленьне многім палітычным сілам і ў Расеі, і ў Беларусі выгоднае. Бо які цьвярозы разважлівы чалавек апраўдае тое, што ўчынілі злачынцы год таму зь дзецьмі ў Бэслане, — незалежна ад таго, якія мэты ставілі яны ці арганізатары гэтых злачынстваў?!

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду й нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG