Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для выбару адзінага кандыдата будзе створаная Палітычная рада


Альгерд Невяроўскі, Менск Удзельнікі Кансультацыйнай нарады дэмакратычных сілаў Беларусі маюць намер стварыць Палітычную раду, якая будзе кіраваць усім працэсам падрыхтоўкі й правядзеньня выбарчай кампаніі адзінага дэмакратычнага кандыдата ў прэзыдэнты. Праект гэтага палітычнага пагадненьня нарада дэмсілаў ухваліла 17 жніўня ў першым чытаньні. Канчатковы варыянт пагадненьня прадстаўнікі апазыцыі зьбіраюцца падпісаць праз тыдзень.

Удзельнікі Сталай кансультацыйнай нарады лічаць рашэньне пра стварэньне Палітычнай рады вельмі важным крокам на шляху кансалідацыі дэмакратычных сілаў перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2006 году. Гаворыць удзельнік нарады, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “Сёньня мы значна прасунуліся. Праз тыдзень, я думаю, будзе падпісана палітычнае пагадненьне. Гэта вельмі важны дакумэнт, які якраз і вызначае, як разьмяшчаюцца гарызантальныя структуры, як — вертыкальныя, якія ўзаемаадносіны паміж рознымі арганізацыямі. Хутчэй за ўсё, мы выходзім на варыянт стварэньня Палітычнай рады. Яна будзе кіраваць усім працэсам падрыхтоўкі да выбарчай кампаніі. Рада будзе зацьвярджаць — з прапановы адзінага кандыдата — штаб і склад Нацыянальнага камітэту, ці ценявага ўраду. І, відаць, у Палітычнай радзе будзе яшчэ прэзыдыюм — больш вузкае кола людзей, якія прымаюць палітычныя рашэньні”.

Я запытаў у спадара Лябедзькі, паводле якога крытэру будзе вызначацца склад Палітычнай рады й якія палітычныя ды грамадзкія суб’екты будуць у ёй прадстаўлены? (Лябедзька: ) “ Крытэр — у структуры павінны быць рэальныя мажлівасьці, рэальны рэсурс. Ці палітычны, ці матэрыяльны. Там не павінна быць арганізацыяў, якія нічога ня маюць, акрамя назвы. Там павінны быць дзелавыя, адказныя людзі, якія прыходзяць — і, калі прымаецца рашэньне ўсімі суб’ектамі, дык кожны ўкладае рэсурс у выкананьне прынятага рашэньня”.

Сталая нарада таксама абмяркоўвала пытаньне пра месца правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў, які мае адбыцца напрыканцы верасьня альбо ў пачатку кастрычніка. Ніводная з установаў культуры ў Беларусі, якая мае залю на 800 чалавек, не дала згоды на правядзеньне Кангрэсу. Няма пакуль адказу й ад Аляксандра Лукашэнкі, ад якога аргкамітэт Кангрэсу дэмсілаў патрабаваў дазволіць правядзеньне форуму на тэрыторыі Беларусі.

Удзельнікі Сталай кансультацыйнай нарады дэмсілаў лічаць, што мерапрыемства, на якім будзе вызначаны адзіны кандыдат, хутчэй за ўсё, давядзецца зладжваць у адной з суседніх краінаў.

Тым часам у Беларусі ўжо адбылося 97 раённных сходаў, у якіх брала ўдзел больш за 4000 чалавек. На іх было абрана 194 дэлегаты на Кангрэс дэмакратычных сілаў. Ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі абрана 47 дэлегатаў, ад партыі БНФ — 42, ад Партыі камуністаў — 28, ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада — 9, ад Партыі працы й Маладога фронту па 5, ад БСДП Народная грамада Міколы Статкевіча — 4, ад КХП БНФ — 2, ад БСДГ Станіслава Шушкевіча — 1 дэлегат. Яшчэ 51 дэлегат не належыць ні да якай партыі. Сходы па вылучэньні дэлегатаў будуць зарганізоўвацца да канца жніўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG