Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некаторыя газэты, якія выкарыстоўвалі ў сваіх назвах словы “беларускі” і “нацыянальны”, могуць спыніць існаваньне


Ігар Карней, Менск Сёньня меўся быць апошні дзень, калі ў адпаведнасьці з указам Аляксандра Лукашэнкі, недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі маглі альбо зачыніцца, альбо атрымаць ад Міністэрства інфармацыі дазвол на дзейнасьць. Аднак Міністэрства інфармацыі працягнула тэрмін перарэгістрацыі да 5 верасьця. Як лічыць галоўны рэдактар “Белорусской деловой газеты” Пётар Марцаў, шанцы прайсьці перарэгістрацыю ня вельмі высокія. Нагадаем, што ў адпаведнасьці з прэзыдэнцкім указам ад 31 траўня неафіцыйныя мас-мэдыі павінны адмовіцца ад выкарыстаньня ў назвах слоў “беларускі” і “нацыянальны”.

Галоўны рэдактар “Белорусской деловой газеты” Пётар Марцаў сказаў, што калі сёньня ліцэнзія ня будзе атрыманая, у БДГ ня будзе іншых варыянтаў, як выходзіць у інтэрнэце. Але, прынамсі, спадар Марцаў у глыбіні душы яшчэ спадзяецца, што ад наступнага тыдня чытачы ўсё ж змогуць атрымліваць газэту з абноўленай назвай “БДГ. Деловая газета”. (Марцаў: ) “Дакумэнты падрыхтаваныя, завізаваныя ў Міністэрстве інфармацыі, указ прэзыдэнта і ўсе патрабаваньні выкананыя. Гарвыканкам усё ўзгадніў, юрыдычны адрас ёсьць, юраддзел Мінінфармацыі дакумэнты прыняў і сваё заключэньне паставіў, намесьніца міністра Ананіч дакумэнты падпісала. Усё ляжыць на стале ў міністра. І, тым ня меней, толькі дзьве газэты – “Белгазета” і “Белорусская Деловая газета” – чамусьці не перарэгіструюцца. Што цяпер? Газэты трэба альбо перарэгістраваць, альбо зачыніць. Але тады гэта будзе палітычнае закрыцьцё, што можна было зрабіць раней, проста ўзяць і зачыніць праз суды – за 2-3 папярэджаньні. Але ўстаноўка была адна – зрабіць, каб газэты самі збанкрутавалі, самі закрыліся і ўлады да гэтага ніякага дачыненьня быццам ня мелі”.

Я запытаўся ў спадара Марцава: тое, што Міністэрства цягне час і пакідае ў няведаньні супрацоўнікаў газэт літаральна да апошняга? – гэта своеасаблівы псыхалягічны прыём? (Марцаў: ) “Указ рыхтаваўся не дзеля таго, каб некалькі газэт прайшлі перарэгістрацыю. Указ ствараўся дзеля таго, каб пэўныя газэты не прайшлі перарэгістрацыю. Мала хто аналізаваў, але ў такія сьціслыя тэрміны яго выканаць вельмі цяжка. Ня толькі пасьведчаньне аб рэгістрацыі трэба атрымаць; неабходна маса ўзгадненьняў для юрыдычных асобаў, у Менгарвыканкаме пра юрыдычны адрас, атрымаць ліцэнзыю, узгадніць розьнічны гандаль. За кароткі прамежак часу, ды яшчэ летам, калі ўсе ў адпачынку, гэта вельмі складана зрабіць.Тым ня меней, усё зроблена, і толькі той, хто гэтым займаўся, разумее, як усё складана. Бо на любой стадыі можа быць дадзеная адмова. Гарвыканкам не ўзгадняе адрас, ня ўзгодняць назву прадпрыемства. І зразумела, што ўстаноўка была такая, каб газэты не змаглі выканаць гэты ўказ”.

Галоўны рэдактар БДГ Пётар Марцаў расказвае, што паралельна са зборам дакумэнтаў дзеля перарэгістрацыі даводзілася вытрымліваць прэс розных фіскальных службаў. (Марцаў: ) “Паралельна (у прыватнасьці, у БДГ) была падатковая праверка, працуе ўпраўленьне фінансавай міліцыі. Выстаўленыя вялікія штрафы. Адначасова разглядаюцца два судовыя пазовы. Адзін суд прайграны: рэдактару “Русской Америки” Мару выплачаны штраф, прычым, усе штрафы вялікія. Іншымі словамі, гэта комплексныя захады на ўдушэньне газэт. Паралельна Дзяржкантроль хадзіў па крамах і прымушаў ва ўльтыматыўным парадку скасоўваць дамовы з газэтамі.У выніку з 70 ганлдёвых кропак засталіся 11. Ніхто пра гэта асабліва не пісаў, але на самой справе ішла вайна не на жыцьцё, а на сьмерць. Зараз яна набліжаецца да канца і не вядома, хто яе выйграў ці прайграў”.

Пры канцы размовы з галоўным рэдактарам “Белорусской деловой газеты” Пятром Марцавым запытваю – як рэальна будуць разгортвацца падзеі, калі горшыя варыянты ўсё ж спраўдзяцца. (Марцаў: ) “Калі яе не перарэгіструюць, гэта азначае закрыцьцё газэты і прадпрыемства зоймецца нейкім іншым праектам. Хутчэй за ўсё, інтэрнэт-праектам. Прынамсі, у пятніцу з юрыдычнага аддзелу Міністэрства інфармацыі павінны затэлефанаваць і сказаць: прыйдзіце і забярыце пасьведчаньне. Ці – не затэлефанаваць”.

Нагадаем, што ўказам Аляксандра Лукашэнкі “Аб упарадкаваньні выкарыстаньня слоў “беларускі” і “нацыянальны” у назвах камэрцыйных і некамэрцыйных арганізацый”, падпісаным 31 траўня, больш за сорак недзяржаўных выданьняў вымушаныя былі распачаць працэдуру перарэгістрацыі ў Міністэрстве інфармацыі. Пакуль што ліцэнзію атрымалі толькі штотыднёвік “Беларускі рынак”, наступны нумар якога выйдзе ўжо пад шапкай “Беларусы і рынак”, а таксама “Нацыянальная эканамічная газэта”, якая, як і патрабаваў Лукашэнка, страціць у назове слова “нацыянальная”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG